Імя спрацавала: прыйшло каля двухсот чалавек. Разаграваць заранёў прыхільную аўдыторыю шоўмэну не давялося: і ў далоні пляскалі, і відэа здымалі, і падпявалі. А калі і дапраўды не так актыўна, як пазаўчора ў Гародні, то яно і зразумела: палешукі больш стрыманыя на эмоцыі.
Большасць песень, якія ўвечары 15 лістапада праспяваў фактычна забаронены ў Беларусі Зміцер Вайцюшкевіч, былі “на словы (паэта) Уладзіміра Пракопавіча”. Так абазначае спявак сваю і Някляева ўзаемную блізіню. Выканаў Зміцер таксама некалькі сваіх песень на словы Генадзя Бураўкіна і дзве на словы Караткевіча, якога выканаўца з алюзіяй на роднаснага Берасьцейшчыне Высоцкага называў поўніцай: Уладзімір Сямёнавіч. І ў канцы нагадаў пра тое, што ў беларусаў пры любых раскладах ёсць брэнд – вядомая, народная ўжо фактычна песня Ісака Любана на словы Адама Русака “Бывайце здаровы, жывіце багата”. “Бабкінай не ўдалося прысабечыць, і ва Украіну забраць не выйшла”, – задаволена зазначыў Вайцюшкевіч, распавядаючы пра адну спрэчку за кулісамі канцэрта. І, натуральна, выканаў песню ў сваёй апрацоўцы.
Вайцэшкевіч паказаў сябе ў Брэсце спанатраным майстрам кабарэ. Спевы ён нечакана перамяжае рэчытатывам або проста прагаворам, цягам прамаўлення якога раптам можа выдаць серыю дынамічных рухаў, разгойдванняў, поў-антраша або выпадаў, спалучаных з уморыстай мімікай. Потым зноў працягвае спяваць, закручваючы, рэкрутуючы ў працэс залу – і вось ужо колішнія слухачы даволі стройна самі пяюць, асабліва калі змушаны гітарнай паўзай да A Capello.
А вось такія ў яго мосцікі-расповеды.
З лаўрэатам Някляевым правёў спявак нядаўна, у Сеціве няйначай, конкурс на найбольш прыдатнае для наступнай іх супольнай песні жаночае імя. “Атрымалі паўтысячы, адабралі з іх два: Дамініка і Даздраперма. Перамагла Дамініка, склалі мы песню, пайшла яна ў людзі, і апасля да мяне ў Берасці на канцэрце некалькі разоў падыходзілі жанчыны ды казалі, паказваючы груднічкоў: “Вось, Ваша Дамінічка”, – закручвае мікрафабулу Вайцюшкевіч. – Адбіваюся як мага, маўляў, пры чым тут я, гэта Пракопавіч.” Рогат яшчэ той, усе ўжо былі прызабыліся на другое імя, але псіхалагічны разлік бездакорны. І праўда, нехта агучвае: “А што Даздраперма? І – адкуль яна такая ўзялася?”. “Гэта скарачэнне ад “Да здравствует Первое Мая”, – кідае бомбу смеху ў залу маэстра. – Нехта жартам падсунуў. Пакуль ніхто не падыходзіў. Але мабыць пасля сённяшняга выступу будуць”.
Госць увобміг шляхам галасавання зрабіў ўсіх прысутных жанчын прынцэсамі і каралевамі, потым пераключыўся на мужчын. Прапанаваў дзеля іх абароны (сапраўды, жывуць жа яны ў нас на 12 гадоў менш) абвясціць наступны год Годам Мужчыны і так праектна ні то распавёў, ні то праспяваў як зонг, у стылі Бэртольда Брэхта: “… беларускі мужчына \\ прыходзіць на свет \\ ва ўкусах камароў, \\ і яны яму замест радзімак \\ нагадваюць пра радзіму. \\ Беларусь у цэнтры Еўропы, \\ а ў цэнтры Беларусі стаіць канапа, і на ёй \\ беларускі мужчына \\ глядзіць футбол.” І тут наш шансанье выверана вяртаецца да жанчын, адрасуючыся да іх ад імя ўсіх прадстаўнікоў “моцнага” полу: “Дайце нам веру, \\ і мы \\ пачнем мыцца”.
Некалькі разоў за вечар Вайцюшкевіч згадваў аднаго супервядомага беларускага спевака-Сахару, які ў пустэльні сваіх песень сьлёзна абдымае закамянелы ўжо ад самоты адзіны свой хіт (вобраз мой), і потым з магутнай логікай уключае падрыхтаваны такім чынам галоўны рэгістр: “2030 год. Дапусцім, мяне дапусцілі на галоўны фестываль краіны. Мы ў Віцебску. Здарова, Віцебск! Вітанне, Славянскі базар!! Мне ўжо 60. Яму 75”.
