Дзеля заснавання грамадскай арганізацыі створана ініцыятыўная група. Сход-абмеркаванне ў пятніцу, 21 кастрычніка, прайшоў у выставачным зале кавярні “Маяк”.
Госць з горада-партнёра настаўнік Фолькер Янсэн даў больш за паўста зацікаўленым у брэсцка-нямецкім партнёрстве такую інфармацыю для роздуму:
“Летась у Нясвіжы была канферэнцыя ўдзельнікаў беларуска-нямецкіх партнёрстваў. Абумоўлівалася, што прадстаўлены будуць грамадскія арганізацыі, якія ладзяць партнёрскія сувязі. У асацыяцыі абшчынаў Сярэдняя Шусэнталь такая арганізацыя ёсць, і гэта “Кола сяброў Брэста”. А тут яе няма. Гэтая акалічнасць ужо шмат гадоў падважвае нашы кантакты. Пажадана, каб да наступнай такой канферэнцыі ў 2018 годзе брастаўчане, зацікаўленыя ў сяброўстве, партнёрстве з Равенсбургам і іншымі абшчынамі асацыяцыі Сярэдняя Шусэнталь, арганізаваліся і зарэгістравалі сваю суполку”.
Спадар Янсэн патлумачыў, што ён удзельнік партнёрства з часу яго заснавання, што сітуацыя памянялася, многія людзі адышлі ад кантактаў, прыйшлі новыя, і што калектыўныя дзеянні для такога пачынання, як партнёрства гарадоў, больш празрыстыя, эфектыўныя і ўцямныя. “Пра гэта казаў на самым пачатку тут у вас яшчэ Вільгельм Райнхольд, першы кіраўнік “Кола сяброў Брэста”. Таксама ён згадаў 1988-1989 гады, як яны з прафесарам Ротэрам ездзілі ў Пскоў, але тыя ўжо заключылі партнёрства з іншым нямецкім горадам, і як нарэшце выбар спыніўся на беларускім Брэсце. Калі я прыехаў сюды ўпершыню з групай маіх вучняў, нас мусіў прымаць камсамол, але ён якраз распаўся, і ўсё ўзяў на сябе адзін актыўны чалавек – і размяшчэнне па сем’ях, і праграму. Цяпер усё цяжэй індывідуальна нешта вырашыць. І мы ўжо ветэранамі сталі. Трэба больш маладых”.
Святлана Гіль распавяла пра супрацу жанчын гарадоў-партнёраў. “За 25 гадоў партнёрства больш за трыста жанчын з Брэста пабывалі ў зямлі Бадэн-Вюртэмберг. Столькі ўсяго змянілася! Згадайма, колькі туалетаў мусілі быць прыведзены ў брэсцкіх кватэрах у ідэальны стан у 1990-я гады, “таму што прыедуць немцы”. Жанчыны паказалі сябе актыўнымі і адказнымі. А новай арганізацыі мы пакоік нейкі знойдзем”.
Кіраўнік велаклуба “Радея” Валянцін Балдэнка згадаў, як ім у свой час атрымалася з’ездзіць з нямецкімі гасцямі ў Крым. “У нас у клубе тры ўзросты. Мы гатовыя да супрацы. Можам ехаць і ў Германію, калі будзе такі расклад”.
Пётр Камяковіч, дзейны бізнесовец і кіраўнік структуры, якая статутна займаецца турызмам, распавёў пра падарожжы і вандроўкі на сваім дзесяцімесцавым катамаране. “Летась у Брэсце і ваколіцах нямецкія кінадакументалісты здымалі фільм пра мінуўшчыну і перспектывы гандлёвых і турыстычных кантактаў паміж Цэнтральнай Еўропай і Прычарнаморскім рэгіёнам па старадаўніх водных шляхах, дык мы іх у такія палескія нетры вазілі… У іх там такога відавочна няма. Фільм паказалі на тэлевізіі ў Германіі ўжо, мы на чарзе. Будучыня за турызмам”.
Аляксандр Івачоў, як даўні ўдзельнік кантактаў з грамадзянамі і ўстановамі Германіі, распавёў, на што яны рабілі стаўку раней. “Фірма, якую мы заснавалі, адразу зладзіла для жадаючых такіх міжнародных узаемінаў курсы нямецкай і англійскай моў. Бо галоўны бар’ер гэта няведанне — мовы адзін аднаго”. Таксама ён звярнуў увагу на тое, што цяпер падобныя кантакты фінансуе не абавязкова нямецкі бок. “Ёсць праект кантактаў грамадзян з грамадзянамі, прызначаны для таго, каб мы маглі паехаць у краіны Шэнгенскай зоны або адтуль маглі прыехаць да нас. Называецца “МOST”. Яго адмініструюць, з даручэння Еўрасаюза, немцы. Але грошы там еўразвязаўскія”.
Выкладчыца музыкальнага каледжа Валянціна Мальцава выказала перасцярогу, каб такія кантакты не ператварыліся ў вуліцу з аднабаковым рухам. “Для нас ехаць на Захад гэта спакуса. Якія там інструменты! Як ставяцца да музыкі! Нашы маладыя людзі, многа хто, мараць аб тым, каб з’ехаць адсюль. Пра тое ж дбаюць і чыноўнікі, пасылаючы дзяцей на вучобу за мяжу. А тут хутка ўсё накрыецца медным тазам, як паглядзець. Так што няроўныя атрымліваюцца бакі кантакта гэтага”.
Дарэчы, гэта ўжо праявілася ў гісторыі партнёрства з Равенсбургам. Некалькі ўдзельнікаў “Кола сяброў Брэста” паспрабавалі ў свой час адправіць у Бадэн-Вюртэмберг кантэйнер з брэсцкім тэкстылем, тым самым надаўшы сувязям эканамічную мэтазгоднасць. Але груз засеў дзесь на нашай мяжы, не прайшоў своечасова мытнага афармлення і не ўпісаўся ў графік продажаў у Германіі.
Публіка сабралася звыклая трымаць прамовы. Мабыць, з гэтай прычыны некаторыя сабраліся і пайшлі. Некалькі разоў прысутныя пачыналі ажыўлена абмяркоўваць матрыманіяльны вектар ў брэсцка-швабскіх кантактах. Адзін выпадак быў расцэнены як асабліва скандальны і таму шкодны, — “падарваў іх, бо пазбавіў наш асяродак моцнага юрыста”.
Гаспадыня салона пры “le Fare” Алена Макарэвіч сказала, што рада вітаць такое кола гасцей. “У нас пастаянна праходзяць канцэрты, выставы. Цяпер вы ў атачэнні прыўкрасных работ скульптара Аляксея Ляонава, які зноў выстаўляецца ў нас. Нам прыемна будзе аказаць падтрымку такой культурніцкай ініцыятыве”.
А далей было годнае музычнае абрамленне кантактаў і знаёмстваў. Жадаючыя паспрыяць стварэнню партнёрскай арганізацыі сяброў абшчын Сярэдняй Шусэнталі запісаліся ў ініцыятыўную групу. Трэба чакаць, што гэты карэньчык грамадзянскай супольнасці хутка дасць парастак.
Фота 1. На сходзе ў “le Fare”
Фота 2. Выступае Фолькер Янсен
Фота 3. Алена Макарэвіч
Яўген БЯЛАСІН (фота аўтара)
Ответить