Пад’езд “бядовай” маласямейкі
Пракуратура глядзіць і не бачыць. Бяздзейнічае санстанцыя. Чыноўнікі гарвыканкама на словах абяцаюць “не дапусціць” і “не пакінуць”, але пісьмовага абяцання не даюць. Жыхарам тонучага ва ўласных нечыстотах дома гэта знак: дакладна дапусцяць і пэўна пакінуць.
Пра што сігнал
У рэдакцыю прыйшоў ліст ад жыхароў дома па Дуброўскай, 5. Людзі просяць абараніць іхняе права на жыллё, якое нібыта падважанае цяперашнім уладальнікам будынка, адміністрацыяй Брэсцкага хімзавода. “Руководство пишет о тяжёлом экономическом положении, но кто довёл до такого положения? Нам говорят, что никто, однако вся бывшая администрация живёт и здравствует и может позволить себе, своим детям и внукам шикарные машины и коттеджи, а где взять нам работягам 15-20 тысяч долларов, чтобы дальше проживать в своих однокомнатных квартирах почти 100% износа? … Многие из нас проработали на заводе всю свою трудовую жизнь, а сейчас никому не нужны».
Пад копіяй на імя галоўнага пракурора Брэсцкай вобласці 20 подпісаў, пад тэкстам у рэдакцыю “БК” 18, але ёсць прыпіска, што “за” агулам каля ста чалавек, але не падпісваліся, бо непаўналетнія або інваліды. Яшчэ да ліста ў рэдакцыю прыкладзеная аб’ява, што да 1 сакавіка 2016 года ахвотным выкупіць займаныя кватэры трэба звярнуцца да кіраўніка завода з заявай. Калі заявы не будзе, “квартиры могут быть проданы другим лицам без согласия граждан, которые в них проживают”. У лісце пазначана таксама, што вусна жыхароў абавязвалі заключыць дамовы да 1 мая, называлі кошт кватэр “каля 800 долараў за квадратны метр”, але фармуляраў тым, хто прыходзіў у дырэкцыю, не давалі.
Паглядзім бліжэй
Дом гэта фактычна інтэрнат, але дакументальна не зусім або зусім не. Так і не ўцямна мне стала, колькі ні слухаў людзей. Недаінтэрнат, але іншым разам супермаласямейка. Ордэры давалі і хімзавод, і гарвыканкам, але не ўсім. Некаторыя па сёння жывуць без дакументаў. І гэта пры тым, што і раней, і цяпер быў штатны камендант. А што “супер” – а як інакш, калі пакоікі з выхадам на агульны калідор прапануецца выкупіць за згаданыя ўжо 15-20 тысяч долараў, разавым унёскам. З улікам таго, што дом стаіць з 1974 года, гэта значыць 42 гады, і што ў ім, са словаў жыхароў і паводле знешняга выгляду, не было капітальнага, быў адзін касметычны рамонт… не паляніцеся пачытаць першы сказ гэтага матэрыяла і спытаць у сябе: а сапраўды, чаму яна глядзіць і не бачыць, тая пракуратура? Бо цяпер па кошту 600 долараў, у пераліку, за квадратны метр прадаюцца новыя добраўпарадкаваныя кватэры. Праверылі б, прымусілі прывесці да ладу – і не было б гэтага сыр-бору. А так – давайце больш пільна і разам глянем на гэты дом зусім зблізку.
Дом, як загадка пра беларускага негра
Дом пяціпавярховы, двухпад’ездавы. Не панэльная хрушчоўка, больш новы, але яшчэ з сілікатнай цэглы, не глінянай. “Брэжнеўка”, як трапна заўважыў яго жыхар, які сядзеў на лавачцы перад першым пад’ездам. Мае фотапошукі, а найхутчэй мова прывялі яго да здагадкі, што я з газеты, і хутка перад лаўкай сабраўся ўвесь канклаў.
Калідор інтэрната на Дуброўскай, 5.
