Асабліва калі гаворка ідзе не аб прыгарадных дзіцячых дамах, а пра далёкія ад Берасця ўстановы, да якіх прытулк “Вясёлка” Столінскага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра, несумненна адносіцца. Згаданая ўстанова на мінулым тыдні адзначыла 10-гадовы юбілей, што і стала нагодай паклікаць у госці кіраўнікоў разнастайных службаў і арганізацый. Тыя, натуральна, з пустымі рукамі не ішлі.
Самім дзецям, што цяпер жывуць у прытулку (іх на сёння 11 чалавек), з усіх падарункаў найбольш спадабаліся новы веласіпед, што падарыў “заяц”-банкір, і прыгажуткія арэлі ад галандскай дабрачыннай арганізацыі “Вясёлка” – цёзкі прытулку.
Было толькі трохі шкада дзяцей, якім трэба было адсядзець усю ўрачыстасць. Там, канешне, спявалі і танцавалі, але пераважна ўсё ж гаварылі.
“У школе прасцей – там дзеці дагледжаныя”
З нагоды юбілею мы спыталі адну з выхавацелек, Алену Кішкару, што працуе тут з першага дня, пра самае цяжкае ў яе прафесіі. Параўноўваць ёсць з чым, бо да гэтага Алена Пятроўна працавала настаўніцай пачатковых класаў у звычайнай школе.
Субяседніца паведамляе, што ёсць пэўныя цяжкасці на тым этапе, калі дзеці толькі паступаюць у прытулак. Амаль усе яны адабраныя ад бацькоў-алкаголікаў, якія не займаліся іх выхаваннем і навучаннем, таму часта такія дзеткі не ўмеюць рабіць нават элементарныя гігіенічныя працэдуры. Але вучацца ўсяму хутка.
Таму самае цяжкае ў працы выхавацеля сацыяльна-педагагічнага цэнтра –дапамагчы дзіцяці перакрочыць праз вопыт, атрыманы ў біялагічнай сям’і. Выхавацелі звычайна не прыводзяць прыклады, калі гаворка ідзе пра іх падапечных, але агульны тон іх аповеду не дазваляе сумнявацца, што перажытае дзецьмі нельга ўпісаць у межы нармальнасці.
Прытулак ці дом сямейнага тыпу?
Першы дырэктар Столінскага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра два гады таму пакінула пасаду дзеля новай працы – мамай дзіцячага дома сямейнага тыпу. Дык што карысней – дом сямейнага тыпу ці прытулак? — спыталі мы ў Святланы Ананчук.
– Дамы сямейнага тыпу неабходныя, бо вучаць жыць у сямейным вялікім калектыве, — лічыць прафесійная мама. – Але і цэнтры з прытулкамі патрэбныя таксама. Таму што калі сацыяльны педагог добра папрацуе і дзіця вернецца ў біялагічную сям’ю – гэта вялікая радасць. Паверце, як бы я ні старалася, як бы мой муж ні стараўся, як бы мы ні ўкладваліся ў гэтых дзяцей, яны ўсё роўна думаюць пра сваіх родных маму і тату. Трэба некалькі дзён паварыцца ў гэтым, каб зразумець, што гэта такое.
Лічбы, за якімі лёсы
За 10 год працы Столінскі раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр паставіў на ўлік 483 дзіцяці з сямей у сацыяльна небяспечным становішчы. Пік прыйшоўся на 2011 год, калі ў такім становішчы было прызнана 138 сямей, якія выхоўвалі 342 дзіцяці.
Рэабілітацыю ў цэнтры за гэты час прайшлі 405 дзяцей, і 222 з іх былі вернуты ў біялагічныя сем’і. Шасцёра непаўнагадовых усыноўлены.
Усяго ж у Столінскім раёне 29 прыёмных сямей, 46 апякунскіх і два дамы сямейнага тыпу, дзе выхоўваецца 14 чалавек.
Так выглядае сацыяльна-педагагічная сітуацыя ў самым вялікім раёне вобласці.
Ответить