Складанасці выхавання дзяцей былі ў цэнтры ток-шоў, якое прайшло ў Брэсце. У кавярню “Нью Йорк” у пятніцу вечарам 1-га красавіка прыйшлі бацькі з дзецьмі. Былі сем’і з трыма і нават чатырма дзеткамі, якія дома гавораць па-беларуску
Ладзілі дыскусію пад назовам “Дзяцінства па-беларуску: кім мы будзем, калі вырасцем?” актывісты ўсебеларускай кампаніі “Будзьма беларусамі”. Перад брэсцкімі ўдзельнікамі і іх дзецьмі яны пасадзілі чатырох “спікераў”, – “гаварыльшчыкаў” па-нашаму. Таццяна Малашчанка са сваёй дачкой Ясяй з Баранавічаў кожная па свойму – як маці і як дзяўчынка-школьніца – распавядалі пра няпросты парою шлях тых, хто хоча выхоўваць дзяцей\вучыцца ў беларускім духу. Нагадаю, што спробы двух сем’яў у Баранавічах вучыць сваіх дзяцей па беларускіх гімназічных праграмах пакуль не мелі поспеху, што знаходзіцца ў рэзкай супярэчнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. Урач-тэрапеўт Ганна Архіпенка і этна-графіня Святлана Чакушка распавялі, як у Віцебску яны год вялі праграму “Калыханкі для Янкі”, якая фактычна стала беларускім клубам.
Спадарыня Малашчанка як маці трох дзяцей распавяла пра побыт ва Украіне, на радзіме мужа. “Дык там няма ніякіх праблем з украінскай мовай у школе, – кажа яна. – А у нас часам такое ўражанне, што да яе ставяцца як да замежнай. Гэта дзікунства нейкае. Кніжку не дашукацца для дзіцёнка па-беларуску, настаўнікі настырна так выкладваюць выданні на мове суседняй краіны”.
Кампанейцы “Будзьма беларусамі” прывезлі з сабой дзіцячых кніг, сярод іх перакладныя шведскія казкі. Асабліва цягнуліся ручаняты да дзіцячага часопіса “Гарбузік”. Усё гэта брэсцкая дзятва з выставы валакла наўпрост да бацькоў, і тым нічога не заставалася, як раскашэліцца.
Настаўніца Аляксандра Грынь, выкладчыца курсаў “Мова Нанова” для брэсцкіх дзетак, распавяла спачатку пра іх, а потым і пра сваіх трох. “На курсы запісаліся больш за сорак дзяцей. Амаль усіх прывялі небеларускамоўныя бацькі. Гэта прыкмета цягі да культуры, а слоган кампаніі “Будзьма беларусамі”, “культура паляпшае жыццё” – ён абсалютна правільны”. Дзеці Спадарыні Грынь цудоўна кажуць на “матчынай мове”, і гэта таксама таму, што бацька, прадпрымальнік Сяржук Грынь, цікавіцца мовай, а яшчэ больш гісторыяй.
У дыскусіі мікрафон узяў адзін з бацькоў у зале і распавёў, што для яго сына беларуская мова “татава”. “Мае бацькі хоць і з-пад Івацэвічаў, дзе ўсе з маленства кажуць дома па-беларуску, але з маім сынам яны ўпарта адмаўляюцца гаварыць па-свойму. Яны “савецкія” людзі. А жонка родам з Расіі і не любіць “мову”. Таму я “адзін у полі воін”. Але адступаць не буду, бо нельга на крывой казе праўду спрабаваць аб’ехаць. Што мы, без роду племя, каб пустку дзецям пакінуць”.
Урач Сяргей Божык, бацька чацвярых “беларусікаў”, растлумачыў, як яму з жонкай атрымліваецца выхаваць дзяцей хаця б без пагарды да беларускіх слова і гісторыі. “Дзеці больш гнуткія за дарослых, лягчэй засвойваюць. Бацькам трэба быць натуральнымі. Нельга рабіць нешта на надрыве, на канфлікце. Наогул, трэба нам усім быць мякчэй. Я на працы, прыкладам, як толькі чалавек загаворвае па-беларуску, працягваю з ім гаварыць на яго мове”.
Усе прысутныя пагадзіліся на тым, што дзяржава ў нас пакуль, мякка кажучы, небеларуская. Яна больш замінае, чым спрыяе такому натуральнаму занятку, як выхаванне дзяцей у Беларусі ў духу гэтага назову.
Каб у адным месцы і столькі дзяцей – і без тлуму, мітусні ды гульняў – гэта ненатуральна. Спадарыні Архіпенка і Чакушка зладзілі ўсім прысутным гульню з іхняга віцебскага клуба. Гульня называецца “Явар”. Гэта развясёлы такі карагод, які ідзе праз “браму” з двух удзельнікаў. Час ад часу, калі гучыць кодавае ўмоўнае слова вядоўцы, брама запіраецца, і нехта трапляе ў пастку! Тон у карагодзе задавала Марыя Шарый, салістка аднаго з самых вядомых беларускіх гуртоў “Стары Ольса”, якая свой музычны, прафесійны бадай што ўжо, актывізм сумяшчае з удзелам у кампаніі “Будзьма беларусамі”.
Фота аўтара
Ответить