Гэтым разам, як і абяцаў, распавяду пра палічку з літаратурнымі творамі берасцейцаў ў іншай кнігарні. Такім чынам, з “Іскры” , што напрыканцы Пушкінскай, выпраўляемся ў “Дружбу”, насупраць помніка касманаўту Клімуку.
Коратка нагадаю праблему. У абодвух найбольшых Саюзах пісьменнікаў зграмадзіліся каля ста аўтараў-берасьцейцаў, але іх творы даволі цяжка знайсці пад магутнымі прывозамі звонку, у асаблівасці з дынамічнага расійскага рынку. Дзеля папулярызацыі “сваіх” і ажыўлення культурова-літаратурнага жыцця некаторыя нашы кнігарні адвялі берасцейскім аўтарам асобнае месца.
На другім паверсе “Дружбы” мяне накіравалі да стэлажа з шыльдай “АВТОРСКАЯ КНИГА”. На пяці ці то палічках, ці то карнізах стаялі кнігі самага нечаканага змесціва і аўтарства, агулам каля ста. Мільгануў нехта Геннадий Евтушенко. Выдавецтва “Коматур”, Масква. “Люди одной крови”. На вокладцы мужчына і жанчына ў ваеннай ўніформе. Баец у савецкай касцы. Ага, вайна. Якім бокам наш аўтар? “Родился в 1939 году в Украине”. Незразумела. Тады паэт Яўген Еўтушэнка нам бліжэй, у яго нейкія агульнабеларускія карані нібыта ёсць.
Уверсе трапілася на вочы маштабная, добрай паліграфіі кніга пра …беларускіх казакоў. Аўтар таксама не тутэйшы, мінскі. ды і казакі, наколькі ведаю гісторыю, не нашы рэаліі. Аўтар так і піша, маўляў, многія сумняваюцца, называюць нас муляжамі.
Унізе стаялі нейкія медыцынскія ці то манаграфіі, ці то падручнікі. Далей на вочы трапіла кніга кухонных рэцэптаў, брашура з навучаннем англійскай мове на прыкладзе ката з грувасткім іменем “Лорд Мурзінгем”. Па мне, дык Шрайбікус карацей і ямчэй, але галоўнае не гэта. Аўтары не брэсцкія спрэс!
Вырашыў дакладна вывучыць адну з пяці густанаселеных палічак. Кніга ветэрана журналістыкі. Выдадзеная Паліграфкамбінатам імя Коласа. Гэта ў Мінску. Аўтар таксама адтуль. Кранальнае папярэджанне-просьба, а раптам афарызмы, рыфмаваныя думкі аўтара каму-небудзь у жыцці прыдадуцца. Каб не яно, чытво было б для мяне цяжкім выпрабаваннем. Другая палёгка: можа, наступны наш.
Далей дзве кнігі вершаў Алены Ліхадзіеўскай. Таксама не берасцейка. Кніга прозы з заікастым назовам “За зацяненнем Поўначы”. Аўтар Валеры Скакун. Але зноў-такі – не наш Скакун. Віцебская вобласць. Выдаўся ў “Галіяфах”. Гэта сталічнае прыватнае выдавецтва. А вось і наш! “Живёт на территории гидроузла №9, Жабинковский район. Пишет на русском и белорусском языке”. Іван Дацкевіч. На паліцы дзве кніжкі гэтага аўтара, адна “Духовная поэзия”, другая з філасофскімі развагамі. Аўтар жыў доўгі час у Расіі, потым у сталым веку вярнуўся бліжэй да радзімы, якая ў яго маленстве акрэслівалася як Беластокскі павет. Гэта ўжо нашыя рэаліі.
Гартаю далей. Юрий Татаринов. «Во град Рута: В поисках резиденции князя Миндовга. Смэлток, Минск, 2015». Тэма звабная, што казаць. але якім бокам аўтар да Берасцейшчыны належыць, няўцямна.
