Напісана пяром
Па аналогіі з Усеагульнай дэкларацыяй правоў чалавека існуе нават асобная Сусветная дэкларацыя правоў жывёл, прынятая яшчэ ў 1977 годзе і падтрыманая ЮНЭСКА. Сутнасць дэкларацыі зводзіцца да таго, што ўсе біялагічныя віды раўнацэнныя між сабой, маюць права на павагу з боку чалавека і не могуць падлягаць жорсткаму абыходжанню. Ёсць у гэтым дакуменце і пункт, дзе гаворыцца пра дамашніх жывёл, гаспадары якіх мусяць пра іх клапаціцца і не выкідваць на вуліцу.
Рэальнасць нашай краіны, вядома, рэзка адрозніваецца ад прыгожых і гуманных прынцыпаў Сусветнай дэкларацыі правоў жывёл. Сярэднестатыстычны беларус пакуль адчувае “відавую” перавагу перад жывёльным светам – больш таго, успрымае жывёл за рэчы, з якімі абсалютна беспакарана можна абыходзіцца па сваім жаданні. Якія людзі, такая і ўлада, таму дагэтуль не маем закона аб жорсткім абыходжанні з жывёламі і нічога не можам парабіць з жывадзёрамі, нават маючы доказы пра іх злачынствы. Быццам і не ўсведамляем, што чалавек, здольны з асаблівым цынізмам забіць ката, як кажа народная прымаўка, толькі трэніруецца…
Дзве пугі
На думку кіраўнічкі суполкі Animal Help па абароне правоў жывёл Ірыны Амельянчук, выкідванне дамашніх жывёл на вуліцу і масавыя забойствы іх дзяржаўнымі службамі – дзве самыя вялікія праблемы ў сённяшняй Беларусі. Прычым адна праблема выклікае за сабой другую. “Насельніцтва заўсёды шакуецца, калі “Камунальнік” адстрэльвае сабак. Але, па сутнасці, вінавата ў гэтым яно само. Бо чалавек спачатку выкінуў на вуліцу маленькага шчанюка, пасля шчанюк вырас і кагосьці ўкусіў, і на яго выклікаюць “Камунальнік”, — кажа Ірына. Яна дадае, што з выключна бадзяжнымі жывёламі валанцёры справіліся б (нават без умяшальніцтва дзяржавы, скажам ад сябе), але з агромністай колькасцю выкінутых дамашніх пітомцаў даць рады за тыя смешныя рэсурсы, што ёсць у дабрачынцаў, немагчыма.
У каго з гаспадароў усё ж не падымаецца рука выкінуць прыплод дамашняга ўлюбёнца на вуліцу, часта з’яўляецца думка перакінуць абавязак уладкоўваць маладняк на плечы тых жа зоаабарончых арганізацый. Быццам тым мала працы з бадзяжкамі. Калі жывёлаабаронцы раяць такім гаспадарам кастрыраваць свайго ката ці сабаку, тыя найчасцей адмаўляюцца, маючы ў галаве кіпу стэрэатыпаў на гэты конт. Падобна, што прасвету ў нашых галавах пакуль не прадбачыцца, і праблема з выкінутымі жывымі істотамі будзе актуальнай яшчэ доўга.
Сабака з бункера
Вось і зусім нядаўні прыклад з дарослым сабакам, выкінутым у бункер у мікрараёне “Рэчыца”. Паколькі бункер быў глыбокім, дзеці, што першымі сабаку знайшлі, не змаглі самастойна яго выцягнуць. Проста бегалі падкормліваць, і гэта цягнулася працяглы час, недзе ля месяца. Сабака аказалася жаночага полу і прывяла ў бункеры шчанюкоў – тады пра яе і даведалася Віта.
Як заўсёды ў такіх выпадках, не знайшлося службы, якая б пагадзілася выцягнуць сабаку з бяды. МНС кіўнула на “Камунальнік”, але які аматар жывой прыроды будзе добраахвотна выклікаць забойцаў? Віта вырашыла дзейнічаць сама і з вялікай цяжкасцю знайшла мужчын, якія прывезлі да бункера лесвіцу і дапамаглі сабачаму сямейству, якое ў поўным складзе было ўжо ледзь жывое.
Пасля гэтага жанчына атрымала праблему, куды падзець выратаванага сабаку. На нейкі час яна забрала маму з дзецьмі да сябе, але сямейныя абставіны не дазволілі трымаць іх доўга. Выкінуць зноў на вуліцу? Віта мела надзею, што сабаку хоць на нейкі час у яе забяруць пасля публікацыі ў нашай газеце, але яшчэ важней жанчыне было звярнуць увагу на ўсеагульную абыякавасць да пакут жывёл: “Колькі часу дзеці ёй насілі ежу ў тую яму! Яны ж бралі ежу дома, пра гэта мусілі ведаць бацькі. Няўжо ніхто не пацікавіўся з іх, куды дзіця носіць гэтую ежу? Няўжо ім дзеці самі не расказвалі? Чаму ні ў аднаго таты не з’явілася жаданне дапамагчы?” – задаецца пытаннямі Віта.
Нотка аптымізму
Разам з тым Ірына Амельянчук дзеліцца і добрымі навінамі на фронце змагання за правы жывёл. Кіраўнічка Animal Help пераказвае інфармацыю ад мясцовага дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Ларысы Багдановіч, што заканадаўцы ўсё ж плануюць у бліжэйшы час унесці папраўкі ў адміністратыўны і крымінальны кодэксы ў бок больш жорсткага пакарання за здзек над жывёламі. Вельмі верагодна таксама, што ў наступным годзе верхняя палата вернецца да распрацоўкі закона “Аб жорсткім абыходжанні з жывёламі”.
Ответить