Арганізацыя патрабавала, каб супрацоўнікі органаў унутраных спраў і іншых дзяржаўных органаў спынілі адміністрацыйны пераслед журналістаў-фрылансераў, каб судовыя рашэнні, вынесеныя ў дачыненні да журналістаў па ч.2 арт. 22.9 КаАП, былі апратэставаныя ўпаўнаважанымі службовымі асобамі, а таксама каб суб’екты нарматворчасці прывялі акты заканадаўства Рэспублікі Беларусь у сферы свабоды выказвання меркавання ў адпаведнасць з Канстытуцыяй і Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах. Тэкст заявы быў накіраваны Генеральнаму пракурору, міністру ўнутраных спраў, старшыні Камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, а таксама старшыні Вярхоўнага Суда.
Аднак дзяржаўныя органы, да якіх звяртаўся БАЖ, вырашылі адсылаць адзін да другога. Так, у адказе, што прыйшоў з Палаты прадстаўнікоў, адзначаецца, што камісія “не мае права кантраляваць дзейнасць судоў і іншых дзяржаўных органаў, а таксама даваць ацэнку законнасці рашэнняў, якія прымаюцца дзяржаўнымі органамі і службовымі асобамі”. Аўтар гэтага адказу, старшыня пастаяннай камісіі Андрэй Наумовіч, раіў абскарджваць судовыя пастановы ў судах вышэйшых інстанцый, а дзеянні міліцыянтаў – у МУС.
У сваю чаргу ў адказе за подпісам намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі Міністэрства ўнутраных спраў РБ Алега Каразея гаворыцца, што “па ўсіх пералічаных Вамі фактах складання супрацоўнікамі органаў унутраных спраў пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях па ч.2 арт. 22.9 КаАП справы разгледжаны судамі, і Міністэрства ўнутраных спраў не мае паўнамоцтваў на іх перагляд”. Ён нагадвае таксама, што “рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання ў сферы масавай інфармацыі” з’яўляецца Міністэрства інфармацыі. “У гэтай сувязі прапановы па ўдасканальванню заканадаўства ў сферы масавай інфармацыі неабходна накіроўваць у названы дзяржаўны орган”, – адзначае Каразей.
Следам за парламентам і МУС на зварот ГА “БАЖ” адказала Генеральная пракуратура. “Калі названыя ў Вашым звароце асобы лічаць, што ў выніку прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці парушаны іх правы і законныя інтарэсы, яны маюць права самастойна звярнуцца з адпаведнымі скаргамі ў органы пракуратуры ці ў суд у парадку, устаноўленым Працэсуальна-выканаўчым кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях (ПВКаАП)”, – гаворыцца ў лісце за подпісам начальніцы аддзела па нагляду за захаваннем правоў і свабод грамадзян М.Паповай. Сцверджанне пра неадпаведнасць асобных норм нацыянальнага заканадаўства артыкулу 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах з’яўляецца неабгрунтаваным, – лічаць у Генпракуратуры. Папова нагадвае, што беларускі закон “Аб СМІ” не толькі гарантуе грамадзянам свабоду поглядаў і іх выяўлення, але і ўтрымлівае шэраг абмежаванняў — у тым ліку датычна дзейнасці прадстаўнікоў замежных СМІ без акрэдытацыі. Абмежаванні гэтыя “павінны быць устаноўленыя законам і з’яўляцца неабходнымі для павагі правоў і рэпутацыі іншых асоб, а таксама аховы дзяржаўнай бяспекі, грамадскага парадку, здароўя ці маральнасці”, — лічаць у пракуратуры.
Таксама даслаў адказ на зварот журналісцкай арганізацыі намеснік старшыні Вярхоўнага Суда РБ Валерый Калінковіч. Згадваючы рашэнне суда па справе аднаго з фрылансераў, Калінковіч зазначыў, што яно “можа быць апратэставана пракурорам, а таксама абскарджана асобай, у дачыненні да якой яно вынесена, пацярпелым, іх прадстаўнікамі, абаронцам”. “Адначасова інфармую, што пастаўленыя ў вашым звароце пытанні, якія тычацца нязгоды з дзеяннямі супрацоўнікаў міліцыі, да кампетэнцыі Вярхоўнага Суда не адносяцца”, – гаворыцца ў адказе намесніка старшыні ВС.
Матэрыял падрыхтаваны ў рамках сумеснай праграмы газеты «Брестский курьер» і Рэспубліканскага праваабарончага аб’яднання «Беларускі Хельсінкскі Камітэт» па павышэнню інфармаванасці жыхароў Брэсцкай вобласці аб стане правоў чалавека ў Беларусі.
Ответить