Пляцоўку для чытанняў прадаставіла “Прастора КХ”. У зале самадзейнага тэатра, пры свечках і каве-гербаце, у мінулую суботу чыталі прапанаваных ў рамках “Тыдня беларускага мыслення” аўтараў. Увазе прысутных былі прапанаваныя і тэксты іншых аўтараў, якія не перасягалі свабоды тэмы.
“Тэатр “Крылы Халопа” цяпер знаходзіцца ў пошуку, – сказала заснавальніца тэатра Аксана Гайко. – Азнаёміўшыся з філасофскімі выкладкамі Вольгі Шпарагі, я разумею, што мы змарнавалі час. Іншыя кажуць, што гэта развой па сінусоідзе або па спіралі, што быў час зацішку, і цяпер пойдзе поступ наперад. Таму нам гэты праект быў цікавы, і мы далучыліся да яго”.
Узрушанне выклікаў тэкст Уладзіміра Мацкевіча, у якім аўтар выказаў парадаксальную думку, што філосафу без настаўніка ну нікуды. Прычым менавіта сучасніка, фізічнага, так сказаць, цела. І праехаўся па сучасных беларускіх адпаведных персаналіях, расставіўшы рэдкія плюсы і тлустыя мінусы. Апошніх да таго ж яшчэ і багата. Быць настаўнікамі спадара Мацкевіча названым ім вядомым асобам не выпала, а тыя мала вядомыя, да каго ён прызнаўся, ці вытрымліваюць канкурэнцыю з Платонам, Кантам, Хабэрмасам або Сартрам. Затое яму можна было весці з абранымі настаўнікамі няўяўныя дыялогі. Не з Платонам жа іх весці, – яго даўно няма. “Ці сумяшчальны такі падыход з цяперашняй глабальнасцю, з наяўнасцю інтэрнэту, калі больш прыватна?” – пытанне лунала, але і прагучала. І яшчэ пра адну дэталь у логіцы аўтара тэкста трапна заўважыла госця філасофскага застолля: “Набраў сабе Мацкевіч настаўнікаў, калі яму было пад трыццаць, сталым ужо чалавекам, то няйначай выбраў такіх самых, як ён сам. Таму іншыя яму і не дагадзілі”.
А можа, тэкст быў выбраны не самы небясспрэчны. Мабыць, будзе нагода спытаць – Уладзімір Мацкевіч адзін з кіраўнікоў усебеларускага праекта “Лятучы ўніверсітэт”, ад якога і сыходзіла запрашэнне аддаць тыдзень на развагі пра беларускую філасофію.
Жывы водгук выклікалі выкладкі Валянціна Акудовіча і Алеся Анціпенкі пра (накінутае беларусам?) партызанства і яго наўмысля нацягнуты на мірны час стан, пра вайну і спосабы яе пераадолення.
Некаторыя з прысутных на асобе Алеся Разанава адкрылі для сябе, што паэт можа быць таксама і выбітным філосафам.
На прыкладзе тэкстаў Максіма Жбанкова, па-тэатральнаму прадстаўленых акторкай КХ Святланай Гайдалёнак, закінутая была ў брэсцкую ноасферу ідэя аб тым, што філасофія мяжуе з публіцыстыкай, у найбольш высокіх яе ўзорах. Але ці спрыяе сумарнаму поспеху яркасць?
Найбольш чытанай аўтаркай была згаданая ўжо Вольга Шпарага, – як мне думаецца, арганізатары філасофскіх чытанняў у Брэсце адгукнуліся на прапанову мінскіх трымальнікаў філасофскіх капіталаў – і нават пайшлі далей за квоту.
Чыталі філасофскія тэксты беларускіх мысляроў у “Прасторы КХ” тры гадзіны. Свечкі амаль усе дагарэлі. Зусім не па-філасофску хочацца працягу.
Яўген Бяласін
Фота. Пад час філасофскіх чытанняў у “Прасторы КХ”.
Фота аўтара.
Ответить