З фактычнай “маці” Тыдня, гасцявой настаўніцай брэсцкай школы №7 з пашыраным выкладаннем нямецкай мовы Карын Краўс, гутарыў двойчы — напачатку і пасля апошняй запланаванай на ім сустрэчы з літаратарам Янам Шротэрам. Пачаткова быў асцярожны аптымізм: “Запланавана шмат, ёсць новае, такое, як нямецкая мова для дзяцей ад 6 да 8 гадоў праз карцінкі і песні, дыскусія пра ўласны аўтамабіль, розныя літаратурныя акцэнты…” Канцавую гутарку падам больш падрабязна, але пазней. Лічу, што важна даць выказацца незацікаўленым наведнікам.
Сведкі Тыдня
Са словаў вучняў 10-га класа СШ №7 Артура Валуевічаі Кацярыны Пархац, у актавай зале абласной бібліятэкі яны ўзялі інфармацыю пра сустрэчу з аўтарам дэтэктываў і кінасцэнарыстам з Нямеччыны з праграмкі Тыдня. З мінулых мерапрыемстваў Кацярына запомніла некалькі фільмаў і дыскусію пра карысць і заганы аўто, — “тэма зацікавіла”. Артур лічыць Тыдзень важным у сваім жыцці і шкадуе, што сёлета з аб’ектыўнай прычыны не мог наведваць ягоныя імпрэзы: “Вось, паспеў толькі на апошнюю. Але летась і пазалетась мог, дык прыходзіў. Хачу атрымаць нямецкі дыплом”. Абодва лічаць, што для школьнікаў больш звыклымі ёсць сцены роднай школы, таму на гарадскія мерапрыемствы ходзіць няшмат іх пагодкаў. Кацярына мяркуе, што відавочна невялікая колькасць удзельнікаў на гэтай і іншых агульнагарадскіх мерапрыемствах Тыдня гэта вынік таго, што “нямецкая мова цікавіць дастаткова вузкае кола людзей”. Заўважаю, што на адным факультэце замежных моў БрДУ вучыцца некалькі соцень студэнтаў-германістаў, а яшчэ ёсць тэхнічны ўніверсітэт, два ліцэі, гімназіі… На гэта і Кацярына, і Артур выказалі меркаванне, што гэтае адраснае кола недаінфармаванае.
Загадчыца аддзела літаратуры для дзяцей і юнацтва бібліятэкі Ларыса Верамчук патлумачыла больш пераканана (і пераканаўча): “Страчваюць прафесіяналізм не толькі настаўнікі. Ёсць нават бібліятэкары, якія зусім не чытаюць кніг. Але гэта ж паралельна з усім грамадствам. Гэтай з’яве шмат дзесяцігоддзяў ужо”.
Часткова пагаджаюся, часткова заступаюся за настаўнікаў і прыводжу развагі майго калегі-перакладчыка Якуба Лапаткі, апублікаваныя нядаўна ў “Нашай Ніве”. Аўтар пражыў 13 гадоў у Фінляндыі. Вывучыў фінскую мову, на ёй вывучыў у тамтэйшай школе ўнучку. Там ніхто нікога не змушае да пошуку адукацыйных магчымасцяў, піша былы “інязавец”. Маўляў, прыехаў нямецкі пісьменнік, а ну ідзі, напішаш рэферат па выніках сустрэчы. Там у дыпламаваных спецыялістаў заробак у 2–3 разы вышэйшы за бездыпломных. Ад гэтага і пачынае самачынна ўжо круціцца як след не толькі адукацыйны сегмент — уся машына грамадства.
Такі вугал зроку дазваляе, прынамсі. разглядзець прычыны малалюднасці нашых культуровых імпрэзаў, невялікай прысутнасці там моладзі. А з другога боку, і асаблівай вартасці тых, хто на такія сустрэчы ходзіць. Спадарыня Верамчук з энтузіязмам распавяла пра методыку навучання дзяцей нямецкай мове па кінароліках, паказаную на Тыдні адмыслоўцамі з мінскага Інстытута імя Гётэ. “Спачатку паказваюць кінакадр з сабачкам. Натуральна, апынаецца, што ў таго ёсць імя. Потым гавораць з дзецьмі пра пароды сабак, пра іхні выгляд – і так, зрэдку ўкрапляючы нямецкія словы, “заводзяць” малых на чужую для іх мову.”
Але гэта не ўсё, кажа Ларыса Верамчук. “На сайце Інстытута ёсць магчымасць праверыць сябе пасля на тэстах. І можна зарабіць нават неблагія прызы, калі тэст паспяховы”. Аднак заканчвае бібліятэкарка са скрухай: “ Былі на нашых мульціках толькі дзеці са школы №7. А рабілі ж абвесткі праз раённыя аддзелы адукацыі па ўсіх школах. Ды і наогул, ляжыць у мяне адмысловы куфэрак такіх фільмаў, — усё па тэхналогіі падабрана, упакавана. За год хіба чалавек 20 узялі пакарыстацца. І гэта абласны цэнтр….”