Балкон без парэнчаў
Дзядуля паказвае тугой рукой уверх на мікраскапічны, сантыметраў на дваццаць, балкончык без парэнчаў: “Жонка яшчэ года не прайшло як выйшла на балкон вешаць бялізну і добра што не аперлася – парэнчы абрынуліся ўніз”. Рухавая жанчына распавядае, што яна зведала, калі жыла на першым, а не на чацвёртым паверсе. “Дыхаць не было чым, там жа ў падвале ужо гадоў з дзесяць як па калена каналізацыі, у першых дзвярах фекальная, у другіх вада. Была ў больніцы два тыдні, дык такая настальгія развілася, такая настальгія… Па гэтых водарах. Свежае паветра непрыдатным падавалася, пасля столькіх гадоў прывыкання. Але камары як грызлі тады, так і цяпер на чацвёртым тнуць. Два месяцы ўжо, сёлета. І блохі. І прусакі назаляюць. Дзіця кажа, каб не пакідала на стале прадукты, бо яно бачыць, як мышы з падвала налазяць і грызуць. І пэўна камары злучаюцца з блохамі. а мышы з прусакамі, бо мутанты нейкія шастаюць”.
Выходзіць з арыгіналамі подпісаў жанчына, называецца: Вера Султанава. “Што асабліва трывожна, – дом памяняў уласніка, – кажа яна. – Быў гарвыканкамаўскім, а перададзены заводу. І цяпер тыя, хто не прыватызаваў жыллё раней, апынуліся цалкам у руках новых гаспадароў. Нам некалькі разоў ужо казалі: зробяць што захочуць. У гарвыканкам колькі ні звярталіся – нам кажуць: не бойцеся, мы не пакінем вас, будзе па-справядліваму. А пісьмова гэта сфармуляваць не спяшаюцца. Таму рэальна баімся высялення. А я ж на заводзе дваццаць два гады…”
Адзін з мужчынаў забірае мяне ў падвал на фотасесію. Страшэнны смурод адчуваецца яшчэ на подступах. Далей лепш было б у процігазе, але яго няма. З рызыкай для здароўя раблю некалькі фота затопленых адсекаў. Каб хадзіць, там як на балоце кінутыя паддоны.
Адгадайце, дзе якія сцёкі! Затопленыя падвалы інтэрната
На маё пытанне, куды глядзіць санстанцыя, і чаму дом дагэтуль не закрыты для пражывання, жыльцы кажуць, што глядзець-то тыя на ўсё гэта глядзяць, але скрозь пальцы. “Там трубы за столькі гадоў заглеіліся ўжо, наліпла на іх знутры ўсяго, і яны папросту не могуць больш прапускаць. Мяняць іх час даўно”. Пытаю, а чаму не рабілі капітальны рэмонт. Бо на яго штомесяц адпаведны ўнёсак спраўна рабіўся ўсюды і ў СССР, і пазней у незалежнай Беларусі. На гэта жыльцы хто кажа, што не так даўно тут жыве, хто проста пацепвае плячыма. Колішняя эксперт па тэме хатняй\балотнай жамяры кажа: “Тыя з санстанцыі прыйшлі аднаго разу блох труціць, дык паставілі ўмову, што ў затопленым падвале не будуць, толькі ў сухім, і пакуль не высушылі, носа не паказалі”.
А ці рабілі замеры чысціні паветра? Аналізы на мікрафлору? Ніхто з прысутных ні пацвердзіў, ні адпрэчыў.
Такім чынам, перад намі, дарагі чытачу, дом – беларускі негр з анекдота: сам белы, зубы (чытай: нутро) чорныя. З гэтага, як бачым, шмат чаго выцякае і вынікае.
