Пра рэгулярныя патопы і няўцямныя хіба спробы іх пераадолець стала вядома са звароту жыхароў Высокага ў рэдакцыю “БК”. Але voxpopuli можа быць і… скажам так, папулісцкім. Выправіўся на праверку.
Вада і пенсіянеры
Пакуль расшукваў падпісантаў, разгаварыў Алену Сцяпанаўну Мартынаву, гаспадыню прыватнага дамка на вуліцы Свярдлова. “Залівае нас тут, сярэдзіну вуліцы, і перпендыкулярную, Леніна, а найбольш тую, што над намі, 7 Лістапада, — сказала жанчына. — Капаем, капаем канаўкі ўздоўж дарогі — па пяць разоў на год. То заглеіцца, то трактар уваліцца… Здароўя ўжо няма капаць. Адна я, пенсіянерка, і вось ідзеш пасля дажджу — дом увесь у вадзе.. І так разоў дзесяць на год”.
Жанчына кажа, што гадоў з дваццаць таму назад, калі быў куплены дом, такога не было, але потым сталі падсыпаць дарогі, а ліўнёвай каналізацыі няма. Канаўкі для стоку вады малыя, не спраўляюцца, і яна накапліваецца. Таму псуюцца падмуркі, пабудовы. “Вунь дом насупраць мужчына купіў, падымае на новы фундамент. Але бачыце — ён ладна падгніў”, – паказвае Алена Сцяпанаўна.
Ад яе пайшоў на бядовую вуліцу 7 Лістапада — там ішла будоўля. Маладзейшыя, як адзін, паказалі на хатку ў катлавіне. Маўляў, таго дзядулю найбольш топіць. На падворку, на добры метр ніжэйшым за вуліцу, мяне сустрэў кражысты, моцны яшчэ гаспадар. “Улодымыр Антоновіч Тетерскій мэнэ зовуць, — назваўся ён мне ў адказ. – Нэйдэ вода. Стоіт послэ дожджу по колэно і вышэй”. Уладзімір Антонавіч кажа, што раней унізе, бліжэй да ракі Пульвы, была труба, з паўвека таму пастаўленая, але нібыта яна забітая, і быццам бы новыя гаспадары надзелаў яе не чысцяць — не могуць дамовіцца. “Насыпав бровку, алэ пэрэхлістае… В колодэсь нашло воды мнэ… хожу туда, вышэ бэру. З колодэся посуду помыты, самому помытыса бэру, — кажа каларытны дзядуля і збаўляе характэрную прыродную вясёласць у голасе: —Восэмдэсят шэсть мнэ вжэ літ. Сосэдка вмэрла, боролас, боролас, то й я вжэ хутко помру…”.
Патоп на вуліцы Леніна
Падцягваюцца — хто з працы, хто з раз’ездаў — іншыя пацярпелыя. Уладзімір Гурпа вядзе да сваёй новабудоўлі на вуліцы Леніна. Прыгожы дом стаіць насупраць крамы пасярэдзіне даволі высокага пагорка. “Мы тут 9 метраў над Пульвай, — вунь яна, унізе. Збягаць вада павінна “на ура”, а залівае. Плывем і крама, і я. Крыху выратоўвае сажалка і броўка. Але броўку рэгулярна разбураюць будаўнікі. Маўляў, на асфальце не павінна быць вада”, — распавядае мужчына. І Уладзімір Васільевіч, і суседзі лічаць, што вінаватыя дарожнікі. “Тры з паловай мільярды рублёў убухалі ў нікуды, — кажа Гурпа. — З 2011-га года цягнецца гісторыя. Ужо мабыць чацвёрты слой асфальту тут кладуць, пры тым што дарога была цалкам прыдатная”. Ён паказвае стос папер: “Вось, нашы звароты ў гарвыканкам, у раён, у аблвыканкам. І на прыёмы ездзілі мы. У прысутнасці намесніка старшыні аблвыканкама Сакоўскага інжынеры прызналі, што ў праекце грубая памылка. Дарогу паднялі ці не на метр, а сток вадзе не пакінулі. Вось яна і набягае перад седлавінай — скрыжаваннем Леніна і Свярдлова, а потым на мой надзел валам коціць”.