“Разборка палётаў” з галоўнымі іх “дыспетчарамі”
Прыкладна ў такой сама танальнасці, як і іхняя калежанка Верамчук, выказаліся намеснік дырэктара абласной бібліятэкі імя Горкага Галіна Бурына і загадчыца аддзела літаратуры на замежных мовах Таццяна Налобіна: паведамлялі, апавяшчалі, тэлефанавалі, запрашалі… Як вядома, абласная бібліятэка з’яўляецца беларускім партнёрам-арганізатарам Тыдня нямецкай мовы і культуры ў Брэсце.
Спадарыня Карын Краўс нашу выніковую размову таксама пачынае з сардэчнага болю, але пытаюся пра ўдалае. Яна ўпэўнена называе тры імпрэзы Тыдня: “Тэатральная п’еса ў школе №7 — дзеці зусім, 5-ы клас, 45 мінут, усё на нямецкай мове. Потым, майстроўня інстытута імя Гётэ з брэсцкімі настаўнікамі “Нямецкая мова з Гансам Хазэ” — добрае прадстаўніцтва, усё як па нотах. І сённяшняе чытанне Яна Шротэра”.
Згадваю ўражанні іншых удзельнікаў Тыдня. На тое, што баліць, Карын Краўс адгукаецца без ані хвіліны роздуму: “Пры вялікіх выдатках, сапраўды, такія часам сціплыя вынікі. Прыкладам, сёння. Усё як мае быць — паспяховы ў Нямеччыне, спанатраны аўтар, цікавая размова, дыскусія нават — а для вузкага кола. З іншых школ, з універсітэта амаль нікога. Мы ж робім гарадскія імпрэзы не для школы №7, а для ўсяго горада. Так было і на моўнай майстроўні для маленькіх, і на вялікай колькасці іншых “станцый” Тыдня. Праграму Тыдня надрукавалі ў газетах, ёсць яна на сайце школы, бібліятэкі. Настаўнікі нямецкай мовы, хто звяртаўся і выказаў зацікаўленасць, усе атрымалі вычарпальную інфармацыю пра Тыдзень. Вывесілі праграмку і на факультэце замежных моў, гасцявыя настаўнікі аб’яўлялі там адмыслова … Але — амаль ніякага рэзанансу”.
З маёй падачы, абыгрываем словы “Kopf“ i „Knopf“ (“галава” і “кнопка”), асаблівасці працы галавы людзей, якія кшталтуюць сябе (або не) ў германістыцы, наяўнасць функцыянальных людзей-кнопак, якія, як вядома, уключаюцца толькі пры націсканні… І да якіх не належаць 10-класнікі Кацярына і Артур — самі прачыталі, самі выбралі, самі прыйшлі…
Думаю пра новае кіраўніцтва горада і кажу пра тое, што паглыбіць сэнсоўнасць Тыдня нямецкай мовы ў Брэсце можна было б праз арганізацыю аналагічнага Тыдня або хаця б Дзён беларускай мовы і культуры ў Нямеччыне — скажам, у горадзе-партнёры Равенсбургу. “Спрабавалі я і Фолькер Янсэн (пастаянны ўдзельнік Тыдня ў Брэсце, настаўнік , сябар нашага горада , жыве ў Равенсбургу – Я.Б.) ініцыяваць нешта такое ў нямецкім горадзе-партнёры, але пакуль не атрымалася, – спадарыня Краўс цяжка ўздыхае. – Трэба, каб было ў Брэсце кола людзей, якое зможа арганізаваць гэта. Калі ёсць многа людзей, калі ёсць каманда — дык і вынік будзе. Вось, калі на месцы—– бібліятэка моцна ўлягае тут, іншыя ёсць… І ўсё роўна… Не без накладак. Замалое, заслабое гэтае кола. І на тым баку выдае на тое, што замала сіл і зацікаўленасці…”.
Цікавая атрымліваецца сітуацыя. Вялізны дзяржаўны механізм працуе на халастых абаротах, няйначай. Дзеля эксперыменту і з-за нястачы часу, — быў у ад’ездзе — хуценька, за дзень падрыхтаваў для сваёй імпрэзы на Тыдні, прэзентацыі падарожнага дзённіка Гайнэ “Пра Польшчу”, такі элемент, як чытанне арыгіналу і пераклада. Пагадзіліся дзве дзяўчыны з факультэта замежных моў, дзе колісь працаваў 7 гадоў ад заснавання. Дзяўчаткі, хто насмеліліся, вучацца нядаўна, хваляваліся, але прачыталі складаныя тэксты пачэсна, з належнымі інтанацыямі і нават жэстамі. Пра ўражанні не распытваўся. Але бачыў, што было ім надта цікава. А як жа, агучыць класіка нямецкай літаратуры, які піша пра наша, роднае — гэта жывая справа! Дык няхай бацькі парадуюцца за дружны гурт пяціклашак сёмай школы, якія паставілі нямецкі спектакль, за гэтых дзвюх студэнтак — усе яны былі ў гэты кастрычніцкі тыдзень людзьмі паўнавартаснымі і самачыннымі. А мы — паглядзім, што можна зрабіць да лепшага?
Ответить