Разам з тым, паведамляюць пра пакараных за ворыва зямлі ў водаахоўнай зоне і пра маючую быць у 2015-м годзе аптымізацыю ландшафтнага заказніка, куды ўваходзяць землі пры рацэ Лясная.
Дэталізацыя адказу
Адказ прыйшоў на імя Вячаслава Лішыка, аднаго з падпісантаў калектыўнага звароту ва ўлады. Падпісаў ліст на шасці старонках намеснік начальніка Брэсцкага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя С.Шылінчук. З адказу вынікае, што забіта не проста нейкая там рэчка — чарговая з соцень беларускіх малых рэк: “З мэтай захавання ўнікальнага ландшафту, сфармаванага ў асноўным у рэчышчах рэк Заходні Буг і Лясная, маючага эталонную каштоўнасць… , у 1999 г. у Брэсцкім раёне створаны ландшафтны заказнік мясцовага значэння “Бугскі”.”
Згадаем адмыслова яшчэ некалькі ключавых абсягаў адказу. “З 06.07 па 20.07.2014 узровень вады ў рацэ Лясной падняўся на 1 м. Недахоп кіслароду фіксаваўся з 17.07 на ўсім цячэнні ракі. Прычына – гніенне расліннасці, найперш у вярхоўях ракі”. Адпаведна, адзначаецца, што паморак пачаўся найперш у Белавежскай пушчы і каля Камянца.
Адрасаты адказу даведаліся, што меліяратыўных каналаў у водападзеле ракі Лясной нарылі аж 331 кіламетр толькі ў адным Брэсцкім раёне (Камянецкі абыйшлі – можа, каб не чапаць лішні раз запаведны статус Белавежскай пушчы? — Я.Б.). На гэтых сотнях кіламетраў стаяць 85 трубаў і шлюзаў, прызначэннем якіх з’яўляецца “рэгуляванне грунтавых і павадкавых водаў”.
Далей, “паводле інфармацыі ГУГП “Брэсцкая ПМС”, водарэгулюючыя збудаванні …пад час паводкі былі адчыненыя”.
Цікава, як тады быць з прыведзенымі ў публікацыі “БК” фота не паднятых напоўніцу ў ліпені-жніўні затвораў шлюзаў на Лясной? І чаму гэтыя збудаванні не могуць выканаць сваю функцыю пры патрэбе? Бо менавіта пра гэта хацелі ўведаць аўтары звароту. Таму сама з нецярпеннем чакалі яны і адказу на пытанне: а ці былі заморы ў дамеліяратыўнай гісторыі Лясной? Але адказу не атрымалі.
У адказе проста падкрэсліваецца, што Лясная “схільная да заморных з’ яваў”, і што дзеля прадухілення бяды ў самы гарачы і самы халодны перыяд(прыводзяцца даты) двойчы ў месяц праводзяцца разнастайныядаследаванні, улучна з замерамі кіслароду ў вадзе і станам прыдоннай фаўны.
Дзіўнавата, праўда, навошта мераюць узімку: Лясная не заморнае возера з паўметровым ільдом, вада ў ёй цячэ жвава, асабліва пры нізкім узроўні.
Пра меліярацыю, — але без запытанай характарыстыкі, як было да яе, — даведваемся яшчэ дзве рэчы. Адна з плюсам. 6 гаспадарак Брэсцкага раёна збіраюць на меліяраваных землях 40% ураджаю. Другая з мінусам. “Пры разглядзе звароту з выездам на месца” высветлілася, што тры з гэтых гаспадарак заўважаныя-такі ў парушэнні заказнага рэжыму, за што прыцягнутыя да адміністратыўнай адказнасці галоўны аграном СВК “Чарнаўчыцы”, галоўны аграном аграсаду “Рассвет” і начальнік цэха раслінаводства Матыкальскага аддзялення СГЦ “Заходні”.І разам з тым, пры праверцы “…забруджванняў тэхнагеннага характару не было ўстаноўлена”.
Яшчэ штатныя прыродаахоўнікі паведамляюць, што ў 2015-м годзе “эталонны” ландшафтны заказнік будзе аптымізаваны (“…прадугледжана пераўтварэнне… з аптымізацыяй плошчы і ўздакладненнем межаў і рэжыму аховы і выкарыстання”). Гэта значыць,што ахоўваемыя плошчы або паменшаць. або павялічаць. А можа, у цябе, паважаны чытач, ёсць іншая версія прачытання?
Што будзе далей
Атрымальнікі адказу лічаць, што ў іх па-ранейшаму няма адказу на тое, хто вінаваты ў смерці Лясной. Нейкі ўскосны адказ прачытваецца паміма тэксту чыноўнікаў з прыродаахоўнага ведамства. Недзе напачатку восені разабралі шлюз на Лясной. Крыніца інфармацыі казала пра абодва тыя, якія фігуравалі ў папярэдняй публікацыі. Паехаў праверыў – знялі затворы з вістыцкага, які бліжэй да шашы Чарнаўчыцы – Вістычы. Шлюз каля вёскі Дружба ў ранейшым стане. Бачна толькі, што бліжэйшае да вёскі палатно спрабавалі цалкам падняць, але яно яшчэ больш перакасабочылася, і яго заела ў пазах канчаткова.Так вось ціхенька – да наступнай экалагічнай катастрофы?
Ответить