Чаму не хочуць плаціць па васямсот долараў за метр
Знутры дом гэта звычайная рабочая “абшчага”. Направа і налева ад цэнтральнай лесвічнай пляцоўкі доўгія калідоры, на іх выходзіць дзясятак-другі дзвярэй. Так званая “турэмная” планіроўка. Калі вярнуўся да лаўкі, жанчыны і гаспадары наперабіўкі пачалі распавядаць, што “вунь і вокны-шклопакеты людзі паставілі”, і “я сантэхніку ўсю на свае кроўныя набыла, унітаз, дык цяпер забяру, калі што, на вуліцу з сабой, анічога не пакіну”. Дзядуля з балконам-пасткай падзяліўся, што ён дваццаць пяць гадоў аддаў заводу, а калі засяліўся сюды, то тут гасцініца была для прыезджых… “Дык нам голыя сцены пакінулі – забралі мэблю ўсю, сантэхніку паздымалі, нават свяцільнікі паздзіралі; усё наша цяпер стаіць”. Кажу, што я, каб жыў у месцы, дзе не гаспадар, ні за што не ставіў бы нешта сваё дарагое – перш паспрабаваў бы стаць гаспадаром сценаў. На гэта Ігар Варабей, сярэдняга веку мужчына, кажа, што хацеў некалькі гадоў таму назад скарыстацца з Указа аб ільготным фінансаванні пабудовы жылля для тых працаўнікоў, якія жывуць у інтэрнаце, але яму не далі крэдыт. “Адмовілі ў гарвыканкаме ў пастаноўцы на чаргу, бо на заводзе мне не далі даведку, што жыву ў інтэрнаце. На заводзе гэты будынак не інтэрнат ужо, выходзіць”.
“А ў мяне ён праходзіць як інтэрнат, – кажа энергічная жанчына. На маю просьбу, называе сябе: Павечароўская Таццяна Георгіеўна. – Ордэр і ад завода ў мяне ёсць, і ад гарвыканкама, калі яшчэ дом быў не на балансе завода. І дзіця інвалід. Мяне і скарачаць у свой час расіяне не мелі права, і высяляць цяпер тройчы нельга, тым не менш атрымала нядаўна ліст, каб або плаціла шаснаццаць тысяч долараў, або вызваляла гэтыя …наццаць метраў. Дык дзе мне такія вялікія грошы падняць. Вось, назбірала на падатак па дармаедству чатыры мільёны, а тут нібыта адмянілі, то хіба гэтыя грошы толькі…”
Вера Султанава кажа, падмацоўваючы рухам рукі з дакументамі, што яны згодныя нават плаціць, але па-першае, у растэрміноўку на пяць, а лепш на дзесяць гадоў, і па-другое, рэальную суму. “Няхай незалежныя ацэншчыкі ацэняць, а не гэтыя, зацікаўленыя! – кажа адзін з мужчын. – Завод банкрут даўно, электрычнасць адключылі за нясплату, дык і стаіць, так што хочуць за гэтыя грошы з даўгамі разлічыцца. Але мы пры чым. Што, мы даўгі тыя рабілі?”.
Ля разбітых расіянамі ночваў – хто плача, а хто і скача
Цікаўлюся, а як было з хімзаводам тады, калі ён перайшоў пад расійскага ўласніка. Энергічная ажыўляецца: “О, тады я зарабляла шалёныя грошы. У разы больш за свякруху, калі тая бухгалтарам была ў “Соваўта”. Адзін з мужчын адмахвае рукой: “А потым, што было потым? Кінулі нас”. “Але. Брэнд незарэгістраваны наш забралі, “Прелесть”, паставілі свой завод у Новамаскоўску, і давай прадукцыю замест нашай у Расію штампаваць. А нас нагой пад зад і кінулі”. Тут прысутныя наперабой пачалі называць імёны, каго за кім і калі скарацілі і куды хто падзеўся. “Вунь яна толькі з калгаса прыехала, – кіўнуў галавой у бок нядаўна падыйшоўшай жанчыны Ігар Варабей. – Каменні збіралі”. Пытаю, ці добра плацяць. “Многа. Сто пяцьдзясят за днёўку”, – адказвае задаволена кабета. “Сто выходзіць, чыстымі”, — папраўляе яе суседка. Дык адкуль у нас на палескім торфе каменне, сумняваюся я. “У Камянецкім раёне знайшлося траха”, — смяюцца мужчыны. А хто шукаў, няйначай адміністрацыя? “А вой, надта ім трэба, самі шукаем”, — азвалася адна з жанчын.
