Аднаго разу ў школе, дзе вучыўся, я нечакана атрымаў пасьведчаньне аб тым, што зьяўляюся ўжо сябрам суполкі пачынаючых паэтаў Берасьцейшчыны. Такой бяды, што пра гэта паведамлялася на звычайным аркушыку паперы ў клетачкі з вучнёўскага сшытка і што словы былі напісаныя ад рукі, — там стаялі мае імя і прозьвішча! Простая паперка для мяне сталася дакумэнтам прызнаньня. Тое важнае паведамленьне заверылі сваімі подпісамі Іван Мельнічук, старшыня Саюзу пачынаючых паэтаў Брэсцкае вобласьці, і Андрэй Юдчыц, сакратар таго ж саюзу.
Цяпер, калі Івану Міхайлавічу Мельнічуку, вядомаму творцу і дзейснаму кіраўніку Брэсцкай філіі Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, споўнілася 75 гадоў, хачу падкрэсьліць ягонае імкненьне да грамадзкай дзейнасьці. Маладзенькі літаратар сам яшчэ толькі пачаў друкавацца , а ўжо й стварыў (няхай сабе пакуль на паперы) рэгіянальны саюз пачынаючых паэтаў. А гэта азначае, што ён ня толькі сам пісаў і друкаваў свае вершы, але і сачыў за літаратурным працэсам на Берасьцейшчыне, каб аб’яднаць творчыя сілы.
Упершыню сустрэўся я зь Іванам Мельнічуком у педінстытуце, куды ён паступіў вучыцца на год раней за мяне. Вонкава ўразіў Ваня вогненна-яркай шавялюрай. Падобных валасоў ні ў кога раней не даводзілася бачыць (калі б падобны колер сустрэў у наш час, то падумаў бы, што валасы пафарбаваныя). Іван Мельнічук не падобны да каго-небудзь і сваім лёсам, і талентам. Вырас ён у сям’і з адзінаццаці чалавек, напоўніцу зьведаў нястачу і бясконцую сялянскую чорную працу і не ачарсьцьвеў душою, застаўся чалавекам, уважлівым да бліжняга. Калі ў мяне памерла маці, Ваня знайшоў момант і падараваў мне кашулю, якая, вядома ж, не была лішняю для яго самога. А як толькі быў прыняты ён у штат рэдакцыі “Зари над Бугом”, там мяне так разрэкламаваў, што запрасілі туды на працу і мяне.
Мы абодва шчыравалі ў аддзеле сельскае гаспадаркі. А гэта азначае, што сваімі публікацыямі павінны былі займаць стабільна трэцюю паласу і амаль усю першую. А да нарадаў перадавікоў сельскай гаспадаркі займалі тры паласы. Даводзілася, як кажуць, варушыцца. Часам выганялі па 5000 радкоў за месяц. Выступалі і пад псеўданімамі, часьцей за ўсё прымянялі не мудрагелістыя, а відавочныя: ЖУК і ЧУК, асабліва калі друкавалі сумесныя матэрыялы.
Пры ўсёй напружанасьці журналісцкай працы было нямала вясёлых і пацешных момантаў. Калі Мікіта Хрушчоў, тадышні лідар СССР, з усёй уласьцівай яму напорыстасьцю валюнтарыста прапагандаваў кукурузу, мы, перш чым абнародаваць вопыт зьвеньнявой, разам з фотакарэспандэнтам Васілём Долькіным лазілі ўзімку на гарышча, заваленае кукурузнымі пачаткамі, — якраз там тая зьвеньнявая знайшла прытуоак для тагачаснае “каралевы палёў”…
Павінен патлумачыць цяперашнім чытачам: тады дасьпелыя пачаткі ў нашых кліматычных умовах зьяўляліся дзіўным дзівам. Што да нашага рабочага графіку, то пастаянна – праз дзень – мы з Іванам выязджалі ў калгасы і саўгасы. Пакуль у рэдакцыі не было машыны, карысталіся (вядома, не ў самыя дальнія паездкі) Іванавым роварам. А калі ў яго той велік скралі, рэдакцыя атрымала новенькі “Масквіч”. На гэтай машыне наш кіроўца Валодзя Дзямчук аднаго разу, як было дамоўлена, вёз нас у адсталую гаспадарку. Мы супыніліся на жывёлагадоўчай ферме, зайшлі ў чырвоны куток. Там на сьцяне красаваліся паказчыкі па выніках спаборніцтва за чарговы квартал, яны былі дужа прыстойныя для нашага Берасьцейскага раёну. Прыемна ўражаны Іван дастаў з кішэні блакнот і хуценька пачаў сёе-тое занатоўваць. Неўзабаве ў чырвоны кут зайшлі жывёлаводы, у гутарцы зь якімі высьветлілася, што мы апынуліся на тэрыторыі суседняга Камянецкага раёну…
У калектыве “Зари над Бугом» прыжыліся жарты. Упрыгожаньнем нашага неспакойнага жыцьця зьяўляліся розыгрышы, асноўным героем якіх выступаў Марк Ільліч, чалавек празьмерна інтэлігентны, які слабавата арыентаваўся ў побытавых рэчах ды ў вясковым жыцьці. Ён аднойчы моцна распаленым прасам пагладзіў нейлонавую кашулю… А то яшчэ ў адным сяле заміж чаромхі абламаў вішаньку, у выніку чаго ў рэдакцыю “Зари над Бугом» літаральна на наступны дзень прыйшла скарга, багатая дакладнымі дэталямі: указваліся колер і нумар нашае рэдакцыйнае машыны, хоць яе там, на ўскрайку сяла, ніхто ня бачыў, распавядалася, як з машыны вылез нейкі тып у акулярах і ўчыніў недаравальную шкоду. “Сяльчане” прасілі знайсьці і пакараць вінаватага…
Пакуль Марку не адкрылі таямніцу, ён хадзіў змрочны, як хмара. Неяк у красавіку нашага героя пад’юдзілі напісаць заметку пра ўборку раньняе пшаніцы. З прапановаю пасьпяхова чалавек справіўся, але ж, калі выйшаў чарговы нумар газэты, там ягонае інфармацыі не аказалася. Вядома, аўтар пачаў дапытвацца, чаму не надрукавалі. Тады сакратар Аркадзь Бляхер падаў яму буйным шрыфтам набраную ў друкарні заметку з кароткім каментаром: “Тэкст і адкрыцьцё зрабіў Марк Ільліч…”
Вяртаюся да постаці Івана Мельнічука. Успамінаецца многае. Радуюся, што нашыя сьцяжыны і дарогі перапляліся і што ў мяне ёсьць такі надзейны сябра, а ў літаратуры таленавіты паэт, якому ўсе жанры падуладныя. Асабліва цешыць мяне ягоны гумар, які ідзе ад багатае і добрае душы. Творца памагае чытачам усьміхацца і ўволю пасьмяяцца, каб лягчэй жылося.
0 комментариев
Глеб Александров
01.10.2014 в 09:59Анатолий
01.10.2014 в 09:59Всегда интересно открывать страницу БК с рубрикой «Сегодня в нашем Литературном клубе» и сегодня она не стала исключением.
Вместе с тем, было бы замечательно что-то узнать и может даже прочесть на страницах БК стихи поэтов, которых можно отнести к разряду забытых. Как-то я слыхал от одного почтенного человека о таком брестском поэте 50-60-х годов, как Олег Шипов. Говорят, что у него была интересная поэзия, что жизнь его сложилась так, как порой складывается у многих наших поэтов, что ещё якобы осталась брестская творческая интеллигенция, которая кое-что о нём помнит.