29 снежня, у еўрапейскі Дзень без пакупак, у Берасці быў арганізаваны бескаштоўны кірмаш. Любы ахвотны мог прынесці на яго непатрэбныя рэчы, якія могуць і далей ужывацца. Гэтаксама кожны мог узяць сабе нешта, але, як зрабілі акцэнт арганізатары, добра падумаўшы, ці сапраўды яму гэтая рэч патрэбна. Асартымент на фрымаркеце склала ў асноўным жаночая вопратка, але былі таксама кнігі і розная драбяза з катэгорыі “Усякае”.
Валанцёрка інфацэнтра “Экадом” Вікторыя Мурашка пракаментавала, што фрымаркет меў некалькі тактычных мэт. Па-першае, даць магчымасць людзям сэканоміць на набыванні новых рэчаў. Па-другое, унесці ўклад у змяншэнне побытавых адкідаў, бо гэта шанец даць добрай рэчы новае жыццё, замест таго каб у яшчэ адносна добрым стане выкінуць яе на сметнік. Па-трэцяе, на бескаштоўным кірмашы можна было проста досыць цікава пабавіць час у кампаніі. Гасцям прапаноўвалі гарбату (у папяровых шклянках), нехта фатаграфаваўся на фоне спецыяльных дэкарацый, а кіндэраў можна было пакінуць у адмысловай дзіцячай зоне, якая ўяўляла сабой стол з гульнямі, пазламі і каляровымі алоўкамі. Там ахвотна завісалі і дарослыя, дарэчы. У межах фрымаркету прайшоў таксама майстар-клас на тэму, як можна “ажывіць” старую вопратку.
Важна, што нераздадзеныя рэчы арганізатары вырашылі аддаць у сацыяльны цэнтр як дапамогу маламаёмасным людзям. У выпадку, калі нейкая вопратка не будзе там прынятая, яна пойдзе ў прытулак для бадзяжных жывёл на падсцілкі.
Арганізатарамі бескаштоўнага кірмашу ў Дзень без пакупак выступілі грамадскія арганізацыі “Экадом” і “Грунтоўня”. Прычым “Грунтоўня” – гэта нядаўна зарэгістраваны культурны цэнтр, у чыім памяшканні і адбывалася мерапрыемства.
Ответить