Са словаў брэсцкага мастака Анатоля Жалудко, аднавяскоўца арыштаванага мільянера, падпісаліся 36 жыхароў вёсак Сабалі, Равяцічы і Пескі Бярозаўскага раёна. Людзі ў звароце на імя прэзідэнта пералічваюць, што канкрэтна зрабіў Юрый Чыж на карысць гэтага кутка Бярозаўшчыны і яго людзей, і заклікаюць цаніць дабро.
Разам з тым, цаніць дабро не ўсе спяшаюцца, панаракаў аўтар аднаўлення палескай вёскі Сабалі ў якасці этнаграфічнага скансэна Анатоль Жалудко. ”Пескаўскі бацюшка дабраславіў збор подпісаў, а вось сігневіцкі не. Дык там праваслаўныя вернікі і не падпісаліся. А Юра дапамог абедзьвюм цэрквам, і сігневіцкай ці не больш”.
Са словаў спадара Жалудка, цалкам спыніліся працы на этнатурыстычным комплексе “Наш родны кут Сабалі”. Нагадаем, на сотым кіламетры трасы М1 дзяржава адвяла пад яго больш за 300 гектараў. Кампанія Чыжа “Трайпл” адшкадавала на будаўніцтва 15 мільёнаў долараў, у пераліку. Рэстаран, атэль, ферма буйной рагатай жывёлы, лыжаролерная траса, ачышчанае возера і музей павінны былі быць уведзеныя ў эксплуатацыю яшчэ летась. “Цяпер толькі вартаўнік там ходзіць. Незакончанае будаўніцтва церпіць ад ападкаў, грунт размываецца, недабудаванае прасядае кудысь у зямлю, – жывапісуе мастак. – Вяскоўцы ў трансе. Кажуць, што думалі, якая вартая праца ім перападзе на комплексе, а цяпер надзеі сплываюць з дажджавой вадой. Але не здаюцца, пішуць лісты Юрыю ў турму, сабралі вось подпісы ў яго падтрымку”.
Фота: Лазня ў Сабалях. Фота аўтара.
Асобным штрыхом у расповедах сабалёўцаў лазня, якую зрабілі ў вёсцы за сродкі іх багатага аднавяскоўца. Лазню нядаўна зачынілі, бо падвойнае падвышэнне коштаў памыўкі вяскоўцам стала не па кішэні. Цяпер, пасля вялікага скандалу, кошты па ўсёй Беларусі часткай вярнулі назад. Прыкладам, у брэсцкай “Лазні” квіток патаннеў з 50 тысяч да 37 тысяч 500 рублёў. Але лазня ў Сабалях па-ранейшаму не працуе. Тым не менш, па “чыстых” днях там… дзяжурыць нейкі мужчынка з аўтамабілем “Волга”. Ён гатовы абсалютна бясплатна адвезці ахвочых памыцца ад гэтай лазні ў лазню вёскі Равяцічы. Нібыта, гэта ноў-хаў мясцовых камунальнікаў, якія зачынілі Чыжову сацыяльную лазню і цяпер няйначай маюць згрызоты сумлення.
Мясцовы люд абмяркоўвае таксама размарожванне Чыжова Лядовага палаца ў Бярозе. У адрозненне ад дзясяткаў іншых Лядовых, якія амаль усе у рэшце рэшт аселі на баланс дзяржавы, бярозаўскі адыйшоў пад фінансавае крыло сабалёўскага алігарха. Ён даплачваў да асноўнага акладу і трэнерам. Цяпер, маўляў, грошай няма, дык гакей зусім не акей, скончыўся, кажуць людзі.
А яшчэ аднавяскоўцы арыштаванага алігарха інфармуюць, што карэспандэнцыя на адрас прэзідэнта была адпраўленая з уведамленнем аб уручэнні каля трох тыдняў таму назад. Але нейкага адказу яны пакуль не атрымалі.
Нагадаем, Юрый Чыж быў затрыманы 11 сакавіка бягучага года. Неўзабаве яму прад’явілі абвінавачанне ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага часткай 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса Беларусі (ухіленне ад выплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры). Фірма, праз якую выводзіліся грошы, нібыта была створаная яшчэ ў 2012 годзе ў Маскве.
Яўген Бяласін
Ответить