Адміністрацыя: сквапныя не мы
З кіраўнікоў у дзень майго візіту на месцы аказаўся намеснік дырэктара па тэхнічных пытаннях Уладзімір Іванавіч Піліповіч. Ён адразу ўнёс празрыстасць, што за дом, і хто патрабуе неверагодных грошай. “Гэта інтэрнат кватэрнага тыпу, у ім хай сабе маламерныя, але асобныя кватэры, з куханькай, калідорчыкам, па 15-18 метраў. А што да коштаў за прыватызацыю, то гэта ж рашэнне суда. Завод у цяжкім становішчы, мы праігралі іскі крэдыторам, і суд прыняў рашэнне прадаць дзеля сплаты даўгоў пустуючыя, не прыватызаваныя яшчэ кватэры. Такіх у нас 36. Паколькі, – чыста тэарэтычна, вядома, – існавала магчымасць змовы адміністрацыі завода з жыльцамі, то праводзіць ацэнку суд даручыў бюро тэхнічнай інвентарызацыі, БТІ”. Далей мой суразмоўца кажа, што ў пакрыцці даўгоў зацікаўленыя ўсе – маўляў, тады будуць разблакаваныя рахункі, можна будзе адкрыць крэдытныя лініі і працаваць. “Спрабавалі прадаць па высокіх коштах – не атрымалася. Цяпер суд просіць нас, каб мы далі падставы для БТІ знізіць кошты. Але ж я на сябе такое браць не магу”.
“Наконт пустуючых – тут нешта не так, – пярэчу я. – Пад лістом многа подпісаў. Усе гэтыя людзі атрымалі прапанову прыватызаваць месца пражывання. Інакш і быць не можа – не будуць жа яны падстаўляцца.”
Спадар Піліповіч кажа, што ўсё не так проста. “Дом будаваўся з умовай, што пэўная частка жылля ў ім будзе аддадзена гораду – настаўнікам, міліцыянтам кватэры вылучалі. І ордэры гарвыканкам выдаваў. Але збольшага работнікі хімзавода жылі. А потым, асабліва калі памяняўся ўласнік, і прайшла масавая прыватызацыя,чэхарда пачалася. Цяпер хто там толькі ні жыве”.
Уладзімір Іванавіч прыводзіць прыклад, калі судовыя прыставы ўлічылі мужчыну, што ён здае жыллё на Дуброўскай, 5 кватарантам, а сам жыве ва ўласным катэджы, які не афармляў. “Дык яго нагвалт прымусілі аформіць катэдж, а кватэру тут аддаць. І не ён адзін такі – на першым паверсе амаль скрозь кватаранты, а хто прапісаны, жывуць ў сваіх добрых кватэрах”.
Пытаю, як гэта так, што дом, пры ўсіх камендантах, у жахлівым санітарным стане. “Ды грошай няма, папросту, – быў адказ. – Абмяркоўвалі ўжо з майстрам, які адказвае за дом, што рабіць. Тэхніка там не возьме. Трэба, калі з’явяцца сродкі, наймаць чалавека, апранаць яго з ног да галавы ў гумовы хімкамплект, і шуфляй будзе чысціць”. “А жыльцы – яны самі гадзяць, – дадае мазок да карціны кіраўнік. – Алкаголікі пастаянна б’юць шыбы, а неахайнікі… Вылічыў адну, дык што мне ёй морду біць? Дзіцячыя памперсы ва ўнітаз выкідала. Па два-тры штукі за раз выцягвалі”.
Цікаўлюся, хто вінаваты ў нястачы грошай. “Надта ўдарыў па нам пазамінулагодні крызіс у Расіі, – адказвае мой суразмоўца. – Вырабілі мы на займы многа прадукцыі, адгрузілі – а яна завісла ў Расіі. Грошы вярнуліся, калі той расійскі рубель ужо нічога не варты быў. А тут яшчэ падаткі новыя, і валюту вяртай з гарой”. А што версія з заводам пад Новамаскоўскам? І хто цяпер уласнік Брэстхіма? Уладзімір Піліповіч кажа, што крыху больш як год таму кантрольны і блакуючы пакеты акцый купілі жыхары Брэста, маці з сынам. “Пасля расіян многа чаго ўжо здарылася, але што брэнды нашы забралі, тое праўда. А новыя ўласнікі прынялі завод у такім стане і яшчэ толькі агледзеліся, фактычна”.
