Галоўныя героі
Моладзеваму эксперыментальнаму тэатру “Люстэрка” ўжо 27 год, з іх 18 тэатр знаходзіцца пад крылом Дома культуры чыгуначнікаў, куды ў 1996 годзе на пасаду дырэктара прыйшоў рэжысёр тэатра Уладзімір Яшчук.
За гады існавання “Люстэрка” праз рэжысёрскую штудзіроўку прайшло шмат маладых, а то ўжо і не вельмі маладых актораў-аматараў, якіх ён часам, адчуваючы патрэбны тыпаж, знаходзіў проста на вуліцы. Было шмат і старшакласнікаў, якія хадзілі на заняткі да Яшчука, каб здабыць навыкі акторскай прафесіі – для паступлення ў тэатральную навучальную ўстанову. Гэта калі сцісла вымяраць 27 год людзьмі. А можна вымяраць спектаклямі і станоўчымі рэцэнзіямі на іх, і таксама знойдзецца што пералічыць.
Дык чаму тэатр з імем, гісторыяй і са званнем “народны” да выхаду ў летні адпачынак запрасіў сваіх гледачоў на паказ некакончанай рэчы, назваўшы гэты паказ “па ўсёй верагоднасці апошнім”? Пра гэта “БК” спытаў у рэжысёра Уладзіміра Яшчука, які з ходу адказаў, што новае кіраўніцтва Дома культуры чыгуначнікаў пагражае яму звальненнем.
Тут адразу варта патлумачыць, што пасля рэарганізацыі ў Брэсцкім аддзяленні Беларускай чыгункі Дом культуры перастаў функцыянаваць як асобная структурная адзінка. Цяпер ён уваходзіць у склад культурна-спартыўнага цэнтра, якім кіруе Віталь Дудар. Але вернемся пакуль да Яшчука.
Пазіцыя творчасці
БК: Уладзімір, калі і чаму, на ваш погляд, у тэатра пачаліся праблемы?
– Года паўтара таму, калі адбылася ўся гэтая рэарганізацыя, у нас памянялася кіраўніцтва. Новы дырэктар, які да гэтага працаваў эканамістам, вырашыў паставіць усё на платныя рэйкі. Гурткі і студыі сталі платнымі, хаця гэта нейкі двайны рэкет. Спачатку мы бярэм з дзяцей грошы за заняткі ў студыі, а пасля яшчэ даем платныя канцэрты і, атрымліваецца, выкарыстоўваем бясплатную працу выступоўцаў. Я заўсёды кажу, што трэба зарабляць на чымсьці адным – ці занятках, ці платных канцэртах.
Але наш тэатр мае званне “народны”, і заняткі ў такім тэатры не могуць быць платныя. Тады дырэктар паставіў нам іншую ўмову: каб мы самі запаўнялі залу на свае спектаклі, іначай тэатра не будзе. З гэтага і пачаліся канфлікты. На спектакль “Цягнік у вечнасць” мы скінуліся і самі выкупілі білеты – раздалі сябрам і родным, але мы не можам так рабіць заўсёды. На другі паказ гэтага спектакля мы білеты не выкупалі, і ў выніку прыйшло толькі 80 чалавек. Нас папракнулі: “Нікому вашая творчасць не патрэбная”. Але нельга ж усё вымяраць грашыма. Усе забываюцца пра тое выхаванне, якое атрымлівае чалавек у тэатральнай студыі.
БК: У вашы абавязкі не ўваходзіць запаўняць залу?
– Канешне, не. Вы скажыце хоць аднаму рэжысёру прафесійнага тэатра, што ён, акрамя пастановак, яшчэ павінен бегаць і ўсучваць білеты. Калі ж яму займацца творчасцю? Для арганізацыі продажу квіткоў у любой арганізацыі ёсць адміністратар. У нашым Доме культуры таксама ёсць, але ён займаецца нейкімі паперкамі ды кадравымі пытаннямі, каб зняць усю нагрузку з намесніка дырэктара.
БК: Як вашы калегі з ДК перажылі змену кіраўніцтва?
– На мой погляд, самыя творчыя людзі сышлі. Цяпер у нас у пашане кабінеты, а не людзі. Знік выдатны калектыў са званнем “народны” “Каралінка”, кіраўнік Іван Траццяк. Хутка закончыцца дамова з кіраўніком дзіцячай студыі выяўленчага мастацтва Тамарай Грыцук. Мне таксама некалькі разоў у загаднай форме казалі, каб я пісаў заяву на звальненне па ўласным жаданні. На што я адказаў: “Знайдзіце прычыну мяне звольніць”. Мне ж не столькі за сябе крыўдна – я без працы не застануся, — колькі за сваё дзецішча. Куды дзецца тэатру?
Нядаўна кіраўніцтва напісала мне паперку: “Рэжысёру Яшчуку прыбраць бардак з тэатральнага пакоя”. Я ім сказаў: “Хіба вы не ведаеце, што значыць слова бардак? Публічны дом. Але калі скажаце, куды прыбраць нашы дэкарацыі, то я прыбяру”. У выніку дэкарацыі аказаліся ў душным невентылюемым памяшканні пад сцэнай, дзе яны хутка пагніюць ці іх з’есць грыбок.
