Два гады таму праглядаў статыстыку паступленняў выпускнікоў адной з брэсцкіх гімназій. Не было нечаканасцю, што больш за траціну яўна не горшых з’ехалі вучыцца за мяжу. Адзін з юных выправіўся па дыплом у Мюнхен.
Здаўна не адной сталіцай
Паводле звестак, якія дае сайт http://www.germania-online.diplo.de, у 2015 годзе у нямецкіх універсітэтах вучыліся каля 320 тысяч замежнікаў, што склала амаль 12 адсоткаў ад агульнай колькасці студэнтаў і аспірантаў.
Тэхнічны ўніверсітэт Мюнхена, у якім вучыцца былы брэсцкі гімназіст, паводле звестак брытанскага міжнароднага рэйтынгу QS World University Rankings, займае 27-е месца ў свеце па выкладанні хіміі. Мюнхенскі ўніверсітэт імя Людвіга-Максіміліяна 14-ты па выкладанні фізікі.
Тэхнічны ўніверсітэт Мюнхена
А вось гуманітарныя навукі лепш вучыць у Берліне. Пра гэта сведчаць абагуленыя рэйтынгі тамтэйшых універсітэтаў паводле QS World University Rankings і яшчэ адной рэйтынгавай шкалы, U-Multirank: Берлінскі Свабодны ўніверсітэт 11-ты па выкладанні археалогіі і 18-ы па ўзроўні паліталогіі, а ўніверсітэт імя Гумбальдта 14-ты па выкладанні філасофіі, 18-ты па сучасных мовах, 20-ты па гісторыі і 30-ты па лінгвістыцы.
Універсітэт імя Гумбальдта
Медыцыну лепш за ўсё вывучаць у Гайдэльбергскім універсітэце (сусветна саракавы). Паводля яшчэ аднаго, “шанхайскага” рэйтынга, гэты ўніверсітэт лепшы ў Германіі. Нашы суседзі з усходу не вельмі налягаюць на такі факт, але ў матрыкулах гэтага найстарэйшага нямецкага ўніверсітэта былі запісаныя і хімік Дзмітрый Мендзялееў, і фізіёлаг Сечанаў, і этнограф Міклуха-Маклай, і нават кампазітар Барадзін. Тут вучыліся восем уладальнікаў Нобеля.
Каб не рабіла наводку бягучая Алімпіяда ў Бразіліі, зацемім цяпер, што ў згаданых раней і да іх падобных рэйтынгах “прызавамі” ёсць не месцы з першага па трэцяе і нават з першага па шостае. Паводле шматлікіх крытэраў, найперш такіх, як узровень цытавання, колькасць сусветна паспяховых выпускнікоў, розныя паслядыпломныя статыстыкі, вылучаюцца некалькі дзясяткаў\соцень лепшых ВНУ (у двух пададзеных рэйтынгах іх сорак). І хоць у спісах першыя месцы самых-самых традыцыйна дастаюцца англамоўным ВНУ, якія месцяцца за акіянам або за пралівам – у ЗША або ў Англіі – справа на гэтым далёка яшчэ не скончаная. “За (вялікай) вадой” за адукацыю належыць плаціць вялікія грошы, а гэта, пагадзіцеся, істотны фактар.
Паводле выкладак экспертаў, студэнту ў ЗША належыць сплачваць у месяц універсітэцкі ўнёсак ад 2800 да 3350 долараў у месяц, у той час як у Германіі ён складае ўсяго каля 25 еўра. Розніца больш чым у сто разоў! Такім чынам, агулам кошт задавальнення быць студэнтам даходзіць “за вадой” да чатырох тысяч долараў у месяц, у той час як у Германіі студэнт дзённага аддзялення за тысячу еўра пражыве месяц, не адмовіўшы сабе ні ў чым. Берлінскі Свабодны ўніверсітэт падае як планавыя выдаткі ў 600 – 700 еўра (http://www.fu-berlin.de/studium/international/studium_fu/studienfinanzierung)
Менавіта з гэтай прычыны колькасць студэнтаў у Берліне за шэсць гадоў, з 2006 па 2012, прырасла амаль на трыццаць тысяч – са 132 тысяч да 160 тысяч, інфармуе адукацыйны падкаст сайта http://www.germania-online.diplo.de
У Германіі, з яе федэральнай структурай, існуюць пэўныя адукацыйныя асаблівасці ў землях. Прыкладам, час пачатку заняткаў можа быць розны. Адпаведна, адрозніваецца і час падачы дакументаў. Але ў дэмакратычнай дзяржаве роўнасць умоваў перад усім, таму адрозненні нешматлікія і фармальныя.