Вайцюшкевіч можа “зрабіць” аўдыторыю адной інтанацыяй – гэта і апісаць тады нельга. Акурат такім быў прадстаўлены ў папярэднім абзацы кабарэтны хранатоп, – месца і час, спалучаныя з маштабам-калібрам беларускіх спевакоў і пазаэстраднымі чыннікамі, якія абумоўліваюць іхнюю (не)паспяховасць.
Менавіта інтанацыяй заяўляе-падае спявак сваю наступную, набліжаную да джазу, песню. Распавядае, як у Варшаве выступаў перад міжнароднай, напалову дыпламатычнай аўдыторыяй, і як палякі абвяшчалі нумар, націскаючы на сваю спанатранасць, асаблівае месца ў гэтай муззычнай плыні: “джэ-эз”, разумееце, не так, як гэта па-англійску гучыць, jazz, джаз, галосны як кампраміс паміж “а” і “э”, а “джэ-эз” (прамаўляе з шырока адкрытым ротам).
Смешна гэта вельмі, а што яшчэ нармальнаму чалавеку трэба, калі ён прыйшоў на … не на канцэрт, праўда, на заняткі па беларускай мове, але чаму б, пад спевы, не разняволіцца.
Надта дзецям пашэнціла, якіх было ў зале нямала. Так іх вылучыў артыст, так ім пашчасціла, калі паслухалі песню, “пасля якой не можа не хацецца есці, а хто есць, той расце”. Песня “пра галоднага \\ ваўка няшкоднага”. А прыпеў у ёй “у-у-уу-уу-у!!”, ну дык хто тут паўстрымаецца, хто не падхопіць інтэрактыўненька.
Пэўнасці няма, але Вайцюшкевіч нешта намякнуў такое. Можа быць, у запрашэнне ўпіраецца, а можа, і не ўпіраецца – але збіраецца ён напрыканцы Калядаў яшчэ ў Брэсце выступіць. Вельмі рэкамендую, і вось чаму.
У Беларусі ёсць два шматкаратных шансанье. Гэта Віктар Шалкевіч і Зміцер Вайцюшкевіч. Зміцер мне нагадвае Жака Брэля або Іва Мантана. Ён не Шарль Азнавур, няма ў яго столькі лірычнасці. І ён не салодкі Джо Дасэн. Але мае, мае мужчынскую харызму! Менавіта энергетыка яго збліжае з двума названымі спачатку французамі. Але найперш ён наш, і гэта таму, што мае ў сваёй творчасці нямала фальклорных рысачак. Плюс яго дасканалы канферанс.
Усходні “шансон” – крымінальны і з гэткім прысмакам, – пра яго ні слова не сказаў, вы ж заўважылі. Ну дык і ацаніце.
Гэтыя двое і сёння здольныя былі б збіраць поўныя залы, пры ўсёй абцяжаранасці абставін. Гэта дзіва, але Вайцюшкевіча, як у свой час Высоцкага, запісваюць і дзеляцца запісамі. Нямала такіх запісаў зрабілі берасцейцы і 15 лістапада.
Нядаўна трапіў мне ў рукі каталог брэсцкіх фота-, відэа- і музычных майстроў. Дзе-нідзе і знаёмыя мільгалі абліччы. Ды збольшага гламурам патыхала адтуль, прычым гламурам другой, калі не трэцяй свежасці. “Зрабіць усё як у Маскве”. “Di-Jey такі-і-такі”. Дык гэта ж перайманне з Захаду перакруціўшы галаву! Сябар згадаў аднаго з майстроў вяселля. “Беларус, з-пад Драгічына. Пад цыгана закасіў – сам прызнаўся, дзеля грошай”.
Згадаліся некалькі вяселляў, куды меў нагоду быць запрошаным, калі працаваў ля Навагрудка. Гэта гадоў з трыццаць пяць таму назад. Як там весялілі сваты! І не за грошы – проста іх тады многа было, у кожным родзе свой гаварун. МузЫкі свае, мясцовыя гралі. А “Песняры” – яны ж, калі самі жаніліся, самі сабе і гралі на вяселлях. Свая музыка, і якія, мабыць, незабыўныя вяселлі. А калі сустрэча са Зміцерам Вайцюшкевічам, дапраўды, як свята – вунь як людзі пасвятлелі, усміхаюцца на ўсе кутнія, – то якое было б вяселле з удзелам такога артыста!
Няйначай, ёсць, ёсць незанятая ніша багатая ў тым каталогу арганізатараў фэстаў\вяселля(ў). Як яе запоўніць? Разам са, услед за Зміцерам Вайцюшкевічам – далей ад тупой вузкалобай папсы, бліжэй да народнага, жывога, першароднага.
Яўген БЯЛАСІН (фота аўтара)
Ответить