“Зебру” паклалі міма перахода! Пакуль не паказалі – не паверыў. А потым падыйшоў да супрацоўніка ДПС, які непадалёку з задаволеным выглядам парадкаваў дакументы пасля ад’ехаўшага легкавіка, і сказаў, што насупраць рынка “Лагуна” не ў парадку дарожная разметка: “зебра” не там. Афіцэр кіўнуў галавой.
Кіўнуў тыдні з два таму назад. Лета зараз пачнецца, а “зебра” на рынку ў Кавалёва, як бачна на здымку, па-ранейшаму ўпіраецца ў жалезны плот з боку рынка, а з боку жылога раёна ў высокі бардзюр з узгаранай пад траву зямлёй. На месцы, абазначаным знакам “Пешаходны пераход”, белых палос няма. Чырвоны аўтамабіль, як бачыце, праехаў “левую” разметку. Калі цяпер пад яго, не прывядзі гасподзь, хто трапіць, дык, фактычна, не на пераходзе.
Дарэчы, на “зебру” вядуць некалькі шнуркоў дзіцячых слядоў. На зямлі ўскапанага газона адбіліся. Як іх бацькі навучылі, і ў школе забілі намертва ў галаву, так яны і робяць.
Другую небяспечную пастку на брэсцкіх вуліцах знайшоў сам, коштам невялікай “васьмёркі” ў веласіпедным коле. Вечарам не чакаў такой нядбайнасці ад дарожнікаў, стукнуў у бардзюр даволі адчувальна, мала цераз руль не сыграў.
Насупраць БЭМЗа пасля перасячэння Маскоўскай і Піянерскай нядаўна пасля рамонту ўвялі ў эксплуатацыю веладарожку. І гладкая яна, і размечаная, але з’езды на аўтадарогі не па ўсёй шырыні, як таго патрабуюць Правілы дарожнага Руху, а ў адным месцы з’езд і наогул пакладзены… паміж пешаходнай часткай тратуара і канцом веласіпеднай дарожкі. Кампраміс, за які не толькі ў Нямеччыне суровыя санкцыі былі б. Таму што веласіпедыстам даводзіцца займацца слаламам з перашкодамі на толькі што здадзеным аб’екце. Цікава вось, а хто яго прымаў?
Калі мацаў кола пасля наезду, згадаў: дык тут таксама любімае месца стаянкі брэсцкіх ДАІшнікаў. Ажыўленая вуліца, ёсць магчымасць стаяць, і ёсць каго ставіць і куды.
Яно зразумела: апрануў форму, і “ў моцнай пазіцыі” да амаль усіх, акрамя свайго начальства. Але паважаныя афіцэры, сачыць за бяспекай на дарогах ДАІ мусіць і, зважаючы на іх тэхнічны стан. Статыстыку красамоўную памятаю: колькасць смяротных выпадкаў на дарогах, спрычыненых дрэнным тэхнічным станам транспарту, была не так даўно 3 адсоткі, а дрэнны стан дарог даў 9 адсоткаў. Калі не так па абсалютных лічбах цяпер, то папраўце. Але прапорцыя, напэўна, не памянялася. Бо хто будзе на ламачы выязджаць на дарогу. А вось дарогі ў нас робяць, як шмат што яшчэ, самі ведаеце як. Натуральна, што кантроль стану дарог і рэагаванне (вусна абавязаць адпаведныя дарожныя службы, напісаць рапарт па інстанцыі) гэта функцыянальны абавязак Дзяржаўтаінспекцыі. У Брэсцкай абласной ДАІ ёсць нават адмысловы аддзел. Наколькі помню, менавіта з-за адмовы яго кіраўніка падпісаць акт прыёмкі (з’езды на веладарожках былі завысокія) вуліцу Рабцава пасля яе рэканструкцыі выштукоўвалі яшчэ ці не год (дарэчы, так да канца і не паправілі з’езды). А іншыя афіцэры што, не бачаць такіх відавочных “ляпаў” літаральна пад нагамі?
Яўген Бяласін (фота аўтара)
Ответить