Раман “Каала” Лукаса Бэрфуса пераклала на беларускую мову Ірына Герасімовіч. Твор быў прызнаны ў Швейцарыі Кнігай 2014 года. Відавочна, не за выбар тэмы: самагубства. Прынамсі, ні адзін з трох водгукаў на вокладцы арыгінала тэму і блізка не згадвае – пішуць пра цупкі стыль і майстэрскае валоданне словам.
Лукас
На брэсцкай прэзентацыі рамана былі і аўтар, і перакладчыца. У актавую залу Брэсцкай абласной бібліятэкі прыйшло больш за паўста чалавек, – збольшага навучэнцы, якія маюць дачыненне да нямецкай мовы. Элітарнасць не адпаведная такому юнаму ўзросту. Да таго ж аўтарскі саракахвілінны маналог пра каалу шматлікімі падрабязнасцямі і дэталямі “засушыў” брэсцкую моладзь амаль да стану гэтых аўстралійскіх сумчатых мядзведзікаў, – са слоў швейцарскага пісьменніка, яны спяць 22 гадзіны ў суткі, яшчэ адну дрэмлюць, а пазасталую гадзіну выдаткоўваюць на пажыранне багатых на нястраўную цэлюлозу і цыяніды эўкаліптавых лісцяў.
“Хоць яны перажылі многія іншыя віды, але больш непрыстасаваных да жыцця істотаў няма на свеце! Кормяцца яны па сталовай лыжцы ў дзень, не п’юць вады, метабалізм маюць надта павольны, страўнік у іх зусім малы і адзін, а не як у кароў або іншых раслінаедаў, з некалькімі аддзеламі. Але яны не цёплыя і вялікія, як каровы, – яны малыя і халодныя! Паляваць на іх дык і стрэльбы не трэба – дастаткова патрэсці дрэва”. Так пералічваў Лукас Бэрфус рысы, якія леглі ў аснову мянушкі ягонага брата. Якраз братаў лёс ён расшыфроўвае ў сваім творы, спрабуючы зразумець, чаму той пакончыў жыццё самагубствам. “Так яго назвалі скаўты – і мелі на тое наўпроставыя падставы. Менавіта такім ён і быў, насамрэч”.
Потым аўтар распачаў доўгую тыраду пра ролю імені, якое “прыходзіць нібыта выпадкова, але застаецца на ўсё жыццё і ўплывае на лёс. Мяняюць імя толькі пісьменнікі, людзі сцэны, спевакі”.
Тут адна з дзяўчат не пагадзілася быць брэсцкай каалай і спытала, дык чаму ж усё-такі гэтыя звяркі выжылі, а больш вартыя жыцця віды вымерлі, – калі ўжо каалы горшыя.
Швейцарац гумар сітуацыі ацаніў, як і тое, што прысутнасць у зале паменшылася. “Мой раман, сапраўды, не для ўсіх”. І неўзабаве адарыў цярплівых сваімі адкрыццямі, якія зрабіў, аналізуючы прычыны самазабойства брата.
– “Людзі адчуваюць вялікую агрэсію да таго, хто нічога не робіць. Між тым, актыўнасць і прадпрымальнасць, як бачна з гісторыі жывёльнага свету, з гісторыі чалавецтва, нясуць страты, часам незваротныя. Нас заахвочваюць працаваць, але ўсе рэлігіі свету, абавязкова абяцаючы “жыццё пасля”, прарочаць на тым свеце не цвёрды заробак, а беспраблемнае існаванне зусім нічога не робячы. А якое было пакаранне Адаму і Еве за першародны грэх? Так, здабываць свой хлеб надзённы ў поце аблічча”.
Карацей, такі вельмі антыбеларускі відок атрымаўся. Наколькі разумею, архетыпная рыса беларуса — гэта гаспадарлівасць, жанчыны-беларускі – увішнасць, абодвух яднае працалюбства. А тут гэта аспрэчваецца, і не надта запярэчыш, хіба – калі запісаўся ў пакет з рэлігіяй.
