Джэк
Яму было 14 год. Анатоль Круцюк завёў сабаку адразу пасля вяртання з арміі, маючы намер па прыкладу бацькі заняцца паляўніцтвам. Паляўнічыя ж сур’ёзна падыходзяць да навучання сваіх памочнікаў, таму не дзіўна, што Джэк у рэшце рэшт вырас выхаваным і разумным, а таксама бязмерна ўдзячным спачатку свайму гаспадару, а пасля і яго сям’і.
За 14 год Джэка пасадзілі на ланцуг толькі аднойчы, калі мясцовы ветэрынар папярэдзіла пра адстрэл бадзяжных жывёл, што будзе праводзіца ў раёне вёскі Вялікія Радванічы. Сабака не зразумеў, за што яго так пакаралі, і адмовіўся ад ежы. Ветэрынар пасля прыходзіла ставіць яму кропельніцы і патлумачыла, што чатырохлапы член сям’і хварэе на дэпрэсію, выкліканую менавіта пасадкай на ланцуг.
Наступныя разы, калі ў вёсцы папярэдне аб’яўлялі адстрэл, Джэка на ланцуг больш не саджалі. Здавалася б, сабака ўсім вядомы і дагледжаны – ну каму прыйдзе ў галаву такога застрэліць?
Канваір-валанцёр
Яшчэ адну гераіню гісторыі завуць Галіна Васільеўна, гэта маці гаспадара сабакі. Яна працуе на пошце ў тых жа Вялікіх Радванічах, а пасля развозіць на ровары пошту па суседніх вёсках. Джэк час ад часу суправаджаў яе. “Ён быццам яе ахоўваў – мы гэта сабе так тлумачылі, — кажа жонка Анатоля Вольга. – Было такое, што чужыя сабакі кусалі маму за пяткі, калі яна адна ехала. А Джэк такога не дапускаў. Ён сабак адганяў, а вось людзей усё роўна не чапаў. Да яго ўсе дзеці падыходзілі”.
У той дзень Джэк якраз ляжаў у двары пошты і чакаў Галіну Васільеўну. Магчыма, ён нават не паспеў спужацца, калі зверху праз агароджу на яго накіравалі стрэльбу і націснулі на курок. Работнік пункта адлову бадзяжных жывёл пры гэтым мог падумаць нешта кшталту: “Яшчэ на аднаго менш”, ці “Туды табе і дарога!”, або нешта зусім нецэнзурнае. А мог не падумаць зусім нічога.
Перадынфарктны стан
Калі адбываліся ўсе гэтыя падзеі, Анатоля не было дома. Наступнай за Галінай Васільеўнай і натоўпам сведак – у 12 гадзін ля адміністратыўнага будынка сельсавета, ды яшчэ ў дзень атрымання заробку, было сапраўды шмат людзей – пра смерць Джэка даведалася Вольга. Яна кінулася ў “Камунальнік” і з вялікай цяжкасцю атрымала доступ да гары забітых сабак, што не паспелі адтуль вывезці. Цяжка і ўявіць, з якімі эмоцыямі маладая жанчына шукала ў грудзе трупаў цела дамашняга ўлюбёнца. “Оля некалькі дзён супакоіцца не магла, — расказвае Анатоль. – Я прыехаў і павёз яе да лекара. У яе аказаўся перадынфарктны стан. І гэта ў 29 год!”.
Зразумела, што сям’я вырашыла не пакідаць гэты выпадак без рэакцыі. Яны напісалі скаргу ў следчы камітэт на дзеянні ПКУП “Камунальнік”, а таксама звярнуліся за вуснымі тлумачэннямі ў сельскі Савет. “Я падумала, можа, мы чаго не ведаем, можа, Джэк каго ўкусіў, — тлумачыць Вольга Круцюк. — Але ніякіх прадпісанняў і ніякіх скаргаў на нашага сабаку там не аказалася”. Асабліва эмацыянальнай размова адбылася з мясцовым ветэрынарам, якая паспрабавала “легалізаваць” дзеянні камунальнікаў аргументам, што Джэк не меў ашыйніка. Гаспадары забітага сабакі слушна адмятаюць гэта спасылкай па пастанову Міністэрства ЖКГ “Аб парадку дзейнасці арганізацый па адлову, адстрэлу, утрыманні і эўтаназіі безнаглядных жывёл у Рэспубліцы Беларусь”, дзе нічога не сказана пра наяўнасць-адсутнасць ашыйнікаў. Затое там напісана пра выключны характар адстрэлу (напрыклад, калі жывёла хворая на шаленства ці кагосьці ўкусіла) і пра тое, што арганізацыя мусіць злавіць бадзяжніка і ўтрымліваць цягам 5 дзён, і толькі тады гуманна эўтаназаваць.
Пакуль забіваюць іншых, заб’юць і тваё!
Гісторыя сама па сабе жахлівая як для сям’і Круцюкоў і тых, хто добра ведаў Джэка, так і проста для людзей, што ўмеюць паставіць сябе на месца іншага.
Але ёсць тут і іншая мараль. Гаспадары дамашніх катоў і сабак часта звысоку ставяцца да вулічных жывёл. Апраўдваюць і адстрэлы. Маўляў, ну так, беспрытульнікі нікому непатрэбныя, небяспечныя, стыхійна разводзяцца і г.д. Мала хто задумваецца: калі ў некага ёсць права забіваць, то ён абавязкова сваім правам аднойчы пачне злоўжываць. Каб сапраўды зняць з павесткі дня праблему адстрэлу дамашніх жывёл, трэба спачатку адняць у дзяржавы дадзенае ёй намі ж права на адстрэл беспрытульных.
Не можа быць выбарачнай любові да жывёл: яна або ёсць, ці яе няма. Пакуль у нас яе хутчэй няма, а значыць “Камунальнік”, што паліць па ўсіх без разбору, зноў застанецца непакараным.
0 комментариев
Наталья Алейникова
02.09.2014 в 12:38Ирина Омельянчук
04.09.2014 в 18:45Спасибо за статью.
Пригодич Анна
05.09.2014 в 22:56Не впервой… Сколько уже животных, которые к счастью своему имели дом, пострадало от этой зачистки. А сколько еще пострадает. А вообще люди не вправе решать кому жить, а кому умирать. Это уже если животное заболело или калека до такой степени, что лучше крайняя мера…