I. Ліст з Петрапаўлаўскай крэпасці
Як вы, любая маці мая? Кацярына? Ганна?
Як ты, Юзэф? У Сяхновiчах, мусіць, зараз.
Як там дзеці, унукі? Мне ўжо нават складана
пералічваць усіх — гэта быццам рабіць каштарыс.
Я сумую адчайна. Дарэчы, мінулай ноччу
напісаўся першы не да Людвікі вершык.
Ён пра тое, як я вандраваў ды збочыў,
каб наўпрост дадому, ды пешшу, дарма што вершнік.
Недзе побач са мной з бастыённых муроў апоўдні
чысціць горла гармата, мусяць вясці ў прыбіральню.
Колькі шчэ нашы жыцці паўскрайку імперыі поўніць
будуць грукат, праклёны ды лямант званоў развiтальных?
А сапраўдны палон – гэта тое, што робіцца звычкай.
Я мяркую, яна i з’яўляецца сілай катаў.
Што раблю? Раззнаёміўся з пацукамі, пільную знічкі
у каардынатнай сістэме кратаў.
I чарга на прагулку зняволеным ды збялелым
у расейскіх турмах штодзень у парадку рэчаў,
бо па нас, ліцвінаў, прыходзяць ня з кожным стрэлам.
Вось у гэтым яны пакуль не далі асечак.
Мы з Юльянам, увогуле, мусім доўга
не гуляць пад хмарным пятровым небам,
што зліваецца колерам шэрым з такой жа падлогай,
і ўжо не ўцяміш, дзе тая рака, дзе глеба.
Вось такі б нам туманны мур наўсцяж манеўра,
каб, што тая вільготнасць, гусцела ў далонях зброя
і знянацку сляпіла вочы лязо касІнераў,
бо выключна ў бліжнім баі ажывае мроя.
Але ўсё спісаць на надвор’е было б спрашчэнствам.
Мы i самi сабе стагоддзi капалі ямку:
нават Бог не паспеў бы на нашыя ўсе набажэнствы,
ды вагаецца шляхта ў адным і другім напрамку.
Калі нехта паважыцца з нашых мясцін па справах
(хай бы зараз, пакуль яе не заснежыць),
дык прашу – перадайце мне жменю зямлі з фальварка.
На магілу ня хопіць, але ля яе – усцешыць…
II. Размова з Паўлам I
«Ты – славуты змагар за свабоду брытанскіх калоній.
Генерал-брыгадзір, не які там штабны падгалосак.
Я сачыў, як вы слушна чынілі канфуз Кароне.
Аніводны бок не забыўся на твой унёсак.
Мне ня трэба больш ворагаў, чым ужо ёсць. I скуру
мае сэнс абдзіраць, калі гэта паслужыць узорам.
Буду шчырым з табою, Тадэвуш Банавентура:
у цябе ёсць шанец спраўдзіць лацінскi корань.
Прапаную табе старую, як свет, дамову
(мне пасуюць кандоты, а вешаць цябе – навошта?):
прысягні мне на вернасць і лепей – на нашай мове.
Атрымаеш свабоду, сялян і нямала грошай.
Пры табе застануцца маёнтак ды крыж малення.
Застанешся ўплывовай персонай. Што скажаш? Згода?
Усяго тае справы, што стаць на абодва калены
і сказаць «абяцаю ніколi табе не наносіць шкоды».
«Гасудар, я гатовы, але прысягаць асобе
не магу, калі толькі яна не ў спадніцы.
Мне таксама, дарэчы, і поза не даспадобы –
кленчу цалкам я толькі як п’ю з крыніцы.
Вось такія ўмовы. Сабе ж ты пакiнь прыгонных.
Хай звярне вызваленчы імпэт на сяброў на маіх вялікасць.
Што да мовы… дык я жаўнерам палонным
адмыслова па-руску казаў толькі слова «милость».
Цар маўчаў, адчуваў інсургэнцкі нораў,
але розум падказваў надзейны і звыклы вобраз:
у Расіі заўсёды знойдзецца граф Сувораў.
Цар падумаў крыху ды й мовіў з палёгкаю: «Добра.
А калi ж ты iзноў зробіш выбар, Тадэвуш, няўдалы,
дык чакаюць цябе ўжо Сібір, ланцугі ды ядры».
Мо пакінем пагрозы на хворым сумленні Паўла,
як i рэшткі тае размовы, як кажуць цяпер, за кадрам.
III. Прысяга
Час ішоў, снежань холад такое стыні
спрычыніў, што вершнікі падалі з коняў.
Такі нехта прыехаў наведаць Касцюшку з малой айчыны,
ліст ад родных ды нешта яшчэ працягнуў у далоні.
Павялі арыштанта змацоўваць з царом дамову.
Цвёрда голас Касцюшкаў гучаў па ўсім пакоі:
«Я клянуся ніколi не здрадзіць ніводным словам,
ані думкай зямлі, цяпер стаю на якой я».
Варушыліся хмары, як быццам пад ветрам – збожжа.
Ад уважлівых і ўсюдыісных вачэй употай
апусціўся Тадэвуш спіной да дзвярэй на ложак,
усміхнуўся…
Ды вытрас зямлю з ботаў.
0 комментариев
Глеб Александров
28.12.2014 в 19:43XXL
28.12.2014 в 19:43Калі першыя два чатырохрадковікі запісаць у радок — то можна зразумець, што ў іх — Паэзіі і блізка няма.