Як інфармуе сайт пасольства Федэратыўнай Рэспублікі Германія ў Мінску http://www.minsk.diplo.de/Vertretung/minsk/be/06/Studieren__in__Deutschland/studierenindeutschland-gutewahl__by.html , у Германіі шырокі спектр прадметаў і навучальных праграм прапануюць 376 універсітэтаў, спецыялізаваных вышэйшых вучэльняў прыкладных навук, мастацкіх, педагагічных і багаслоўскіх ВНУ, а таксама спецыялізаваных ВНУ па дзяржаўным кіраванні. 11 з іх атрымалі дадатковую матэрыяльную падтрымку сваіх асаблівых канцэпцый развіцця.
Ёсць адна асаблівасць у нямецкіх тэхнічных універсітэтаў, якія часцей за ўсё называюцца Fachhochschulen. Менавіта яна робіць вучобу ў Германіі каштоўнай для беларусаў. Гэта традыцыйна трывалая сувязь са сферай вытворчасці. Чаму гэта нам асабліва важна? Тут не толькі спаконвечныя нашы беды з бруднай вадой, з экалогіяй. У свой час зрабіў даволі гнаблівае для адчування патрыёта адкрыццё: выпускніца тутэйшага ВіКа Брэсцкага ТУ з добрымі і вельмі добрымі адзнакамі ў дыпломнай укладцы… не ведала, як разбіраецца звычайны водаправодны кран! Для нямецкага інжынера такое прынцыпова немагчыма.
У Берлінскім Свабодным універсітэце зімні семестр 2016\2017 года абыдзецца ў 304 еўра 29 цэнтаў (кошт студэнцкага праязнога білета і некаторыя выплаты на дакументы і фонды ўлучна). Пры гэтым кошт праязнога складае больш за палову гэтай сумы. Для студэнтаў універсітэта імя Гумбальдта прапісана магчымасць сацыяльнай зніжкі кошту праязнога. Немцы калі бяруць, то адбор грунтоўны: у абодвух універсітэтах першасная праверка пакета дакументаў пры заяўцы на паступленне абыдзецца ў 75 еўра.
У Германіі ёсць завочнае навучанне!
Замежнікам даступная і нямецкая сістэма дыстанцыйнага (завочнага) навучання. Наша “прыпавесць во языцэх” там жыве і квітнее. Агулам у Германіі каля паўмільёна завочнікаў. Як правіла, яны сумяшчаюць прафесійную працу з вучобай, падвышаючы сваю кампетэнцыю. У Германіі шэраг прыватных завочных універсітэтаў і адна дзяржаўная ВНУ – Хагенскі завочны ўніверсітэт (FernUniversität Hagen). З 85 тысяч яго студэнтаў 8 адсоткаў – замежнікі.
Гэтая і падобныя навучальныя ўстановы маюць сетку філіяў і прадстаўніцтваў, а таксама развіваюць шырокую кааперацыю з замежнымі ВНУ, часта з англамоўнымі. Для беларуса па прычыне адсутнасці нямецкай абітуры (два апошніх класы сярэдняга ўзроўню) паступіць на першую балонскую прыступку – бакалаўрыят – рэальна, толькі прадаставіўшы натарыяльна завераную даведку аб заканчэнні двух курсаў тутэйшай ВНУ. Навучанне на годнасць магістра вымагае закончанай бакалаўрскай адукацыі. Навучанне першай ступені ў Хагене абыдзецца ад 1400 да 2500 еўра за ўвесь курс (6-12 семестраў), магістратура (4-6 семестраў) – 700-1000 еўра (www.fernuni-hagen.de ). Вучоба ў прыватных дыстанцыйных ВНУ, як правіла, каштуе адчувальна больш.
Не даць штаны – падтрымаць іх
Нягледзячы на фактычна бясплатнае дзённае навучанне, нямецкія дзяржава і супольнасць прапануюць цэлы шэраг праграм падтрымкі студэнтаў. Стыпендыі можна атрымаць найперш праз Германскую службу акадэмічных абменаў (DAAD). Адзін з маіх паспяховых вучняў атрымаў стыпендыю для вучобы ў Кёльнскім універсітэце праз адмысловы фонд, які займаецца падтрымкай прадпрымальніцтва (да таго ён адвучыўся ў Варшаўскім універсітэце, атрымаўшы дыплом менеджэра ў галіне лагістыкі).
