Прысутныя на сходзе вырашылі вылучаць дэлегатаў на аб’яднаўчы Беларускі Нацыянальны Кангрэс.
Прыезд палітыка, які агулам быў за кратамі сем гадоў, да таго ж вайскоўца, кандыдата тэхнічных навук, выклікала ў брэсцкіх прыхільнікаў дэмакратыі вялікую цікавасць. Прыйшло, па асабістых запрашэннях і пры процідзеянні апазіцыянераў з “партый выбарнага працэсу”, якія ўжо дамовіліся ісці на восеньскія выбары ў Палату прадстаўнікоў, чалавек пяцьдзясят.
Навошта адзінства апазіцыі менавіта цяпер?
Вёў сустрэчу старшыня прафсаюза працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзь Фядыніч. Ён падкрэсліў, што без нармальнай эканомікі шанцаў на нешта добрае не будзе ніякіх ні ў кога. “Далей гэты паравоз савецкіх яшчэ часоў не пойдзе. Перакос на дзяржаўную ўласнасць і аднабокая арыентацыя на Расію, адсутнасць рэформаў без сумніву створаць, ужо стварылі сітуацыю, калі нас будуць чакаць драматычныя падзеі, магчыма нават, з замежным умяшальніцтвам”. Таксама кіраўнік прафсаюза спаслаўся на расповед аднаго з міжнародных лідэраў прафсаюзнага руху, чылійца з паходжання. Маўляў, прафсаюзам дэмакратыя трэба, як паветра, каб дамаўляцца з “капітанамі вытворчасці” пра лепшыя ўмовы для працаўнікоў, і нідзе ў свеце пераход ад таталітарызму або аўтарытарнага кіравання да дэмакратыі яшчэ не адбыўся без аб’яднання апазіцыі. “Дзеля таго і ездзім ужо з сакавіка”.
Мікалай Статкевіч выказаў абурэнне зашоранасцю цяперашніх лідэраў апазіцыйных партый. “Дваццаць гадоў, як выбараў практычна няма, а парламенцкія партыі ёсць. Ды ў якім яны, пасля гэтага, стане. Трэба мяняць фармат дзеянняў. Дзевяць месяцаў, як я выйшаў з турмы, і толькі паўтара месяцы назад удалося нарэшце сесьці мінскім партыйцам за стол разам. Ды і тое, селі каб сказаць: чатыры месяцы да выбараў засталося, цяпер ужо запозна дамаўляцца”. Падпалкоўнік запасу папярэдзіў, што ён адчувае: час Х набліжаецца, і жыццёва важна сустрэць яго аб’яднанымі. “Толькі так зможам уплываць на падзеі. Інакш пустое месца шустра так зойме “апазіцыя” з тых учорашніх, хто прынёс на шчыце да ўлады Лукашэнку за яго абяцанкі з’яднацца з Расіяй. Яны жылі сабе як сыр у масле качаліся – хто чыноўнікам, хто ў бізнэсе. А цяпер яны Пуціна любяць, Лукашэнку не любяць больш. Вось яны і аб’явяць сябе аб’яднанай яму апазіцыяй”.
Палітык-“сядзелец” выказаў двойчы парадаксальную, бо з яго вуснаў, думку, што “магчыма, нам давядзецца дзеля незалежнасці Беларусі абараніць спадара Лукашэнку. Ад грыбочкаў”. “Вось наступіць такі момант, дадуць яму ў Расіі паводле старой завядзёнкі грыбочкаў адведаць, а потым будзе дэстабілізацыя сітуацыі ў Беларусі, і дзеля замірэння будуць уведзеныя войскі. Гэтыя сцэнары не новыя, і нам яны не трэба”.
Чаму Кангрэс добры як інструмент аб’яднання?
Спадар Статкевіч найперш скіраваў прысутных у інтэрнэт. “Там пра нашу ідэю Беларускага Нацыянальнага Кангрэса ўсё ёсць”. Далей ён сказаў, чаму не хочуць Кангрэса лідары старых апазіцыйных партый. “Яны баяцца, што там вылучаць адзінага лідэра апазіцыйных сіл. Бо тады кожны з іх, хто не стаў адзіным, адчуе сябе лузэрам. І хоць ім сказана было даўно, што не будзем абіраць адзінага, яны ўсё роўна завалакіцілі ідэю”.
