Тым самым здзейснены чарговы чын людскасці. Кнізе вершаў Васіля Гадулькі, памерлага 23 гады таму назад, папярэднічаў пасмяротны раман Івана Сычыка. Абедзве кнігі былі падрыхтаваныя сябрамі Берасцейскага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў.
Зборнік вершаў Гадулькі “Па-над сцежкай лёсу” ўкладаў Леанід Галубовіч. Выдадзеная кніга ў Беластоку стараннямі вядомага паэта, дзеяча беларускай дыяспары Яна Чыквіна. Наклад яе 200 асобнікаў.
Зборнік выйшаў да 70-годдзя Васіля Гадулькі. Прэзентацыя кнігі прайшла ў Цэнтры імя Калесніка ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце ў чацвер 26 траўня.
Выдавец Ян Чыквін адзначыў як заслугу тое, што Васіль Гадулька ні разу не адступіў ад рыфмаванай паэзіі. “Ён фактычна напалову належыць да “праклятых” паэтаў, людзей, якія жылі вершамі і не жылі без іх. Такіх, як Генрых Кляйст або цэлы шэраг французскіх паэтаў, хто самахоць пайшоў з жыцця. Напалову, таму што ягоная каханая, гродзенская паэтка Галіна Самойла, напачатку так прыхільная да яго, потым пакінула яго самотным. Як і іншыя паэты такога лёсу, Васіль Гадулька быў метэорам, знічкай, якая на імгненне асвяціла сваім святлом наваколле”, – сказаў Ян Чыквін.
Слова трымае Ян Чыквін
З ім паспрачалася ў некаторых ацэнках аўтара кнігі і яго каханай паэтка Галіна Тварановіч. Верагодна, гэта было рэхам абмеркавання ў аўтамабілі – абодва прыехалі разам.
Лёс Васіля Гадулькі сапраўды неардынарны. Выхадзец з беднай сям’і, ён сыйшоў з апошняга курса інстытута замежных моў. Пасвіў кароў у мясцовым калгасе і пісаў вершы. Такі лад жыцця падарваў здароўе, і паэт адыйшоў з жыцця заўчасна. Пахаваны на могілках вёскі Федзькавічы. Там калегі па пяру з СБП паставілі яму годны помнік.
“Грошы на помнік прыйшлі з некалькіх крыніц”, – распавёў каля яго беларусам з Польшчы Алесь Каско. – Рабіў брэсцкі мастак Сяргей Казак. Нават бацькам Васіля заадно паставілі. Цяпер зрабілі кнігу, і засталося толькі знайсці архіў Гадулькі”.
Кнігу Гадулькі адвезлі спачатку ў Мінск, на афармленне і распаўсюд. Але і ў Брэст абяцалі давезці. Сачыце за выпускамі “Берасцейскай палічкі”. Калі на палічцы берасцейскіх аўтараў у адной з кнігарань горада з’явіцца пачэсная кніга “Па-над сцежкай лёсу”, мы паведамім.
“Шлях мой самотны”. Каля помніка Васілю Гадульку
Яўген Бяласін (фота аўтара)
Ответить