Затое ў мяне асабіста адыйшло нейкае чаканне ямы, пасля леташняга выбару для перакладу на беларускую мову Ёнаса Люшара, таксама швейцарца (можна было набыць тутсама, на прэзентацыі). Нагадаю, хто не ў курсе: гэта аповесць пра тое, як нейкія двое маладых багатых, адтуль, паехалі на курорт у цёплыя краі, там весяліліся як маглі з іншымі багацеямі-англічанамі, – і тут раптам прыходзіць вестка, што лонданскія актывы маладых (вось, можа, матыў для выбару пад пераклад?) знаёмцаў пасыпаліся. Бяднеюць тыя ўшчэнт! Вось дзе нам актуальна, калі мы колькі сябе помнім – бедныя ўшчэнт. Так што з самагубствамі хіба больш трапілі ў нашу сітуацыю.
Цікава, што і той, і той швейцарскі пісьменнік гуляюцца ў шкляныя пярліны нічоганераблення. Ці гэта нацыянальнае? Ляжаць грошы ў банках з усяго свету, і добра! Але нібыта кошты жыцця там адны з самых высокіх у Еўропе, а гісторыя Швейцарыі — гэта гісторыя змагання за права быць самастойнай і нейтральнай.
На пытанне з залы госць пагадзіўся: так, калі пачынаў пісаць раман, думаў, што тэма памірання сама па сабе цікавая людзям. “Хачу быць чытаным”. Наўпрост прызнаўся, што неймаверна амбітны, прагне быць папулярным. “Хачу і бяруся зрабіць немагчымае”. Алексіевіч згадаў, з інтанацыяй павагі і зайздрасці. Шкада, што ў зале не было ніводнага з каля сотні берасцейскіх афіцыйных пісьменнікаў з абодвух Саюзаў – пад такі паварот размовы.
Ужо ў кулуарах Бэрфус распавёў пра хакейнага брамніка-зорку з НХЛ: “У яго спыталі, пра што ён думае, калі ў прысутнасці дзясяткаў тысяч гарлаючых фанаў кідаюць шайбу ў яго браму. Адказ быў: “Пра наступную атаку”. Так і я думаю цяпер пра наступны раман”.
Акрамя таго, ён распавёў, што чатырохмоўная Швейцарыя стараецца выроўніваць сітуацыю ў літаратуры – каб прэміі даставаліся пісьменнікам усіх моў. “Рэтараманская таксама ў гэтым шэрагу”. На пытанне, як ставіцца да Міхаэля Фэра, вельмі вылучыў творы маладога калегі (той амаль зусім не бачыць – піша, надыктоўваючы тэксты на кампутар і потым правячы іх пасля паўторнага праслухоўвання). А яшчэ больш госць пахваліў яго музычныя таленты.
З біяграфіі 44-гадовага бацькі сямейства бачна, што плоць ягоных тэкстаў знітавана з жыццёвых калізій, няпростых сітуацый. Ён пакінуў школу (“у “адстойным” раёне была таму што, зусім нулявы ўзровень”), памяняў мноства заняткаў, пакуль дагрэбся да нечага больш свайго – атрымаў ліцэнзію на кніжны гандаль. Цяпер замацаваўся ў тэатры, піша драмы (“мне прыкладам Фрыдрых Дзюрэнмат”), але і прозу. Гэты ягоны раман “Каала” намінаваўся нават на тытул “Мастацкая Кніга года Нямеччыны”.