БК: Што вы плануеце рабіць? Будзеце пісаць заяву на звальненне, як вам прапануюць?
– Не буду, як і сказаў кіраўніцтву. Выйду з адпачынку і буду працаваць. А далей пабачым. Калі тэатр усё ж заб’юць – іначай як забойствам я гэта не называю, — то вынесу ўсе дэкарацыі і спалю перад Домам культуры, як раней савецкія салдаты палілі заводы, каб немцам не дасталіся. Я разумею, што гэта занадта рэзкае параўнанне, але хопіць жа рабіць вар’ятамі нармальных людзей! Хопіць прыніжаць іх праз іх жа працу.
Пазіцыя адміністрацыі
Мы звязаліся таксама і з другім бокам канфлікту – дырэктарам культурна-спартыўнага цэнтра Брэсцкага аддзялення чыгункі Віталем Дударам — і спыталі, як ён бачыць лёс тэатра “Люстэрка”.
БК: Віталь Анатольевіч, ці будзе далей працаваць эксперыментальны тэатр?
– Будзе, абавязкова будзе. Да тэатра я ўвогуле не маю ніякіх прэтэнзій. Моцныя акторы і людзі дастаткова добрыя. Але кіраўнік…
Усё пачалося з таго, што я прымусіў навесці парадак у тэатральным пакоі. Мы ўсё ж такі прадпрыемства. Ды і ўвогуле ўсюды павінен быць парадак. На што мне было сказана: “Я чалавек мастацтва і парадкі наводзіць не буду – у мяне муза можа прапасці”. Я ў такія словы даўно не веру, тым больш тэатр непрафесійны. Можа, каб гэта быў тэатр на Таганцы, то я б яшчэ паверыў у нейкую музу. Карацей, прымусіў чалавека прыбраць яго рабочае месца, пасля чаго ён пачаў казаць, што я хачу прыбраць калектыў. Вось уся гісторыя.
БК: Але Уладзімір Яшчук кажа, што справа больш у платных паслугах, якія тэатр не можа выконваць…
– Я яму сказаў так: “Вы мне не называйце свае рэгаліі. За вашы рэгаліі павінны гаварыць гледачы”. Калі ў яго на спектаклі прысутнічае 5 чалавек, то гэта вельмі дрэнна. Значыць, ён няправільна працуе як мінімум. Тады я кажу: “Прадавайце білеты, паглядзім, колькі людзей прыйдзе”. На гэта ён мне кажа: “Як гэта я буду прадаваць білеты?” Што рабіць? Ідзе спектакль, электрычнасць працуе, людзі працуюць, а ў зале 5 чалавек – навошта яно мне трэба? Прэзідэнт таксама кажа, што ўстановы культуры і спорту павінны выходзіць на акупальнасць у межах 50%. Чулі такое?
БК: Але пры ўсім гэтым тэатру нічога не пагражае, так?
– Тэатр можа толькі сысці разам з рэжысёрам, калі той захоча. Не тое што захоча – яму будуць прапанаваны агульныя ўмовы, у тым ліку сачыць за сваім рабочым месцам і таму падобнае, як для ўсіх. Хутчэй за ўсё яго гэта не задаволіць.
БК: Наконт рабочага месца: у якіх умовах працуе тэатр, калі яму не хапае месца пад дэкарацыі?
– У тэатра такія ўмовы, што лепш няма куды. У іх распараджэнні тэатральны пакой і сцэна. Не ведаю, можа, рэжысёр хоча, каб пад іх тры дэкарацыі будынак “Еўраопта” вызвалілі?
БК: Але раней дэкарацыі былі ў тэатральным пакоі. Чаму ім далей нельга было там заставацца?
– Дэкарацыі можна складваць і ў тэатральным пакоі, але рабіць гэта прыгожа, а не прыйсці ды пакідаць. Ёсць шафы, можна выйсці са становішча. Але калі чалавек ставіць задачу кіраўніку, а сам нічога для гэтага не робіць, то думайце самі…
Будзем паглядзець
Як бачым, тэатр апынуўся ў складанай сітуацыі, калі каса найшла на камень, і лёс студыі ў Доме культуры чыгуначнікаў залежыць толькі ад таго, ці паразумеюцца рэжысёр з дырэктарам, якія рэпрэзентуюць супрацьлеглыя погляды на творчасць і адміністраванне.
Але паразуменне яшчэ магчыма. Тым больш што хутка, у кастрычніку, ДК чыгуначнікаў прымае рэспубліканскі фестываль непрафесійных народных тэатраў Беларускай чыгункі “Тэатральная восень”. Віталь Дудар абяцае відовішчны фэст, які саступіць хіба што “Белай Вежы”. Будзе крыўдна, калі на ім не будзе народнага эксперыментальнага тэатра “Люстэрка” пад кіраўніцтвам яго стваральніка Уладзіміра Яшчука.
Ответить