У Кім Чжун Хо містычны лёс. Ён нарадзіўся нібыта ў 1982 годзе. Быццам бы ўцёк за мяжу. Кажуць, завочна прысуджаны ўладамі Паўночнай Карэі да пакарання смерцю. Пражыў мабыць 26 гадоў і бадай што загінуў пры таямнічых абставінах.
36-гадовы брэстаўчанін з нараджэння Прылуцкі чытаў свае адметныя пераклады ў апошні дзень кастрычніка ў зальчыку арт-праекта “Прастора Крылаў Халопа”. З меркавання некаторых прысутных, кніга “Патрыятызм для чайнікаў” проста-такі прасякнута паэтыкай перакладчыка.
Сяргей Прылуцкі сказаў, што не знаёмы асабіста з Кім Чжун Хо: – “Пазнаёмілі калегі-перакладчыкі”. На “паўночнакарэйскай” не гаворыць. “Разумею напісаныя тэксты”. Абраў паўночнакарэйскага паэта, “таму што многа паралеляў. І ва Украіне, дзе цяпер жыву, раней было шмат, і ў Беларусі. Бо таталітарызм гэта такое г…, – яго ніколі не бывае замала. Няважна колькі, але калі ёсць, то смярдзіць”.
Прылуцкі пацвердзіў, што ў сенсацыйным дакументальным фільме расійскага рэжысёра Манскага пра паўночнакарэйскую дзяўчынку напэўна нічога не падтасавана. “Я там не быў, нават турыстам. Туды надта цяжка трапіць. У год можа чалавек дваццаць туды трапляюць. Але з расповедаў ведаю. вязуць іх адразу ў адасобленае месца і потым дазавана паказваюць, што гаспадарам жыцця выгадна”.
Сваім асабістым жыццём Пістончык (адзін з псеўданімаў Сяргея Прылуцкага) задаволены. “Беларускім хлопцам варта прыглядацца да ўкраінак. Добрыя бываюць”. З яго словаў, жыве цяпер на Чарнігаўшчыне. “Вайна ці адчуваецца? Чым далей на усход, тым больш. У правінцыі не так, а ў Кіеве больш, бо вузлавы пункт, шмат едуць з усходу на адпачынак і назад у зону баявых дзеянняў”.
Што да перакладаў, то да гэтага Прылуцкі перакладаў набеліятку Вяславу Шымборску. Мае таксама пераклады з англійскай і украінскай моў.
Недзе спее пэўнасць, што калі набудзеце кнігу земляка, напэўна праз нейкі час добра парагочаце. Яна прадаецца ў сталічнай “Кнігарні Ў”, мае быць і ў інтэрнет-кнігарнях.
Яўген БЯЛАСІН (фота аўтара)
Ответить