Беларускі пераклад “Каалы” выйшаў у выдавецтве “Паперус”. “Твор уганараваны, і гэта было матывацыяй выбару, але больш тое, што перакладаць будзе Ірына Герасімовіч”, – адзначыў намеснік дырэктара выдавецтва Міхась Башура. Дарэчы, “Паперус” выдаў і Люшара, “Вясна барбараў”. Спадар Башура адзначыў, што швейцарскія выдаўцы пагадзіліся на больш адпаведную становішчу беларусаў суму за аўтарскія правы. Дапамог паменшыць кошт і грант на пераклад. У выніку, са слоў выдаўца, адзін асобнік каштуе, у пераліку, прыкладна 5 еўра – гэта ў 2-3 разы менш за звычайны заходнееўрапейскі кошт такой кнігі. Аўтарскія правы ў структуры кошту асобніка “пацягнулі” толькі каля траціны.
“Вось каб яшчэ наклад большы за той, які маем, – адна тысяча!” – пашкадаваў спадар Башура.
Так, было б танней. Тэарэтычна, у Расіі можна было б выдаваць большым накладам, пагатоў што кніга Бэрфуса там куды больш патрэбная, чым на радзіме аўтара. Паводле статыстыкі Сусветнай Арганізацыі Аховы Здароўя (САЗ), Швейцарыя па колькасці суіцыдаў на 100 тысяч насельніцтва на 50-м месцы, а РФ на восьмым. (Мы на 11-м, таксама вельмі “высокім” – 32, 7 чалавекі на сто тысяч, і гэта пры тым, што ўжо колькасць 20 лічыцца парогава трывожнай ). Але ў Расійскай Федэрацыі, як я ўвесну даведаўся ў Берліне на перакладчыцкай канферэнцыі, не прагнуць сучаснай еўрапейскай літаратуры. І як бачым з уласнага гледзішча, карыстаючыся бяспошліннасцю, або як падарункі – вязуць нам вагонамі сваю кніжную праўду. Там пра самазабойствы, наколькі ведаю, ні паўслова. Больш пра ваенныя забавы і перамогі. З падачы такіх суседзяў, але і з намаганняў дамарослых малчаліных, тэма (сама)вымірання і ў нас выцясняецца на задні план. Ну дык можа нешта зразумеем, прачытаўшы швейцарца Бэрфуса…
Прыезд каларытнага аўтара ў Брэст стаў магчымым дзякуючы мінскаму інстытуту імя Гётэ. Таксама ў актыў мінскага “Гётэ” запішу, што надалі чытанню рамана нямецкую грунтоўнасць: запрасілі чытаць беларускі тэкст прафесіянала – актора Нацыянальнага тэатра імя Янкі Купалы Максіма Карасцялёва. Намеснік дырэктара інстытута імя Гётэ Аляксандр Назарчук , поруч з гэтай арганізатарскай працай, паспеў скласці меркаванне пра брэсцкі Тыдзень нямецкай мовы і культуры: “Сёлета больш цікава, чым летась, больш прылюдна”.
Засталося дадаць, што аўтар “Каалы” атрымаў яшчэ і Салатурнаўскую Літаратурную прэмію 2014 года. У горадзе Салатурн (Soloturn, Залатурн) памёр у выгнанні Тадэвуш Касцюшка, і яму там пастаўлены помнік.
Што абазначае “Беларусь” для Лукаса Бэрфуса? “Заўтра будзе прэзентацыя ў Мінску”, – распавядае госць. Далей , пасля кароткай паўзы, ідзе чарговая “бэрфусаўка”, з шэрагу “змагчы немагчымае”:
– “Абяцалі пакатаць на зубры (ківае ў бок некага з прысутных). Так што давядзецца вярнуцца”.
Тыдзень
Заканчэнне Дзявятага Тыдня немецкай мовы і культуры арганізатары адзначылі ўручэннем невялічкіх падарункаў асабліва ўлеглым удзельнікам і невялічкім супольным спажываннем чаю.
За гэтым годным заняткам атрымалася паслухаць, што думаюць пра сёлетні Тыдзень яго арганізатары.
