І тым самым атрымалі больш шанцаў стаць народнымі. Такі паварот стаў магчымым таму, што іхнія апавяданні, раманы і вершы цяпер можна набыць непасрэдна на вуліцы.
Працу распаўсюду ўзяў на сябе Сяргей Амяльчук, інжынер завода “Брэстгазаапарат” , а з паклікання душы і з пладоў працы ў вольны час паэт. Неўласцівым для лірыка рамяством гандлю ён займаецца з пакетам належных дакументаў: ліцэнзіяй, дазволам і чэкамі.
- Трэба ісці да чытача, – патлумачыў мне ў нядзелю 10 ліпеня на сваёй “кропцы” спадар Амяльчук. – Кнігарні гэтага амаль не робяць, а дарма. Такі час, і не таму, што лета. У любую пару года чалавеку больш ёмка, больш зручна, калі кніга ў непасрэднай блізіні і калі пра яе кампетэнтна распавядуць, адкажуць на любыя пытанні, а тое і паставяць аўтограф.
Брэсцкі гарвыканкам вылучыў Амяльчуку 4 квадратныя метры на алеі каля цэнтральнага рынка. Побач канкурэнты – даўнія гандляры друкаванай прадукцыяй. Кніг у іх цэлыя развалы. Адрозніваюць новага суседа ад старажылаў дзве рэчы: тыя не пішуць кніг самі, як паэт і гандляр у адной асобе Амяльчук, і яны возяць свой тавар здалёку, часта з Масквы. Адпаведна, іхняя прадукцыя амаль выключна на расійскай (рускай) мове.
Аўтарскі продаж кніг у Брэсце справа не такая ўжо і новая. Раней тут паблізу сядзеў са сваімі кнігамі брэсцкі пісьменнік-ветэран Сяргей Цыплюк. Яшчэ адзін наш слынны журналіст і кніжнік спрабаваў вырвацца з гета, у якое трапілі з іншымі і ягоныя цікавыя гістарычныя кнігі, непасрэдна ў Брэсцкай крэпасці. Намякаў ён на ананімнасць – яе і захоўваю. На століку Сяргея Амяльчука ў нядзелю я налічыў кнігі чатырох аўтараў і два зборнікі, па паўста ўдзельнікаў у кожным.
З Амяльчуком мне даводзілася пашчыраваць на карысць літаратуры на “Ружанскай браме” тры гады таму і сёлета на Спораўскім фэсце. Няхай знайшлі новых уладальнікаў не вельмі шмат кніжак, але якая была радасць сапраўдных сяброў кнігі! Бо кнігарні пазачыняліся нават у райцэнтрах, не казаць ужо пра мястэчкі і вёскі. У Ружанах ды Спорава некаторыя цікаўныя гарталі нечаканыя тамы і “сшыткі”, быццам даказвалі сваім вачам, што гэта не міраж; а былі і такія, хто казаў: “Куплю толькі за тое, што на беларускай мове”.
Што было ў гэтую нядзелю?
— Аднаго “вакууму” прадаў на як добра паесці – народ чытае цяпер “лічбу”, – склаў справаздачу спадар Сяргей. – Папяровых крыху больш прадалося. Прадавачку квасу насупраць, здаецца, апярэдзіў.
Патлумачу слэнг: спадар Амяльчук, калі дамоўлена з аўтарам, прадае і электронныя версіі кніг. Яны разы у тры таннейшыя за “паперу”. Натуральна, і гэты, і той варыянт маюць як свае перавагі, так і карэнныя недахопы. Галоўную зграбнасць электроннага кніжнага файла кнігар фармулюе коратка: “Можна ўвобміг скінуць з тэлефона на тэлефон, на планшэт і нават на флэшку”.
Неад’емным хараством працы з кнігамі на вуліцы з’яўляецца тое, што нярэдка падыходзяць проста фантастычна цікавыя людзі. Так здарылася і гэтым разам: высокі падцягнуты пенсіянер, ідучы з прадуктовага рынку, запнуўся вачыма за Амяльчукоў столік, доўга стаяў, разглядваў кнігі, а потым прапанаваў паэту-гандляру … самы натуральны слэм – чытаць вершы на памяць і на спабор! Твораў у ветэрана ў галаве аказалася многа, некаторыя з вершаў нам вельмі спадабаліся, пра некаторыя паспрачаліся. Госць спрабаваў выйграць яшчэ і тым, што чытаў вершы на дзвюх мовах — расійскай і беларускай, ну ды ў нас таксама не заіржавела. А вось ранейшае сумяшчэнне літаратурных экзерсісаў з працай на даволі высокіх уладных пасадах у раёнах Берасцейшчыны было сапраўдным адкрыццём. Прынамсі, цяпер чыноўнікі, як правіла, дай божа каб хоць чыталі тыя кнігі, не кажучы ўжо каб падставіліся пад крытыку і напісалі хоць што самі.
Ці мне здаецца? Ці памыляюся?
Ну ды ёсць ускосная прыкмета цвёрдая. Яны і на сваіх месцах не зрабілі для кнігі належнага: у нас яна такі ж тавар, як і любы іншы, нейкія грашовыя палёгкі асобным пісьменнікам і выданням выглядаюць непразрыстымі, мутнымі нават. А галоўнае, у плане ўласнага кніжнага рынку Беларусь жыве без скуры: мы не абароненыя пошлінамі ад суседняй Расіі, і асфальтавы каток шматтыражных і таму менш дарагіх, нядрэнна выдадзеных друкаваных выданняў ужо другі дзясятак гадоў як плюшчыць беларускі, а значыць і брэсцкі кніжны рынак.
Таму напрыканцы выкажу частковую нязгоду са сфармуляванай напачатку пазіцыяй Сяргея Амяльчука. У Германіі пісьменнікі не прадаюць свае кнігі, гэтым займаюцца літаратурныя агенты, маркетолагі, да іх далучаюцца ў сферы прамоцыі газеты, часопісы і адукацыйныя ўстановы. Але “тут вам не там”, у нас сітуацыя свая, і яна нашмат горшая. З акцэнтам на адну з важных дэталяў: нашы кнігі прапарцыйна заробкам абыходзяцца народу даражэй. Таму кола людзей, хто мае піетэт да кнігі, тое кола, якое і так было ў разы больш сціслае за заходнееўрапейскае – яно з кожным годам яшчэ больш звужаецца.
Фактычна паэт-гандляр Сяргей Амяльчук, вобразна сказаўшы, займаецца стварэннем атмасферы, каб выжыла менавіта наша кніга, пра нашы болі і радасці, пра тое, што “у суседнім двары \\ і сонца \\ заходзіць іначай”. Дык давайце яму ў гэтым дапаможам. Ці хаця б пазычым поспеху, як колішні ветэран-чыноўнік-паэт, каб яму жылося і вялося.
Ужо ў спіну мне спадар Амяльчук падзяліўся планам: прыйсці з кніжкамі на Дзень горада. А што, няўжо лішняя дэталь — літаратура ад брэсцкіх пісьменнікаў — спаміж шашлыкоў, гарэлкі ды гульняў-пацехаў?
P.S. “Берасцейская палічка” адной з нашых кнігарань будзе наступным “кніжным” матэрыялам.
Яўген БЯЛАСIН (фота аўтара)
Фота: Сяргей Амяльчук на сваёй працы вольнага часу
Ответить