У пятніцу, 9 снежня, у пружанскім Палацыку быў паказаны монаспектакль “Білінгв”, прысвечаны моўнай сітуацыі ў Беларусі наогул і на Берасцейшчыне. На яго завітаў Аляксандр Кот. Ён цяпер жыве ў Канадзе, прыехаў на пабыўку, “каб паглядзець матулю”. Для “Брестского курьера” спадар Кот распавёў:
- “Мая родная вёска каля Новых Засімавічаў. Амаль ніхто ў ёй не жыве ўжо. Я фізік паводле адукацыі, да эміграцыі ў 1998 годзе далёкі быў ад моўных праблем, на беларускай мове не гаварыў. Але з цягам часу прыйшоў да разумення, а на сёння цвёрда перакананы: трыяда “мова, гісторыя, культура” ў той ці іншай камбінацыі гэта ключ да поспеху беларусаў як народа. Без гэтага ў нас няма будучыні. Так што нават у Канадзе адкрыліся курсы “Мова нанова”. Газету выдаем. Трэба паварочвацца да сваіх каранёў. Не паддавацца на спакусы і падманы. У гісторыі гэта ўжо было, ёсць прыклады па перыметру былога Савецкага Саюза, у суседзяў, і вынікі вядомыя. Яны дрэнныя”.
А як склалася ў Канадзе? Ці можна было працаваць па спецыяльнасці? “Род заняткаў давялося перамяніць, – адказаў Аляксандр Кот. – Набыў грузавікі, перавожу грузы з Канады ў ЗША і назад. Зарабляю добра. Прынамсі, хапае, каб штогод купляць квіток сюды, дзеля пабыўкі”.
Канадскую газету “Беларус” са спавешчаннем пра модныя сёння ў нас курсы “Мова нанова”спадар Кот прадэманстраваў удзельнікам дыскусіі ў Палацыку. Фота прыдаліся і нам.
Нагадаем, сусветная беларуская дыяспара налічвае каля трох з паловай мільёнаў чалавек.
Фота: Аляксандр Кот паказвае канадскую газету “Беларусы”.
Фота 2. На курсах “Мова нанова” ў Таронта выступае гурт “Яваровы людзі”.
Яўген БЯЛАСІН
Фота аўтара і А. Кота
Ответить