З 12 па 15 кастрычніка фальклорны калектыў “Чабатухі” (кіраўнік Венера Папіціч) з вёскі Сташаны Пінскага раёна далі два выступленні ў Варшаве. Нагодай для запрашэння нашага калектыву да суседзяў стала правядзенне там Тыдня Оскара Кольберга – вядомага кампазітара і этнографа, які збіраў і даследаваў матэрыял у тым ліку з тэрыторыі сучаснай Беларусі.
“Чабатух” з захапленнем, як запэўнівае загадчыца аддзела традыцыйнай культуры Ларыса Быцко, слухалі ў новай зале варшаўскай Акадэміі мастацтваў, а таксама ў прамым эфіры польскага радыё з аўдыторыяй у 1,5 мільёна слухачоў.
Тыднем раней, 8 кастрычніка, у швейцарскім горадзе Густаўберг адкрылася выстава керамікі “Беларусь – Швецыя: традыцыі і абнаўленне”, якая закончыцца толькі 16 лістапада. Ідэя такой выставы належыць дзвюм шведскім керамісткам, што прыязджалі ў 2012 годзе на міжнародны пленэр у Гарадную, – Элізабэт Халгрэн і Моніцы Ёхансан. Вярнуўшыся дадому, яны вырашылі пазнаёміць сваю краіну з беларускім ганчарствам і цягам двух год ішлі да рэалізацыі гэтай задумы.
У выставе, што праходзіць у Густаўбергскім музеі фарфору, удзельнічаюць пяць майстроў – трое ад Швецыі і двое ад Беларусі. Швецыю прадстаўляюць ганчар-традыцыйнік Лас Андэрсан, а таксама згаданыя Моніка і Элізабэт, прычым Элізабэт Халгрэн дэманструе калекцыю керамічнай пліткі, зробленай па гараднянскіх матывах.
Беларускую ганчарную традыцыю і сучаснасць у прыгарадзе Стакгольма дэманструюць працы народнага майстра Васіля Логвіна і мастачкі Марыі Радзько. Логвін прывёз у Швецыю дзве калекцыі ў народным стылі – адна капіруе традыцыйны гараднянскі посуд, другая – посуд вядомага пружанскага майстра чорнадымленай керамікі Антона Такарэўскага. Асобнай экспазіцыяй у выставе ўдзельнічаюць некалькі гаршкоў з самой Гарадной.
Беларуская дэлегацыя паказала ў Швецыі таксама фільм пра аднарукага майстра з Гарадной Мацея Пячонку, і кадры з гэтага фільма – як ганчар выцягвае гаршчок – будуць круціцца на мультымедыйным экране на працягу ўсёй выставы. Гэтак жа, як здымкі з Гарадной шведа Класа Острама.
Ответить