Найбольшую цікавасць гасцей кнігарні выклікаў гістарычны раман “Слодыч і атрута”, які выйшаў летась у выдавецтве “Мастацкая літаратура”. Важкія падставы для цікавасці дзве. Першая гэта тое, што раман напісаны на мясцовым матэрыяле. Падзеі адбываюцца ў Жабінкаўскім і Кобрынскім раёнах. Другая гэта статус сямейнага і псіхалагічнага рамана.
Былі прэзентаваныя і апошнія кніжкі аўтаркі. Сёлета Дудзюк выдала творы для дзяцей на расійскай (рускай) мове. “Такую ўмову ставілі замоўнікі”, – патлумачыла Зінаіда Іосіфаўна карэспандэнту. – “Супермаркет “Буслік”, нягледзячы на такі беларускі назоў, замовіў серыю для малодшых дзяцей “Приключения “Бусліка””, і ў выдавецтве “Харвест” выйшла празаічная кніжка для больш падрослых дзяцей “Листья волшебного дерева”.
Раскатурхала аўтарка думанне прысутных версіяй з кнігі “Вяртанне забытага міфа” (выдавецтва “Беларусь”, 2013). Спадарыня Дудзюк упэўнена, што вёскі Хрыса, Хрысопаль, населеныя пункты Хомск і падобныя (назовы якіх вытворныя ад асновы “хом-“) далі прытулак славянам, якія ў старавечныя часы жылі ў Грэцыі. Доказ даволі стройны, але што пераказваць. Пачытайце самі і падумайце паралельна пра Азяты, Столін, розныя Літоўскі, – найперш “Берасце” пакруціць у галаве карысна некаторым насельнікам Палескага прагіну, каб не занадта прагіналіся пад напірыстымі.
Прысутныя на сустрэчы даведаліся пра тое, што ляжыць на аўтарскім рабочым стале. “Заканчваю раман пра людзей, якія ў ваколіцах Кобрына ўдзельнічалі ва Украінскай Паўстанцкай Арміі (УПА)”, – падзялілася Зінаіда Дудзюк. Яна адмовіла матывіраванасць апошнімі падзеямі ва Украіне: – “Матэрыял пачала збіраць, калі яшчэ былі даступныя архівы КДБ”. Панаракала, што тэрмін адкрыцця пасляваенных архіўных матэрыялаў, нарэшце, акрэслілі ў 75 гадоў. “Так можна і не дажыць. І ў гэтым новым рамане – акурат у канцы сюжэта паўстала вострая патрэба ў дакументальных сведчаннях”.
У “Іскры” яшчэ раз з задавальненнем канстатаваў той факт, што Берасцейшчына гэта рэгіён, у літаратурным плане больш блізкі да нармальнага стану грамадства. У нас набярэцца з тузін літаратараў-нефілолагаў. Вось і Зінаіда Іосіфаўна Дудзюк мае тэхнічную адукацыю – ад пачатку і да сканчэння асноўнай прафесійнай кар’еры працавала ў будаўніцтве.
Трэба адзначыць, што сустрэчы з брэсцкімі аўтарамі становяцца добрай, бо сэнсоўнай традыцыяй тутэйшага кніжнага маркетынгу. Супрацоўніца “Брэсткнігі” Валянціна Фёдарава, якая каардынуе арганізацыю гэтых сустрэч, панаракала, што не надта на іх пакуль ходзяць чытачы. Сапраўды, акрамя некалькіх журналістаў, у “Іскры” на пачатак сустрэчы акрэсліліся сябры і знаёмыя аўтаркі. Потым на агеньчык тэлекамеры і гучную размову ў колца кніжных спартанцаў улучыліся яшчэ з дзесяць выпадковых пакупнікоў. “А давалі аб’явы ў газетах, чыталі ж напэўна многія”, – паскардзілася Валянціна Іванаўна. Сябе мысленна спытаў, а чаму не прыйшлі тыя самыя замоўнікі з “Бусліка”. Лішні раз прапіярылі б сваю прадавальню перад журналістамі. На рынку, калі мог узяць тры плюсы з трох, а ўзяў адзін – гэта ж страты, пагадзіцеся.
Абмеркаваў сітуацыю з загадчыцай “Іскры” Святланай Юнчык. “Маладых не выцягнуць з інтэрнэту, не адарваць ад тэлевізара”, – мяркуе Святлана Васільеўна. – “І сістэма адукацыі не прышчапляе ім цягу да кнігі і да самастойнага, творчага мыслення. А вось “капіяваць” і “ўставіць” – ёсць такія каманды ў кампутары, – да гэтага моладзь здольная сёння ўжо ва ўзросце горкага дзіцяці”.
Хіба не так? Бадай што варта дадаць, што на захад ад нас дыплом мае сэнсоўны высокі статус у грамадстве, і лепшы, чым у “бездыпломных”, заробак яго ўладальніка – гэта толькі адзін складнік такога статуса. Дыплом там не атрымаеш, пакуль не прад’явіш прафесару якасці, якія добра і трывала ўсталёўваюцца кнігай, – абазнанасць у першакрыніцах, пісьменнасць, здольнасць самому напісаць рэферат, эсэ, – любую аналітычную, творчую працу. У нас – варта паглядзець на слупы, заклееныя аб’явамі пра мікраслухаўкі “в том числе и для защиты кандидатских диссертаций”.
Сустрэчы з аўтарамі, якія былі да гэтага часу ў кнігарні “Дружба”, у той сама “Іскры”, таксама не былі шматлюднымі. Зацемім, што, з аднаго боку, вялікі наплыў у кнігарні непажаданы. Месца мала. Але і малалікасць патыхае культуровым калапсам. Ды і папросту сказаўшы – у бадай што кожнага аўтара ёсць свой чытач. Але – яны чамусьці размінаюцца ў прасторы і часе.
Усе, з кім я гутарыў, ў рознай ступені выказалі аптымізм, што з цягам часу менеджэрам, якія ладзяць аўтарскія сустрэчы ў брэсцкіх кнігарнях, удасца зачапіцца за мэтавыя групы, а гэта настаўнікі літаратуры і мовы, культуролагі, паэты, якія чытаюць вершы на вуліцы, (недаінфармаваныя?) мясцовыя культуровыя эліты.
Наступная сустрэча будзе маштабнай, бо прыпадае на 60-годдзе “Брэсткнігі”. У сераду 30 ліпеня на пляцыку перад кнігарняй “Іскра” нам абяцаюць такі сабе мікрафестываль кнігі.
А яшчэ раней, на Дзень горада 26 ліпеня, брэсцкія пісьменнікі маюць намер пайсці ў людзі. Паказ наробку, – свайго і калег па цэху, – са шчырымі размовамі і аўтаграфічнымі сесіямі запланаваны на бульвары Шаўчэнкі з 13.00 да 16.00 у рамках акцыі “Бульвар, які чытае”. Так што можаце паспрабаваць вызначыць на месцы, хто няродны, а хто народны.
Ответить