“Колькі цяпер працуе на Брэстхіме?” “160 чалавек”. “А ў бытнасць расіян?” “Больш за 300. А калі я сюды прыйшоў, было 780”.
На развітанне намеснік дырэктара кажа, што заўтра адбудзецца суд, прызначыць крызіснага ўпраўляючага. “Там тры кандыдаты. У іх па дому на Дуброўскай, 5 розныя пазіцыі. Але ў любым выпадку, будзем шукаць выйсце”.
Гігіеністы працуюць у рэжыме кнопкі
Наведаўся ў Брэсцкі занальны Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. Начальнік аддзела камунальнай гігіены Максім Бойка сказаў, што пра дом №5 па вуліцы Дуброўскай адразу нічога сказаць не можа. “Не было адтуль сігналаў. У нас як – ёсць сігнал, што складаная сітуацыя з санітарыяй – мы тады і займаемся”. Як жа так, кажу, былі вашы калегі, блох труцілі, дык бачылі ж на ўласныя вочы, што там робіцца. А гэта іншы аддзел, кажа спадар Бойка. Яны на Веры Харужай. Пытаю, ці ёсць пагроза здароўю жыхароў, калі дом пастаянна падтопліваецца фекальнымі сцёкамі. Гігіеніст пагаджаецца: так, гепатыт і не толькі. Ці былі ў Брэсце эпідэміі? Ды не, пакуль. А ці ёсць праблемныя дамы? А як жа, па Інтэрнацыянальнай часта падтапляе, на Рабінавай. Але службы спраўляюцца. А ці былі выпадкі, што вы з-за гігіены аб’ект закрывалі? “Так, бывала, – адказаў спадар Бойка. – Часцей за ўсё гандлёвыя кропкі абавязваем навесці парадак. І штрафуем, як правіла”.
Вось і прагучала слова-ключ. Каменданты інтэрната па Дуброўскай, 5, ды і напэўна, не толькі яго, ніяк не зацікаўленыя супрацоўнічаць з гігіеністамі, бо не хочуць наклікаць на свой і людзей сваёй карпарацыі карак санкцыі. А жыхары моўчкі дыхаюць смуродам, душачы блох, прусакоў і камароў, бо не з рукі сварыцца з галоўным чалавекам дома.
Годзе торбы хватаць?
Думаецца, неяк пара пераключыцца ад маршаў і фанфараў з нагоды перамог і вярнуцца ў нашы рэаліі хаця б у гэтым іх сегменце. Бо надта скрушна тым, хто хоць раз быў у пераможанай больш за 70 гадоў таму назад Германіі, потым бачыць, што робіцца ў доме па Дуброўскай, 5.
Ды і наогул, неяк на тарбахвацтва выдае гэты злавесны жыллёвы сэконд-хэнд, – асабліва на фоне запланаванай штомесячнай раздачы соцень еўра кожнаму ўдзельніку фінскага народа або тысяч швейцарскіх франкаў кожнаму швейцарцу. Абы куплялі, прырасталі майном, мадзелі нават у сваёй – тут сумніваў няма – краіне. Я старыя кватэры савецкага яшчэ часу проста раздаў бы тым, хто жыве ў іх дзесяцігоддзямі ўжо. Балазе што прэцэдэнты на постсавецкай прасторы ёсць. Эканамістамі падлічана: кошт старога жылля выплачаны ўжо яго насельнікамі, цягам іх жыцця ў ранейшай сістэме. А цяпер – няхай людзі ўкладваюць грошы, бо і абнаўленне трэба, і рамонт.
Але не так у Брэсце. Тут некандыцыйную старызну ў спальным раёне, фактычна вартую толькі, каб з яе адсяліцца,– змушаюць выкупляць даражэй, чым новае жыллё.
Яўген Бяласін (фота аўтара)
Ответить