Але калі пераходзіш ад цэлага да прыватнага, то эстэтычнае задавальненне нікуды не сыходзіць, а толькі павялічваецца. Скульптуры і графіка Лазеркі ўздзейнічаюць адразу на падсвядомасць, нараджаючы асацыяцыі. І ты дзівуешся альбо з таго, як аўтар дадумаўся так проста паказаць неперадавальнае, або ламаеш галаву, якая відавочная ісціна ляжыць у задуме нейкай мудрагелістай работы. У любым выпадку творы мастака з Вістычаў чапляюць. Ужо музейным экспанатам, да прыкладу, стала яго скульптура, дзе жанчына са збанам замест галавы пералівае веды і мудрасць у меншы збан свайго дзіцяці, і падтэкст гэтай скульптуры, як кажуць музейшчыкі, разумеюць нават школьнікі.
А вось і работа “Брыдкае качаня”, што дала назву выставе. Не то качаня, не то гусяня выцягнула шыю, падае голас, і гэта нагадвае голас у пустэльні. Разам з тым качаня распраўляе крылы, выкананыя ў форме чалавечых далоняў. Гэта тыя рукі творцы, якія дапамогуць брыдкаму качаняці стаць паўнацэнным мастаком, голас якога абавязкова пачуюць.
Верагодна, з брыдкім качанём і асацыюе сябе вістыцкі скульптар, алегорык, далёка не заўсёды зразумелы нават блізкім людзям. Адгадаць гэтыя пакуты творчай душы выдатна ўдалося студэнтцы ўніверсітэта культуры і мастацтваў Ксеніі Рабчук, якая на вернісажы пад акампанемент “Танга-квартэту” выканала харэаграфічную імправізацыю на гэтую тэму. “Я зацікавілася скульптурай “Брыдкае качаня”, якую бачыла на здымку. Паглядзела і зразумела, каго мне трэба паказваць”, — кажа дзяўчына.
Ксенія не была знаёмая з аўтарам і магла памыліцца, але, па ягоным прызнанні, на сто адсоткаў трапіла ў дзясятку. “Яна паказала мяне. Я, гэтая выстава і яе танец – адно і тое ж”, — скажа пасля вернісажу Лазерка. Ксюша і сама адчула, што дзейнічала ў правільным накірунку. У прынцыпе, зразумець дзівака-мастака ёй было не цяжка: “Тое, што я таньчу, вельмі рэдка разумеюць. І скульптуры Аляксандра таксама незразумелыя чалавеку з вуліцы. Таму і атрымаўся такі ўдалы тандэм харэаграфіі і выяўленчага мастацтва”. Так прыгожую і сэнсоўную выставу добра дапоўніла прыгожая і сэнсоўная харэаграфічная імправізацыя.
А паглядзець выставу “Брыдкае качаня” можна ў гатэлі “Эрмітаж” да сярэдзіны кастрычніка.
Ответить