Берасце: “дармаеды”, анархісты, чыноўнікі і дзіцячы цягнічок у “светлую будучыню”…
У паветры падыхнула вясной. На гэтых выходных сіноптыкі абяцалі да +15 цяпла. І не падманулі. Як не падманула і нейкае патаемнае пачуццё, інтуітыўна, пятай кропкай апоры ці храбетным мозгам прадракаючы надыход нейкіх зрухаў, абуджэння ці проста значных падзей. Шчыра кажучы, горад падобнага не бачыў вельмі даўно. Прынамсі, на маёй памяці…
Еду на запланаваную акцыю пратэсту супраць Дэкрэта №3, і думкі, нібы самадастатковыя адзінкі быцця, пераварваюць інфармацыю са СМІ пра лёс удзельнікаў папярэдніх “маршаў недармаедаў”: затрыманы Андрэй Шарэнда, змешчана ў псіхіятрычны дыспансэр Наталля Папкова, выключаны тэлефон у Аляксандра Кабанава.
Я, канешне, люблю палітычныя трыллеры, але адна справа глядзець іх у кінатэатры — і зусім іншая, так бы мовіць, анлайн, непасрэдна сутыкацца ў рэальнасці. Зрэшты, самая “сацыяльна арыентаваная” дзяржава ў свеце мае даволі багаты вопыт барацьбы як з апанентамі ўлады, так і са здаровым сэнсам. Менавіта ў сувязі з гэтым і ўспомніліся падзеі 2011 года, калі мясцовыя каардынатары РПСС (“Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі”) Зміцер Шурхай і нябожчык Алесь Чаркашын затрымліваліся непасрэдна перад правядзеннем чарговай акцыі “маўклівых” пратэстаў.
11.40 — Раблю першыя крокі па цэнтральнай плошчы горада, на якой сабралася колькі дзясяткаў чалавек з дзецьмі. З дынамікаў неверагодна моцна гучыць расейская папса, набірае пасажыраў ярка расфарбаваны дзіцячы цягнічок, паволі рухаюцца коні ды мулы, адкідвае доўгую цень забаўляльная карэта. Тое не стала нечаканасцю, бо яшчэ за некалькі дзён даходзіла інфармацыя аб тым, што менавіта ў гэты дзень, час і на гэтым месцы ўлады вырашылі правесці нейкае дзіцячае мерапрыемства.
11.50 – Сустракаю мясцовага функцыянера АГП Уладзіміра Вуека, які паведаміў, што ўлады прыхільна паставіліся да яго прапановы аб сустрэчы з “дармаедскім” актывам, з якой яшчэ ўчора неміласэрна “сцябаўся”. Адчуваю нават нейкую асалоду ад таго, што мой саркастычны скепсіс далека не заўсёды бывае прароцкім. Рады, што памыліўся. Шчыра.
12.06 – Перакрыкваючы музыку, праз мегафон Уладзімір Вуек коратка распавядае аб тым, што раней паведаміў асабіста мне, і прапануе сабраўшымся перайсці колькі сот метраў да будынку гарвыканкама. Людзі, зразумела, падтрымліваюць, і, не парушаючы парадку, калона арганізавана пачынае свой рух.
12.10 – Спыняемся на пляцыку каля гарвыканкама. Той жа прамоўца нагадвае, што акцыя мае мірны характар, папярэджвае аб магчымых правакацыях і накіроўваецца ў будынак. Аглядаю прыйшоўшых. Людзі, не хаваючы, трымаюць самаробныя плакацікі з надпісамі “Нет декрету № 3!”, “Мы – не рабы!” і “Баста!”. Таксама не сквапяцца і на эмоцыі ў адносінах да дзеючага кіраўніцтва краіны, якія раз-пораз пераходзяць у нецэнзурныя эпітэты. Сям-там на вока трапляюць бел-чырвона-белыя колеры (як правіла, у выглядзе невялікіх сцяжкоў).
12.15 – Вяртаецца Уладзімір Вуек з прапановаю прайсці ў актавую залю, каб паразмаўляць са старшынёю гарвыканкама Аляксандрам Рагачуком. Тым не менш берасцейцы не спяшаюцца падпарадкоўвацца і выклікаюць кіраўніка самога выйсці да іх на вуліцу. Чуюцца воклічы: “Это они для нас, а не мы для них!Это мы их кормим, а не они нас! Пусть выйдут к народу!” Аднак, неўзабаве, частка людзей накіроўваецца да будынка, дзе месціцца актавая заля. Рухаюся туды і я.
12.30 – Па маіх падліках, на сустрэчу са старшынёй гарвыканкама прыйшло недзе каля 150-200 чалавек. Пасля экспромтнай прамовы Дыяны Касцюковіч у залі з’явіўся Аляксандр Рагачук. Прывітаўшыся з прысутнымі, пачаў нешта казаць аб “бягучай сітуацыі” ў краіне і горадзе, апераваць статыстычнымі дадзенымі, але ў залі пануюць эмоцыі, людзі расказваюць свае “дармаедскія” гісторыі, з якіх наўпрост вынікае слушнае пытанне: “Як нам жыць?”.
Мікрафон гуляе па залі. З месца малады чалавек абурана задае рытарычнае пытанне: “Есть ли у нас Конституция? Соблюдает ли власть международные обязательства относительно запрета на принуждение к труду?”, а будаўнік-шабашнік, якому не знайшлося працоўнага месца ў Берасці і Беларусі, патрабуе ад Рагачука адказу на пытанне: “Поддерживаете ли Вы лично, не как чиновник, а как человек, этот Декрет? Ответьте: да или нет!”. З залі чуюцца воплескі падтрымкі пасля кожнага рэзкага пытання, на якое старшыня не можа даць канкрэтнага адказу. Чыноўнік спрабуе акцэнтаваць адказы на тэзе аб тым, што “этот Декрет имеет временное действие”.