Са словаў Статкевіча, Кангрэс задумваецца, як свайго роду Народны фронт новай гістарычнай сітуацыі. “Пасля паразы камунізму мы былі разбегліся па розных партыях, але прапусцілі ўзурпацыю ўлады ў адных руках, і цяпер мусім зноў ісці шляхам збірання ўсіх колераў у адну структуру”. Аднак Кангрэс будзе калегіяльным органам. “У Радзе БНК будуць лідэры палітычных партый і прадстаўнікі рэгіянальных кааліцый, па тры ад кожнай вобласці. Такім чынам, мы змякчым выдаткі аднаасобнага кіравання, характэрныя для партый, адэкватна большую ролю аддамо рэгіёнам, дзе больш згоды, і абмяжуем магчымасці спецслужб уплываць на рашэнні”. Як падкрэсліў прамоўца, Беларускі Нацыянальны Кангрэс мае быць не разавым з’ездам, а сталым органам. Парадак дня на першым пасяджэнні Кангрэса ён бачыць такі: 1. Ацэнка сітуацыі ў Беларусі. 2. Прапановы, што рабіць (“Тут нічога асабліва новага не будзе: эканамічныя крызісы людзі заўсёды вырашалі даволі стандартнымі захадамі”). 3. Выбары Рады БНК.
“Галоўнае – пачаць аб’яднанне. Іншыя падцягнуцца, бо сітуацыя таго вымагаць будзе”, – выказаў аптымізм прамоўца.
Тым не менш, многія пытанні як на вось былі пасаджаныя на тэму рэпрэсій улады.
Ці льга вайскоўцу баяцца?
Спыталі найперш, ці перажыў турму як 37-мы год. На гэта Мікалай Статкевіч адказаў адмоўна. “Вось з тыдзень таму пад Слуцкам паказалі мне ямы, дзе расстраляныя ў 1937 годзе закапаныя. Знайшлі нядаўна. Дык там дзед мой ляжыць. Яго забілі без прысуду нават, пад час допытаў. І з ім, з расповедаў людзей, там ляжыць непісьменная маці шасцярых дзяцей. Яна крычала, што я вам такога зрабіць магла, я ж ні чытаць, ні пісаць не магу, і на каго мае шасцёра дзяцей застануцца. Дык вось такога цяпер няма. У закрытай турме, дзе двойчы сядзеў, там так, павольнае забіванне, але не 37-ы год. Беларусы разумеюць ужо, бязмежжа няма такога. Хоць у следчым ізалятары КДБ нагадвала на той час. Але і там – ціснулі, змушалі, не больш”.
Усмешлівага, стрыманага звычайна Статкевіча тут “прарвала”, і ён патлумачыў прысутным тое, што набалела за доўгія гады: “Мяне хацелі любымі спосабамі схіліць падпісаць прашэнне аб памілаванні. А я не падпісаў. Усе кандыдаты на прэзідэнцтва 2010 года, якіх яны затрымалі, а іх, вы памятаеце, было многа,падпісалі і выйшлі. А я застаўся. І даў людзям іншы прыклад. Можна захаваць сваё імя, не здацца і даць людзям надзею”. Таксама падзяліўся рэпрэсаваны палітык, як гэта адно толькі і можна зрабіць. “Трэба абапірацца толькі на сябе. Калі ёсць родныя, хто апорай – не, на іх будуць ціснуць. Толькі сам, з унутраных рэзерваў”.