У век сеціва ўсё ў ім, … амаль сказаў, “родненькім”. Вось сайт, які інфармуе пра стыпендыяльную падтрымку вучобы ў нямецкіх навучальных установах: www.funding-guide.de
Ведаць мовы
Вядома, у Пермі або Краснаярску вучыцца будзе лягчэй. Але, як кажуць, пра густы не спрачаюцца. Аднаму “скарынку” трэба, другому тое, што ўнутры. І калі ўжо ехаць за мяжу, то…
Сказаць, што з моўнага пункту гледжання на ўсходзе будзе прасцей – значыць, спрасціць стан рэчаў. З майго глыбокага пераканання, беларусы недаацэньваюць сябе. Явачным парадкам, без абмеркавання, неўпрыкмет аказалася, што мы …здольныя да замежных моў. Чаму? Найперш таму, што ў нас няма парога пераходу на іншую мову. Расійская (руская) мова ва ўжытку паўсюль, беларускую, пры ўсіх агаворках і выдатках, вывучаем, не забываемся. А нам тут, у Брэсце, яшчэ і польская пад бокам, першая суседская мова Еўропы.
Так што і нямецкую, пры жаданні, як інструмент жыццёвага поспеху, можна дастаткова лёгка засвоіць. Зноў-такі, тут ёсць цэлы шэраг магчымасцяў. Найперш інстытут імя Гётэ ў Мінску прадастаўляе магчымасць засвоіць іхнюю мову на любым узроўні. Можна зрабіць гэта і саматужна. Але тады давядзецца пры паступленні, скажам, ва ўніверсітэт імя Гумбальдта, паказаць веданне нямецкай мовы на ўзроўні “DSH“ (“Deutsche Sprache für Hochschule“, “Нямецкая мова для ўніверсітэта”) на адмысловым экзамене ў Берліне, за што давядзецца дадаткова паторгаць гаманец, “аслабіўшы” яго на 150 еўра.
Студэнцкi кампус
Многія нямецкія ўніверсітэты прапануюць замежнікам свае моўныя курсы. “Даводка” на такіх абавязкова платных падрыхтоўчых курсах да ўзроўню DSH II будзе каштаваць у Мюнстэрскім універсітэце паўтысячы еўра плюс 240 еўра штосеместравы ўнёсак.
Існуе магчымасць вывучаць нямецкую мову онлайн. Але там магчымае толькі папярэдняе знаёмства з лексікай універсітэцкага курсу, а тэставая кваліфікацыя напрыканцы не дазваляе дасягнуць неабходнага моўнага ўзроўню DSH I, каб хоць дзе вучыцца ў Германіі. У любым выпадку, на курс прасунутага валодання нямецкай мовай, якім ёсць DSH, можна ісці толькі, калі маеш базавыя веды нямецкай мовы.
У Брэсце для гэтага створаныя неблагія ўмовы, пачынаючы ад школы, дзе можна нават здаць экзамен на “шпрахдыплом” (СШ №7) і завяршаючы факультэтам замежных моў мясцовага ўніверсітэта.
Ёсць і грамадскія рамачныя ўмовы. Увосень, дзякуючы супрацы абласной бібліятэкі, пасольства Германіі у Беларусі і пула гасцявых настаўнікаў нямецкай мовы, якія шчыруюць у адукацыйных установах горада, у Брэсце адбудзецца юбілейны, Дзясяты Тыдзень нямецкай мовы і культуры. Яго згадаў і пасол Германіі у Беларусі Петэр Дэтмар у сваім чэрвеньскім інтэрвью “Брестскому курьеру” https://www.bk-brest.by/2016/06/detmar_06_2016/ . Акрамя сталіцы, такі Тыдзень у Беларусі праходзіць аўтаномна толькі ў нас. Мабыць, гэта нездарма. Застаецца падзякаваць нямецкай амбасадзе за гэтую магчымасць дыялогу культур і паспрабаваць (або не паспрабаваць) адказаць адэкватна.
Асобная падзяка супрацоўнікам пасольства за прадастаўленую па тэме артыкула інфармацыю.
Яўген БЯЛАСIН, Брэст
Фота са свабодных крыніц
Ответить