На 77-м годзе пайшоў ад нас Марат Васільевіч Краўцоў, доктар тэхнічных навук, грамадзянскі актывіст, эколаг, мысляр. За яго плячыма — багатая і складаная біяграфія. Ахвярай сталінскіх рэпрэсій стаў яго бацька, і пазней і ён сам. Загінула ў вайну маці.
Марат Краўцоў выхоўваўся ў Езярышчанскім дзіцячым доме, дзе ў стадыі фармавання было аддзяленне для дзяцей “ворагаў народа”. Пасля дзіцячага дома навучаўся ў прафтэхвучэльні, працаваў слесарам. Потым атрымаў вышэйшую адукацыю, абараніў кандыдацкую і доктарскую дысертацыі, стаў прафесарам, загадчыкам кафедры, шмат гадоў выкладаў гідратэхніку і экалогію ў Брэсцкім тэхнічным універсітэце.
Марат Краўцоў адрозніваўся неабыякавасцю, цягай да справядлівасці, заўсёды меў сваю пазіцыю, настойваў на праве беларусаў быць народам. Падобна да Андрэя Сахарава, звяртаў увагу ўладнікаў на важнасць навукі і навукоўцаў як людзей, якія мысляць сістэмна, сам распрацоўваў прапановы больш сэнсоўнага і справядлівага ўладкавання грамадства, асобных яго падраздзелаў.
Нястомны працаўнік, Марат Краўцоў нават у апошнія месяцы жыцця, азмрочаныя цяжкай хваробай, не пераставаў працаваць над навуковымі артыкуламі. Плён яго працы застаўся ў кнігах, навуковых публікацыях, газетных артыкулах (у тым ліку і ў “Брэсцкім курьеры”), тэкстах у сеціве.
Бывай, дарагі Марат Васільевіч!
0 комментариев
Глеб Александров
07.02.2015 в 10:14