На пытанне, ці актуальнае цяпер аднаўленне Беларускага Задзіночання Вайскоўцаў, якое Статкевіч узначаліў у далёкіх 1990-х, палітык адказаў, што не. “Па-першае, адразу падставім людзей пад удар спецслужбаў. Па-другое, на тады БЗВ выканала свае задачы. Было створана Беларускае войска. Аднавілі беларускую вайсковую гісторыю. А калі насельніцтва выбрала шлях назад у Савецкі Саюз, масава прагаласавала за Лукашэнку, нам нельга было ўплываць як вайсковай арганізацыі. Праект БЗВ, каб яго не зняславіць, быў закансерваваны, і мы пайшлі ў палітыку”. Аднак пры пагрозе незалежнасці такое сабе БЗВ будзе створана імгненна, зазначыў Статкевіч. “У Беларусі дастаткова дарослых мужчын, хто ўмее абыходзіцца са зброяй”. Свой аптымізм ён падмураваў сацыялагічнымі выкладкамі, на якія абачліва параіў абапірацца як на даволі прыблізныя, з-за разгулу ўладнай сваволі ў краіне. “Паводле апытання, 15 адсоткаў рэспандэнтаў гатовыя вітаць Расію, 17 адсоткаў будуць ваяваць за незалежнасць, рэшта не ведае, што будзе рабіць у такі час Х. Але вітаць, махаць рукамі могуць і старцы, і дзеці, а вось гэты мільён, хто будзе біцца – гэта ж дарослыя, моцныя людзі”.
Ці бярэ ўлада палонных?
Паступіла пытанне, ці ёсць такія, каго ў Кангрэс браць не будуць з парога. Тут Статкевіч павініўся. “Бяру назад свой першапачатковы лозунг “Кангрэс без кагэбістаў і камуністаў”. Пакуль ездзім, знайшлося столькі нармалёвых сябраў “Справядлівага свету”, іншых… Людзі навучыліся ўжо: гэтая ўлада палонных не бярэ. Так што я зразумеў: памыляўся”.
Не малавядомы берасьцеец Анатоль Ляўковіч засяродзіўся на так любімымі ім як філосафам парадоксах. Ён выказаў тэзу, што Аляксандр Лукашэнка цяпер фактычна кажа ўсё тое, што патрабавала антыкамуністычная апазіцыя часоў яе аб’яднанасці ў БНФ. “Нават еўрапейскі вектар з’явіўся, дык якая розніца”. Тут вядоўца запатрабаваў, каб Ляўковіч перайшоў ад лекцыі да пытання. І яно прагучала: “А ці не адчувае спадар Статкевіч жадання, дзеля выратавання Беларусі, перасекчыся яшчэ раз са спадаром Шэйманам?” На гэта быў адказ, што Віктар Шэйман “быў у свой час шэраговым сябрам БЗВ, але потым паказаў сябе нявартым, запляміў сябе настолькі, што на яго няма ніякага спадзеву”. Далейшая дыскусія паказала, што прысутныя адчуваюць, з аднаго боку, мяжу кампрамісу, і з другога боку, нерв справядлівасці. Як сказаў адзін з іх: “Каму гадамі ў турме гніць, а каму артыкулы ў “Советскую Белоруссию” страчыць”.
Былі і жэсты-падабайкі, якія сустракалі апладысментамі. Прыкладам, кранаўшчык Аляксандр Сахарук, былы “аўганец”, прайшоў наперад, “проста каб паціснуць Мікалаю Віктаравічу Статкевічу руку”, і расказаў сваю маленькую праўду. “Калі я на рынку купляў прадукты ў майцы з Вашай выявай, то мне зніжку зрабілі”.
Мабыць, гэтая праўда і зрабіла вечар. Галасаванне паказала: “за” Кангрэс усе прысутныя, толькі двое ўстрымаліся.
Напрыканцы дзве кароткія даведкі. Беларускі Нацыянальны Кангрэс плануецца правесці 15 траўня ў Мінску. Месца, як зазначылі арганізатары, “знайсці пакуль цяжка, але правядзем хоць у парку”.
Мікалай Статкевіч, падпалкоўнік у адстаўцы, адзін з арганізатараў Беларускага Задзіночання Вайскоўцаў. Абіраўся старшынём некалькіх фарматаў сацыял-дэмакратычных партый, лідэрам “Еўрапейскай кааліцыі”. За палітычную дзейнасць быў шматкроць судзімы. Атрымаў тры гады папраўчых работ (2005) і шэсць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму (2011). Першы раз быў у калоніі больш за два гады, другі раз у турме амаль пяць гадоў.
Яўген Бяласін
Ответить