Яны, як самі казалі, хацелі даць магчымасць розным валанцёрскім групам паглядзець адзін на аднаго ды ўсталяваць кантакт дзеля будучых сумесных дзеянняў. А што такія дзеянні будуць, ініцыятар форума Алег Голас не сумняваецца, бо, з’яўляючыся кіраўніком грамадскага аб’яднання “Спадчына”, не раз і сам ладзіў мерапрыемствы супольна з калегамі.
У круглай зале гарвыканкама сабраліся валанцёры з шасці суполак. Дзве з іх – “Совы” і “Акадэмія добраахвотнасці” – атрады пры ўніверсітэце імя А.С. Пушкіна. “Клуб дзелавых жанчын” дэлегаваў свой валанцёрскі клуб “Элпіс”. Тут жа сядзелі добраахвотнікі з пашукова-выратавальнага атрада “Анёл”, валанцёры “Спадчыны”, а таксама прадстаўнікі камерцыйнай структуры “Сонечы горад”, якая, аднак, мае і валанцёрскі накірунак дзейнасці.
Прадстаўнічасць форума, трэба сказаць, уявілася нам не такой і вялікай, улічваючы, што адным толькі выратаваннем бяздомных жывёл займаецца ці не з дзясятак разнастайных суполак. Але ў гарвыканкаме гэты рух прадстаўляла адна толькі “Спадчына”.
Будзем думаць, што поўнамаштабны форум з максімальным ахопам не толькі зарэгістраваных валанцёрскіх аб’яднанняў, але і груп грамадзян, што робяць нешта карыснае, але не хочуць улазіць у бюракратычную цягамоціну з рэгістрацыяй аб’яднання, — яшчэ наперадзе. Тым больш што энтузіязма Алегу Голасу не займаць.
Форум валанцёраў “Мы разам” сёлета прайшоў другі раз. Пры гэтым ён крыху памяняў фармат. Як зазначыла намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Таццяна Кажанава, мінулы форум быў больш святочным, але зводзіў да мінімуму магчымасць удзельнікаў пазносіцца. Сёлета мерапрыемства больш сціплае, але разам з тым вольнае, нешта сказаць мог любы, чым валанцёры нават пакарысталіся.
Ответить