Нягледзячы на тое, што большасць задзейнічаных актораў працуюць у драматычным тэатры, паказ спектакля праходзіць у будынку насупраць – у выставачнай зале пры кавярні Le Phare. Само па сабе ўтульнае памяшканне рукамі актораў ператварылася ў казачнае. Як расказала нам Ірына Пашэчка, абсалютна ўсё – ад цацак на елку да падушак і пледаў – зроблена адмыслова для спектакля. Над большай часткай рэквізіта працавалі самі акторы, але ў чымсьці звярнуліся па дапамогу прафесіяналаў. Так, афішу і рэкламную прадукцыю зрабіла мастачка Ганна Радзько. Эмілія Пякун працавала над лялькамі гераінь лялечнай казкі “Мароз Іванавіч”, уплеценай у сцэнар прадстаўлення. Ну а Васіль Бурдзін для гэтай лялечнай казкі намаляваў паштоўку-дэкарацыю. Менавіта на яе зменлівым фоне і адбываюцца ўсе цуды ў куфары Мароза Іванавіча. Дарэчы, падсветку, агучку і фінальнае аздабленне куфара – цэнтральнага прадмета спектакля – выканаў сам “Мароз Іванавіч” Анатоль Бараннікаў.
Прадстаўленне, пачынаючы ад праверкі ўваходных білетаў, вытрымана ў духу рускіх народных казак. Таму яно выдатна падыдзе для тых бацькоў, што самі любяць фальклор суседняга народа і з дзяцінства імкнуцца прывіваць гэтую любоў у сваіх дзецях. Хаця назваць нейкую адну казку, па матывах якой адбываюцца падзеі ў спектаклі, немагчыма. Па сутнасці, нават слова спектакль да “Куфара Мароза Іванавіча” падыходзіць не вельмі. Бо калі яшчэ першую частку мерапрыемства дзеткі сапраўды глядзяць і слухаюць, то пасля з’яўлення Дзеда Мароза яны то танцуюць, то малююць, то пазіруюць для аквагрыма.
Асноўны сюжэт казкі складаецца вакол трох герояў – Завірухі (Ганна Стасюк, Ірына Пашэчка), Мяцеліцы (Алёна Масюк, Таццяна Строк) і іх маладога брата-гарэзніка Мароза Іванавіча. Паўнацэннымі героямі з’яўляюцца і дзеткі – яны нібыта прыйшлі ў госці да Мароза Іванавіча паслухаць казку, але той усё ўпарціцца яе расказваць. Але ў рэшце рэшт здаецца і адчыняе свой чароўны куфар. Пасля лялечнай казкі, цудоўна зыгранай акторамі, па закліку дзяцей выходзіць Дзед Мароз (Алег Бузук, Міхаіл Ільіч), і свята працягваецца.
Кожны паказ доўжыцца крыху меней за гадзіну і разлічаны на 10-15 дзетак. Пры такой колькасці гледачоў у актораў атрымліваецца надзяляць ім патрэбную ўвагу, разварушваць самых сціплых. На афішы прадстаўлення пазначана, што паказы будуць адбывацца па 30 снежня ўключна, але Ірына Пашэчка дадае, што “Куфар Мароза Іванавіча” працягнецца і пасля Новага года. Яго хутчэй за ўсё будуць даваць увесь студзень і люты па выходных днях.
Ответить