Чалавек паказвае фотакарткі і відэа патопаў. Карціна ўражвае. Па вуліцы імчыць плынь, на падворках азёры — хоць вуду закідвай, хоць нерат. “200 мільёнаў рублёў “Брэстдарпраект” за праектныя працы ўзяў, потым прыязджалі, ківалі галовамі і кіраўнік, і галоўны інжынер, а паправіць і сёння не спадобіліся – чакаюць асобную плату”, — кажа Гурпа.
Мала не цягне мяне за руку да сваёй бяды Юрый Юзвук. У “афганца”, як ён не прамінае паведаміць, надзел на самай “стрэлцы”, дзе дзве вуліцы сыходзяцца пад вострым вуглом. На стыку стаіць капліца, перад святой гарыць свечка, але бачна, што ў гэтай сітуацыі не дапаможа ні патронка, ні ахвярны зніч. Таму што Богу богава, а фізіцы фізічнае. Дарожнае палатно дзесьці на метр вышэй градаў агарода, і дом літаральна апынуўся ў яме. “Раблю бардзюр, але не дапамагае, асабліва вясной, – кажа Юрый Іванавіч. – Ужо і МНС адпампоўвалі, бо поўны падвал. Дык качаюць-качаюць, а вады ўсё роўна не менее. Грунтавую, выходзіць, смокчуць ужо… У нас фекальнай каналізацыі няма, дык калодзежы ўсяго з верхавой вадой набралі… Мы імі і не карыстаемся, толькі пад паліў або памыць што”.
Мільгае думка, што калі ў 60% вясковых калодзежаў Берасцейшчыны праніклі нітраты (звесткі эпідэміёлагаў), дык што пранікла ў высокаўскія з выграбных прыбіральняў? Досвед інтуітыўна выводзіць на ключавое слова “гепатыт” і на веду, што найбольш цяжкія яго штамы развіваюцца якраз у зонах з непрыбранымі прадуктамі чалавечай фізіялогіі.
Галіна Шкурэнка з жахам згадвае ліпень. “Фундамента не было бачна. У падвал вадаспад ліўся. Свінкі плавалі, толькі адны галовы з вады тырчалі. Мала не патапіліся, — і наракае, што сусед не хоча капаць канаву. – Вось вада і ідзе да мяне на падворак”.
Людзі паказваюць свой калектыўны зварот у Камянецкі гарвыканкам. Вось яго частка. “В связи с неоднократным подъёмом дорожного покрытия улиц Ленина и Свердлова дорога оказалась на метр выше участков… В течение 10 лет неоднократно обращались в городской и районный Советы об отведении ливневых вод. Предыдущий председатель горисполкома обещал, что когда начнется ремонт, ливневые воды будут отведены. В теперешнем проекте на ремонт дороги Высокое – Бордзёвка (працяг вуліцы Леніна – Я.Б.) наши проблемы не учтены. Вода с асфальта стекает в сторону жилых домов.Страшно, что при современных технологиях и технике ничего не делается на благо людям и создание нормальных условий жизни”.
Адказы, як правіла, стэрэатыпныя. Найбольш паўтараемы матыў: “У бягучым годзе на азначаных вуліцах будуць усталяваныя кюветы”.
Дробна адпомсцілі?
Паказваюць тапельцы і адзін асабліва крыўдны адказ. “Адпісаліся з Камянецкай ЖКГ, — тлумачыць адзін з “падпісантаў”. — Мусяць людзі канавы праз свой надзел капаць і толькі пасля камунальнікі трубы ўздоўж вуліцы 7 Лістапада пакладуць. А раз не пракапалі — дык вось вам, насыпалі яшчэ больш пяску на вуліцу, каб усе яшчэ больш адносна дарогі ў яму загрузлі. І яшчэ размазалі гэта ў “Навінах Камянеччыны” пад едкім загалоўкам “Сначала канава — потом труба”.
Мабыць гэта сляды высокаўска-камянецкага напружання? Бо летась вырашалі жыхары Высокага збіраць подпісы за аддзяленне ад Камянецкага раёна. Маўляў, мы горад, з Магдэбургскім яшчэ правам, а ў нас і бальніцу забіраюць, і каналізацыі няма. Усе грошы з раённага бюджэту Камянец сабе забірае…
Начальнік дарожнага аддзела УКП “Брэстдарпраект” Андрэй Марыневіч расстаўляе свае кропкі над “і”: “КУП “Брэстаблдарбуд” замовіла невялікі рамонт сваёй мясцовай дарогі, якая праходзіць праз населены пункт. Яны проста аднаўляюць пакрыццё. А каб рабіць нейкую рэканструкцыю вуліцы з ліўнёвай каналізацыяй, трэба, каб замаўляў працу гарадскі аддзел ЖКГ, з аддзеламі капітальнай забудовы… Але там зусім іншы, больш высокі узровень — экспертыз шмат”. Далей інжынер тлумачыць, што высокаўскія жыхары адмыслова прыязджалі да іх, каб дабіцца праўды з праектам. Быў нанесены і візіт у адказ. “Прадугледзелі на месцы скід вады ў кювет, — кажа Марыневіч. –Але трэба, каб мясцовыя ўлады вызначыліся, што яны хочуць — бягучы рамонт патрэбен або капітальны? І галоўнае — за чые грошы? Бо “Брэстаблдарбуд” за свае рабіць гэта не будзе”.
