16 верасня на філалагічным факультэце БрДУ імя А.С. Пушкіна прайшло мерапрыемства ў гонар кандыдата філалагічных навук, прафесара, літараратуразнаўцы, празаіка, таленавітага ў шырокім сэнсе чалавека – У. А. Калесніка.
Для нашага ўніверсітэта, горада ён першы прафесар, які даследаваў гісторыю Радзімы, пачынаючы з XII ст. Гэта не проста імя – У.А. Калеснік – постаць эпохі Адраджэння беларускай культуры.
Нягледзячы на тое, што нарадзіўся Уладзімір Андрэевіч ў Сіняўскай Слабадзе, што стаіць над Нёманам, вялікая частка яго жыцця звязана менавіта з Брэстчынай.
З маленства быў творчай натурай, любіў паэзію, жывапіс, мастацтва, нават марыў займацца гэтым прафесійна.
Па жыцці яго суправаджала любоў да прыгожага, захапленне хараством прыроды.
У адукацыйна-асветным цэнтры, прысвечаным Калесніку, што знаходзіцца на нашым факультэце, паўсюль працы прафесара: карціны, драўляныя скульптуры, кнігі. Усе, што рабіў Уладзімір Андрэевіч, стваралася з вялікімі намаганнямі, розумам і любоўю.
У апошні перыяд жыцця ён напісаў кнігу “Доўг памяці”, гэта адлюстраванне яго асабістай гісторыі, усіх цяжкасцяў і болю. Там расказваецца і пра вайну, сустрэтую ў падполлі, затым у партызанах, і пра пачуцці, якія авалодвалі Уладзімірам Калеснікам на пэўных перыядах шляху. Менавіта на вайне ён страціў каханую – Зіну Маслоўскую. Гэта страта праз усе жыцце была вялікім болем для пісьменніка. У кнізе “Доўг памяці” ёсць прысвячэнне “расстралянаму каханню”.
Уладзіміру Андрэевічу пашанцавала: па ўсім жыціі яго суправаджала жонка – Соф’я Міхайлаўна. Жанчына, якакя была і лепшым сябрам, і першым дарадцам.
На сустэчу прыйшлі вучні У.А. Калесніка: У. Сенькавец, С. Шчэрба, Н.Борсук, М.Аляхновіч. Усе гэтыя людзі звязаны з вывучэннем роднай літаратуры, у сваіх працах працягваюць асветніцкую місію настаўніка. Яны расказалі пра тое, наколькі вызначальную ролю адыграў у іх жыццях Калеснік.
Ен заўсёды падтрымоўваў таленавітую моладзь: пад свае крыло ўзяў Ніну Мацяш, Уладзіміра Караткевіча, Алеся Разанава і іншых, хто жадаў ствараць годную літаратуру.
У.А. Калеснік быў цудоўным прапагандыстам беларускай літаратуры, культуры. Штогод год ён наладжваў на факультэце сустрэчы з пісьменнікамі. Па запрашэнні Уладзіміра Андрэевіча перад студэнтамі выступілі амаль усе беларускія пісьменнікі. Гэта і Н. Гілевіч, В.Жуковіч, У.Гніламедаў, У.Караткевіч, А. Лойка і інш.
На сустэчы быў паказыны відэафільм аб У.А. Калесніку “Легенда краю”. Мікола Пракаповіч сабраў у ім звесткі аб выкладчыцкай працы вучонага, творчым і жыццевым шляху.
Студэнты нашага ўніверсітэта і БрТУ чыталі свае вершы, прысвечаныя памяці Уладзіміра Андрэевіча. Здавалася, быццам на паўтары гадзіны ён быў разам з намі, такі жывы і зацікаўлены, як на партрэце. Зацікаўленасць… Усе, хто ведаў Калесніка, падкрэслівалі менавіта гэтую рысу. Бо сапраўды, нягледзячы на нялегкі характар, крытычнае мысленне, востры розум, ён быў зацікаўлены кожным памкненнем і намаганнем сваіх студэнтаў. Стараўся дапамагчы і словам, і справай.
Пры ўсей знакавасці гэтай асобы, на жаль, многія мала ведаюць пра вялікага дзеяча берасцейскай зямлі – Уладзіміра Андэевіча Калесніка. Спрачаюцца, напрыклад, чыё ж імя носіць прыпынак “Калесніка”? І такое прыходзілася чуць…
Галоўнае, што ён быў, ёсць і будзе ў памяці неабыякавых людзей, якія не забываюць аб вялікім прафесары, даследчыку, літаратуразнаўцы Берасцейшчыны. І хочацца верыць, што кола такіх людзей з кожным годам будзе толькі пашырацца.
Аліна ПАЎЛЮКАВЕЦ
Ответить