13 верасня ў абласной бібліятэцы імя М.Горкага прайшла прэзентацыя кнігі вядомага беларускага літаратара Алеся Карлюкевіча.
Гэты чалавек – пісьменнік, журналіст, краязнаўца і перакладчык, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, Саюза пісьменнікаў Таджыкістана, лаўрэат шматлікіх літаратурных і гуманітарных прэмій, галоўны рэдактар рэдакцыйна-выдавецкай установы “Выдавецкі дом “Звязда”. Яго талент мае неабсяжную прастору, нашага беларуса добра ведаюць не толькі на радзіме, але і далека за мяжой.
Сёння герой нашай сустрэчы прадстаўляе кнігу “Алесь Мікалаевіч Карлюкевіч. Бібліяграфічны паказальнік.” Гэта выданне, у якім змешчана без перабольшвання цэлае жыцце аднаго чалавека, бо жыцце і творчасць Алеся – паняцці неразрыўныя. Складальнікамі паказальніка стала група супрацоўнікаў бібліятэкі. Чаму было вырашана рабіць менавіта такі праект? Напэўна, гэта абумоўлена шматграннасцю асобы Алеся Мікалаевіча. Яго пяру належаць два дзясяткі краязнаўчых кніг, шмат цікавых кніжак-казак для дзяцей, артыкулы ў часопісах і газетах, а яшчэ вялікая рэдактарская праца.
Выстава, зробленая работнікамі бібліятэкі, адлюстроўвае тры накірункі творчасці Карлюкевіча. Першы – краязнаўчая тэматыка, дзе аўтар словам аблюбаваў свае родныя мясціны. Прычым, многія з твораў перакладзены на самыя розныя мовы. Другі – дзіцячая літаратура. Гэта казкі, вершы, лічылкі, забаўлянкі, фантастычныя прыгоды. Трэці – супрацоўніцтва з пісьменнікамі постсавецкай прасторы – Туркменістана, Таджыкістана, Казахстана. Кнігазбор уключае таксама выданні на рускай і іншых мовах прадстаўнікоў літаратуры з “далёкага замежжа”.
Безумоўнай каштоўнасцю калекцыі стала наяўнасць кніг з аўтографамі аўтараў ці дарыльшчыкаў: М.Танка, Р.Барадуліна; пісьменнікаў больш маладога пакалення – А.Пісьмянкова, Ю.Сапажкова; калег па пяру за межамі Беларусі – А.Хамдама, М.Ткача, С.Вуканавіча. У кожным аўтографе – словы ўдзячнасці за сумесную працу, сяброўства, пажаданне творчых поспехаў.
Работа над паказальнікам доўжылася два гады, за гэты час знайшлося шмат інфармацыі, якая неяк па-новаму раскрывае гісторыю і жыцце нашых продкаў. Нарэшце, кніга выйшла ў 2015 годзе ў выдавецтве “Белпрынт”.
Падтрымаць Алеся Карлюкевіча прыехаў наш зямляк, дырэктар выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя імя П.Броўкі” – Уладзімір Андрыевіч. Ён выказаў словы ўдзячнасці Алесю за яго неацанімую працу ў развіцці беларускага краязнаўства: “Тое, што робіць Карлюкевіч, ніхто больш у нашай краіне не робіць. У яго шмат сяброў-пісьменнікаў у Таджыкістане, Казахстане, Туркменістане, нават на Кубе. З гэтымі людзьмі Алесь перакладае і іх літаратуру, і сваю. Дае нам магчымасць зразумець, хто мы ёсць. Я не ведаю больш такога чалавека, рупліўца, краязнаўца, які ўмее наладжваць адносіны, сябраваць і не губляць людзей, дабівацца сваей мэты і рухацца толькі наперад”.
На сустрэчу з Карлюкевічам прыйшлі галоўны рэдактар газеты “Заря” Аляксандр Лагвіновіч, старшыня берасцейскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Анатоль Крэйдзіч, паэт і празаік Алесь Паплаўскі (ён парадаваў усіх прысутных сваім рамансам пра восень пад гукі гітары). Дзякуючы Алесю Мікалаевічу пабачылі свет працы М.Новік і С.Варонік. З прадстаўнікамі маладога пакалення прысутнічала дэкан філалагічнага факультэта БрДУ “Імя А.С. Пушкіна” В. А. Фелькіна. Усіх здзіўляла, як паспявае Алесь Карлюкевіч выконваць так многа працы, прычым вельмі якасна? У чым сакрэт? Але, напэўна, яго няма. Справа ў любові да роднай зямлі, да людзей, дзяцей, мовы.
Завяршылася мерапрыемства ўзаемнымі падарункамі – кнігамі і ўзнагароджваннем бібліятэкараў напярэдадні прафесійнага свята – Дня бібліятэк. Дзякуючы Алесю Карлюкевічу мы даведаліся, наколькі цесна яны ўзаемадзейнічаюць з нашымі пісьменнікамі і не шкадуюць сваіх намаганняў дзеля аўтараў і іх чытачоў.
Аліна Паўлюкавец (фота аўтара)
Ответить