Што думае ўлада?
Старшыню гарвыканкама Мікалая Сачыка застаць у кабінеце не атрымалася (“не сяджу там амаль”) . Пра самую глыбокую вуліцу горада кіраўнік сказаў наступнае: “На 7 Лістапада ёсць натуральны схіл. Была там зробленая канаўка такая для сцёку вады. Дык людзі, якія там жывуць, узялі яе і засыпалі. Пасля навальнага дажджу пасярэдзіне назбіралася возера. Дык яны насыпалі дамбу з аднаго боку тратуара і з другога. Прыехаў і кажу: дарагія людзі мае, ніхто гэтага возера не хоча. Думайце, што будзеце рабіць. А я буду падсыпаць дарогу, каб вада не стаяла. І яна пойдзе ў вашыя агароды”.
Старшыня цалкам аспрэчыў версію, што засыпалі нейкую там трубу на выхадзе сцёку, і пахваліўся цэнтральнай вуліцай Савецкай. Маўляў, там ёсць ліўнёвая каналізацыя, і ўсё як мае быць сцякае ў Пульву. Пытаю: можа, і ў зоне падтапленняў ліўнёўка патрэбная? Мікалай Анатольевіч з ахвотай згаджаецца: а як жа! Найлепш было б ліўнёвую каналізацыю ўладкаваць. Але для гэтага патрэбныя мільярды два. А іх няма, таму “будзем рабіць усё, што ў нашых сілах, — запраектаваныя кюветы”.
Спытаў я і пра тое, ці праўда, што на Леніна ўжо чацвёрты слой асфальту кладуць паверх старых, таму дамы месцічаў пазаганялі ў ямы. “Можа, трэці, -– адказаў спадар Сачык. — А інакш не атрымліваецца. Вы ж ведаеце, колькі каштуе ўтылізацыя старога асфальту — яго ж трэба фразой выгрызаць”.
У канцы Мікалая Анатольевіча прабіла-такі на горыч: “А хто скардзіўся? Няйначай Гурпа? Ну хто вінаваты, што ён пабудаваўся на балоце? Там мы ў хакей гулялі, калі пацаном я быў. Мне 55, а помню. Дык як жа, каб не залівала? Меў жа ён надзел на горцы, дык не, пераехаў туды. Хацеў, каб бліжэй да працы…”.
Адчувалася, што дастала ўжо старшыню гэтая вада. Але чамусьці вылівалася гэта ў знаёмую формулу “ёсць чалавек — ёсць праблема, няма чалавека…”. Бо сапраўды, фота не даюць схлусіць: найбольш тапіўся не цяглавіты Гурпа, а нямоглыя ўжо пенсіянеры з іншых вуліц.
Што хочацца?
Высокае — адно з цікавых нашых мястэчак. Спадзяемся на адраджэнне палаца Патоцкіх, парка, на ўдалае ўкараненне еўрапейскага праекта ачыстных збудаванняў. Можна стала б у тым парку дыхаць на вольныя грудзі (цяпер пакуль што летам не прадыхнуць ад смуроду — Пульва гніе, і ачыстныя побач давяршаюць удар па носе). Але кюветы ўздоўж нагрувашчаных дарог у горадзе аўтаматычна ператворацца ў сярэднявечныя смярдзючыя канавы; ірвы, пракапаныя наўпрост цераз людскія надзелы, не толькі ладна разбураць гарадскі інтэр’ер. Каля старабытнага касцёла канавы яшчэ выглядалі б… дарэчным: як кавалак старадаўнасці заманьвалі турыстаў. Ды вось як згадаеш, што менавіта канавы сярэднявечных мястэчак спрычынілі чуму… Бр-р-р!!!
Ответить