Яшчэ два нятутэйшых аўтары, нейкі метаэпатажны ўжо ў псеўданіме Егор Neбо, выдаўся ў “Галіяфах”, і мегавядомы Алесь Бяляцкі з творчым партрэтам аднаго з самых вядомых сталічных паэтаў, Эдуарда Акуліна. Ага, вось гэты хоць часткай, ды наш. Леонид Кравчук. Нарадзіўся ў вёсцы Гаровіца. на Берасцейшчыне. Пад марскою пілоткай валявы твар. Былы падводнік, перад пенсіяй працаваў на Трактарным, двойчы бацька, двойчы дзед, у выдавецтве “Адукацыя і выхаванне” выдаў накладам у неверагодныя тры тысячы асобнікаў кнігу вершаў. Чытаю і вачам не веру. “Посмотри, какие ножки, \\ ножкам Буша далеко. \\ Закипает кровь немножко, \\ как парное молоко”. Кагнітыўны дысананс, аднак. Вось дык прабіўны зямляк, такое правёў праз спецыфічнае, здавалася б, выдавецтва. У канцы кніжкі вершы, праўда, іншыя. На беларускай мове. Відаць, навеяныя вясковым дзяцінствам, школай, сапраўды.
Агулам з шаснаццаці кніг на палічцы аўтарам, якія жывуць у Брэсце або на Берасцейшчыне, належалі пяць. Па тлумачэнні выправіўся да “ўнутранага эксперта” кнігарні, якім ёсць таваравед.
Вольга Анатольеўна Казлоўская на мой закід, а што такое “аўтарская кніга”, сказала, што з аўтарамі кніг, выстаўленых на палічцы, у кнігарні заключаныя дамовы аб продажы. Гэта мае на ўвазе, што аўтар хутчэй за ўсё жыве паблізу, але не абавязкова.
- Выдавецтва “Аверсэв” настойвала, каб іхнія кнігі ўсе стаялі “лінейкай”, і няхай чытачы самі рыюцца, шукаюць, што ім трэба, чытанку для першага класа або падручнік. Але мы не пайшлі на гэта, пакупнікі нашы пачалі пратэставаць, – распавяла таваравед. – Расстаўляем кнігі тэматычна. Толькі на гэтым стэлажы, “Аўтарская кніга”, тэм не трымаемся.
Спадарыня Вольга пагаджаецца, што назоў складаны для ўспрымання, не нясе для пакупніка нейкай арыентацыйнай інфармацыі. Хіба што блытае. Бо аўтарскай ёсць любая кніга, няма кніг без аўтараў. Вось, адзначаю сабе і чытачам газеты, ёсць у Брэсце месца, дзе з табой згаджаюцца. Можа, і памяняецца што. Пытаю, а ці вядзецца нейкая статыстыка, якія паліцы больш папулярныя, якія менш, ці праводзяцца апытанні чытачоў. Неблагая ідэя, з перасіленым энтузіязмам адгукаецца спецыялістка па продажу кніг. Уяўляю яе месца працы, адкуль яе толькі што адарваў. Гэта калідор, цалкам завалены кнігамі. У складзе ўжо няма месца. І ўсё гэта трэба ўлічыць, правесці па дакументах. Якія ўжо тут апытанні. А ці праводзяцца сустрэчы з мясцовымі аўтарамі? Праводзім, але ініцыятыва за аўтарамі. Осіпава вось абяцала, ды нешта не едзе.
Валянціну Осіпаву бачыў нядаўна ў Белаазёрску, на чытаннях памяці Ніны Мацяш. І праўда, не супраць яна прыехаць у Брэст. Але неяк трэба гэта зладзіць. А гэта кавалак працы. Кнігарні гэта, як бачым, цяжкавата. Аж так, што і кніжак згаданай бярозаўскай паэткі на даволі цьмяна акрэсленай палічцы няма.
Лічы: няма ў галовах чытачоў і самой аўтаркі? Калі гэта так, то ці ампутацыйна гэта?
Цяжкія твае шыфры, культура.
Засталося выбачыцца, што не атрымалася напісаць другую серыю “Брэсцкай палічкі”, як было абяцана, яшчэ летам. Іншыя тэмы адсунулі-адтэрмінавалі. Горш іншае. Давядзецца “Палічку-3” зноў пісаць у “Іскры”. Іншыя гарадскія кнігарні іх з розных прычын проста не маюць. А можа, ёсць у іншых рэгіянальных кнігарнях? Сігнальце ў рэдакцыю, абмяркуем.
Яўген Бяласін, Брэст 30.09.2016
Фота. Стэлаж у кнігарні “Дружба” з кнігамі берасцейцаў.
Фота аўтара
Ответить