Карын Краўс, гасцявая настаўніца нямецкай мовы школы №7, цяпер, калі ўсё закончылася, больш не мае перасцярогаў:
“Імпрэзы Тыдня сёлета былі больш наведваныя. Дзве вяршыні былі – гэта літаратурныя чытанні, Антоніі Міхаэліс і сённяшняе, Лукаса Бэрфуса. Найкарыснай была майстроўня працы з дашкольнікамі і малодшымі школьнікамі. Адзначу як заслужана папулярныя дзве тэатральныя пастаноўкі – “Рабаўнікоў” Шылера і мюзікла для дзяцей 6-7 класаў “Апоўначы ў замку Ойленштайн”. Лекцыі прафесара Стральца не магу не назваць. І асабліва хочацца падзякаваць намесніку дырэктара інстытута імя Гётэ Аляксандру Назарчуку. Без яго многае ў праграме Тыдня проста не адбылося б”.
З намесніцай дырэктара бібліятэкі Галінай Бурынай мы ўсё-такі яшчэ закранулі тэму “жыхары Брэста як каалы”. Яна пагадзілася: уелася ў людзей намертва звычка да адміністратыўнага рэсурсу. Пакуль не скажуць – не рушацца.
“Былі часы – нехта даведваўся, што да нас які-небудзь прафесар едзе з лекцыяй. Дык і з Пецярбурга, бывала, прыязджалі. А тут родны горад, і не ідуць, – панаракала кнігіня. – Ну зразумела: студэнты людзі паднявольныя. А іншыя? Пісьменнікаў, прыкладам, запрашалі. Ці ім нецікава, ці рэўнасць якая, – тут не ведаю. Не любяць яны хадзіць адзін на аднаго. Што да іншых катэгорый – Вы ж бачылі – былі прадстаўленыя больш, чым летась”.
Пагаманілі пра дзевяць ужо як-ніяк гадоў “нямецкай” традыцыі ў Брэсце, параўналі. Былі, былі цікавыя літаратурныя госці! “Тут, за чайным столікам – хіба ўпершыню госця маем?” – пытаю. “Ды не, – нагадваюць мне. – Алесь Разанаў сядзеў тут, Ян Гофман летась. Вы ж былі пры тым”. Глянь ты, забыўся! Нехта падказвае: “Літаратурны аўтобус быў! Арлоў! Там вершы чыталі, узаемапераклады!” Карын Краўс нагадвае імя госця з Нямеччыны: Куніш, Ганс-Петэр.
Тут захацелася мне сваю праўду паўтарыць, сказаную ўжо, з нагодамі, некалькі разоў. Няма ў нас інстытута імя Купалы – і гэта няправільна! Быў бы дыялог. Раўналежнасць была б. А так – атрымліваем, як пад ялінкай ад Дзеда Мароза, падарункі ад нямецкіх інстытутаў ды фондаў. Здыму “як”: атрымліваем падарункі ад Onkel Frözi (так завуць нямецкага дзядулю), штовосень пад лістапад. Вось дзе папрацаваць бы дзяржаве, каб і мы што-небудзь такое маглі!
Ніхто асабліва не пярэчыў.
Калі ехаў дахаты, падправіў сваю формулу. Нейкі размыты “інстытут імя Купалы” ўсё ж ёсць. Дзяржаўная як-ніяк бібліятэка (праўда, імя Горкага) прадастаўляе зал, займаецца арганізацыяй імпрэзаў. Дзяржаўны ўніверсітэт (праўда, імя Пушкіна) дае магчымасць ладзіць сустрэчы Тыдня, даў сёлета зал для паказу п’есы Шылера. Нарэшце, сёння на літаратурным чытанні былі дзве супрацоўніцы іншай дзяржаўнай як-ніяк бібліятэкі, гарадской (праўда, яна імя Пушкіна, і на бульвары імя Шаўчэнкі).
Мне падабаецца шматбальная сістэма. Яна не чорна-белая. Захацеў – праставіў два плюсы. Захацеў – усе дзесяць. А пра мінусы склаў асаблівае меркаванне.
А колькі плюсаў Дзявятаму Тыдню нямецкай мовы і культуры паставілі вы?
Ответить