На трыбуне з’яўляецца Аляксандр Кабанаў, які прапануе не губляць час на непрадуктыўную размову і далучыцца да тых, хто застаўся звонку, і разам пайсці “погулять по городу”. Мікрафон бярэ прыйшоўшая на сустрэчу Ірына Лаўроўская, доктар урбаністыкі і архітэктуры, якая ўзнімае пытанне аб затрыманні Андрэя Шарэнды і змяшчэнні ў псіхіятрычную лякарню Наталлі Папковай. Рагачук прадказальна спрабуе ўнікнуць прамога адказу, спасылаючыся на тое, што “психиатрия – это очень деликатная тема”, альбо звесці адказ да канстатацыі: “против Шарендо открыто административное производство”. Частка людзей узнімаецца са сваіх месцаў і шыбуе да выхаду. Накіроўваюся туды і я.
13.10 – Выйшаўшы з памяшкання да асноўнай групы людзей, я, шчыра кажучы, не вельмі паверыў сваім вачам, бо падобнае ў горадзе над Бугам бачу ўпершыню. Нягледзячы на адносна невялікую колькасць людзей, (прыкладна ў некалькі соцень), сярод іх вельмі кантрастна і каларытна выглядала арганізаваная група людзей у чорнай вопратцы, балаклавах і з вялікім транспарантам “Чиновник – главный тунеядец”. Нават не столькі па рыторыцы, якая гучала з мегафона, колькі па наяўнасці чорных сцягоў і сымболікі, красамоўна падкрэслівалася ідэалагічная скіраванасць групы – анархісты. Праз колькі хвілін, звяртаючыся да прысутных, менавіта яны, а не прадстаўнікі нашай тытульнай апазіцыі, заклікалі арганізаваць шэсце і прайсці вуліцамі горада.
13.15 – Сфармаваўшы калону, пратэстоўцы рушылі наперад, якую ачолілі прыхільнікі ідэй Крапоткіна ды Годвіна. Мяркуючы па галасах, спрактыкавана скандзіруючых крычалкі (бо твары былі схаваныя пад балаклавамі ды банданамі), гэта былі маладыя людзі, прыкладна 20-25 год, аднак сваёй непахіснай апантанасцю, яны могуць даць вялікую фору традыцыйным палітыкам з іх вядомымі схільнасцямі да кампрамісаў.
13.20 – Перайшоўшы вуліцу Леніна, калона на хвіліну спынілася перад здзіўленымі абывацелямі, што чакаюць сваёй чаргі, каб усадзіць дзіцёнка на коніка або ў казачны цягнічок. Кароткая прамова з агучваннем мэты пратэсту ды заклікам далучацца, і – калона ідзе далей.
13.25 – Пратэстоўцы рухаюцца па вуліцы Пушкінскай. Забягаючы далёка наперад, каб атрымаць магчымасць зрабіць удалы кадр, пра сябе адзначаю, што тэксты лозунгаў чутны за некалькі сот метраў ад саміх пратэстуючых. Над вуліцамі горада далёка разляталіся такія крычалкі, як “Верым! Можам! Пераможам!”, “Наше решение – самоуправление!”, “Выйди на улицу – верни себе город!”, “Нет зарплаты, есть налог – депутату в кошелек!”, “Настоящий дармоед – тот, кто выдумал декрет!”, “Жыве Беларусь!” і г.д.
13.35 – Калона дайшла да скрыжавання вуліц Пушкінскай і Савецкай. Людзей ўсё больш: мінакі не толькі здымаюць дзеянне на тэлефоны і планшэты, пляскаюць у далоні на знак салідарнасці, але і свядома далучаюцца да пратэсту. Аглядаючы калону з вышыні п’едэсталу помніка 1000-годдзя Берасця, мяркую, што па прыблізных падліках, у руху ўдзельнічае ад адной да паўтара тысячы чалавек. Прыкладна столькі ж, як і шэсць год таму — на самай буйной “маўклівай” акцыі.
13.45 – Падыходзім да скрыжавання вуліцы Савецкай і праспекта Машэрава. Калона спыняецца на светафоры, але, нечакана, замест напаміну аб цывілізаваным пераходзе вуліцы ў бок ЦУМа, з мегафона даносіцца: “Нас много! Нас очень много! А сейчас мы символично, на три минуты перекроем улицу…”
Пачуліся сігналы клаксонаў. Нават ня ведаю, на знак салідарнасці ці проста ад здзіўлення, бо нешта падобнае берасцейскія аутакіроўцы бачаць далёка не кожны дзень. Прынамсі, на маёй памяці, падобная дзёрзкая акцыя ў горадзе праходзіць упершыню…
13.50 – Калона рухаецца на супрацьлеглы бок праспекта, заходзіць на пляц каля ЦУМа. Гучаць словы аб неабходнасці салідарнасці берасцейцаў, інфармацыя аб тым, што затрыманых сёння павінны адпусціць, запрашэнні падтрымліваць падобныя акцыі ў рэгіёнах і збірацца ў наступную нядзелю “у той жа час, на тым жа месцы”. Людзі пачынаюць паволі разыходзіцца.
Аляксандр АХМАЧ
Ответить