— Сярод прапаноў, якія разглядаў Форум палітычнай апазіцыі і грамадскай супольнасці ў рамках праекта “Рэфорум”, былі рэформа пенсійнай сістэмы, жыллёва-камунальнай гаспадаркі і стварэнне зоны свабоднага гандлю з Еўразвязам. Аднак у выніку абралі два накірункі – рэформы сістэмы адукацыі і медыясферы. Чаму менавіта іх?
— Рэформа СМІ гучала таксама і сярод прапановаў па змене выбарчага заканадаўства. Такім чынам, з шасці прыярытэтных накірункаў, якія розныя суб’екты Форуму называлі, медыя былі вызначаны двойчы. І гэта цалкам слушна, бо свабода выказвання не толькі адносіцца да базавых правоў і свабодаў чалавека, але і з’яўляецца крытэрыем выканання ўсіх іншых правоў.
Па-другое, падзеі, якія адбываюцца ва Украіне, даказваюць неабходнасць рэформы медыясферы дзеля незалежнасці краіны. Бо вынікі сацыялагічных даследванняў паказваюць, што мы дагэтуль знаходзімся ў інфармацыйнай прасторы іншай дзяржавы (перш за ўсё я маю на ўвазе тэлебачанне, якое аказвае найбольш уплывовае ўздзеянне на насельніцтва). На жаль, высветлілася, што новыя тэхналогіі і Інтэрнэт тут і цяпер не могуць змяніць сітуацыю, а беларускія тэлегледачы прызвычаіліся бачыць свет праз прызму інтарэсаў Крамля, і наша дзяржаўнае тэлебачанне ці то не можа, ці то не хоча з гэтым нешта рабіць.
Такім чынам, відавочныя дзве сур’ёзныя праблемы: пазбавіцца ад агрэсіўнага прапагандысцкага ўплыву суседняй дзяржавы і стварыць уласныя якасныя сродкі масавай інфармацыі, якія будуць дзейнічаць у адпаведнасці з дэмакратычнымі стандартамі, а не выкарыстоўвацца як прылада інфармацыйнай вайны ці то “агітацыі і прапаганды”. Мяркую, што ўсё пералічанае і паўплывала на рашэнне Форуму.
— Наколькі я ведаю, шмат распрацовак па рэформе медыясферы было зроблена ў апошнія гады Беларускай асацыяцыяй журналістаў. Таму, відаць, экспертам Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS) будзе што пакласці ў падмурак сваёй канцэпцыі…
— Яшчэ напрыканцы 90-х — на пачатку 2000-х гадоў мы распрацавалі канцэпцыю рэформы сродкаў масавай інфармацыі, а таксама сістэм друку і распаўсюду СМІ, канцэпцыю Грамадскага тэлебачання. Потым неаднаразова звярталіся да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і іншых дзяржаўных органаў з просьбай абмеркаваць нашы прапановы, што тычацца заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі.
Але “медыясфера”, усе ж такі больш шырокае паняцце, чым СМІ. Напрыклад, сёння пра яе нельга гаварыць, пакідаючы па-за ўвагай Інтэрнэт. Да таго ж прайшоў пэўны час, і нейкія рэчы, пра якія мы казалі раней, састарэлі. Таму ўсё гэта ў любым выпадку трэба пераглядаць і перапрацоўваць. У тым ліку — з дапамогай замежных экспертаў. Мы ў БАЖ з імі таксама супрацоўнічалі і працягваем супрацу, але ж, магчыма, BISS зможа прыцягнуць да яе і іншых спецыялістаў, стварыць “дадатковую вартасць”.
— Аднак неабходна не толькі распрацаваць добрую канцэпцыю, але і зрабіць так, каб на яе звярнулі ўвагу тыя, хто прымае рашэнні (то бок улады). Толькі тады можна ажыццявіць рэформу. Наколькі магчыма сёння зацікавіць такімі прапановамі беларускія ўлады?
— Я ў гэтым пытанні не вялікі аптыміст. Сапраўды, у рэформе медыясферы, як, уласна кажучы, і ў іншых накірунках, усё залежыць ад палітычнай волі. А яе ў тых, хто кіруе краінай, пакуль не заўважана.
Нельга казаць, што зусім нічога не адбываецца. Напрыклад, у 2008-м годзе, калі прымаўся Закон аб сродках масавай інфармацыі, шэраг заўваг БАЖ быў ўлічаны. Але ж, з іншага боку, мы наогул былі супраць прыняцця гэтага закона ў такім выглядзе.
Сёння існуюць кантакты ўлады з прадстаўніком АБСЕ па пытаннях свабоды сродкаў масавай інфармацыі. БАЖ спрабуе размаўляць з прадстаўнікамі МУС… Але, зноў-такі, вынікі гэтых кантактаў і размоў не такія, як мы хацелі б. Паглядзім, ці будзе сітуацыя мяняцца надалей. Тым не менш, распрацаваны пакет дакументаў па рэформе медыясферы можа быць запатрабаваны пры змене сітуацыі — калі адчыніцца “акно магчымасцяў”.
— Ну, калі да таго часу і гэты пакет прапановаў не састарэе…
— Ніхто не ведае, як сітуацыя будзе складвацца надалей. Магчыма, у нашага ўрада “палітычная воля” да зменаў з’явіцца нават хутчэй, чым мы спадзяемся.
— Незразумела, чаго яшчэ чакаць. Мы сёння бачым, як тое ж беларускае тэлебачанне выкарыстоўваецца суседняй дзяржавай у якасці інфармацыйнай зброі.
— Мяркую, што гэта ўжо ўплывае на становішча. І, спадзяюся, робяцца пэўныя высновы тымі, хто мусіць іх рабіць.
— Шэраг экспертаў мяркуюць, што на беларускую ўладу могуць паўплываць і прадстаўнікі Еўразвязу — праект “Рэфорум” гэта ўсе ж такі працяг “Дыялогу аб мадэрнізацыі Беларусі” і рэалізуецца з дапамогай Еўразвязу.
— Раз-пораз беларускія ўлады выказваюць зацікаўленасць у кантактах з Еўразвязам. Неаднаразова з боку ўладаў гучалі словы, што ляцець на адным крыле нельга, што трэба развіваць і ўсходні, і заходні вектар. Але сёння мы бачым хутчэй “дыялог аб дыялогу” з Еўропай, чымсьці сапраўднае супрацоўніцтва. Магчыма, эканамічная і палітычная сітуацыя ў краіне зменяцца, і тады дапамога Еўразвязу будзе больш запатрабаваная. Але пакуль, нават у рамках “Рэфорума”, наколькі я ведаю, улады не асабліва імкнуцца да супрацоўніцтва.
— Ну вось распрацавалі праект рэформаў — добра: дакладная, абгрунтаваная і цікавая папера атрымалася. А што з ёй рабіць?
— Наступны крок — лабіраванне гэтай канцэпцыі, у тым ліку і з дапамогай еўрапейскіх структур. Гэтыя канцэпцыі могуць стаць прадметам дыскусіі паміж прадстаўнікамі беларускай улады і Еўразвязу. Ну і, зразумела, гэтую канцэпцыю трэба даносіць да грамадства, бо аніякія змены немагчымыя без яго.
Ответить