Перакладчык Міхась Кенька, выдавец Уладзімір Сіўчыкаў і скульптар Народны мастак Беларусі Іван Міско прысвяцілі прэзентаваны наробак 130-м угодкам з дня смерці пісьменніка і “500-годнасці” беларускага кнігадруку.
На імпрэзу ў пятніцу, 17 сакавіка, прыйшлі больш за паўсотні пружанцаў і гасцей. З Польшчы прыехала старшыня Таварыства аматараў музея Ю.Крашэўскага ў Раманове Анна Чабадзінска-Пшыбыслаўска.
Збольшага дырэктар музея Юрый Зялевіч дзякаваў за падарункі мінскім гасцям. Дацэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Міхась Кенька распавёў пра тонкасці перакладу, патлумачыў, чым гэтая яго праца адрознівалася ад перакладу “Крыжакоў” Генрыка Сянкевіча. “Выбіраючы з твораў Крашэўскага, стараўся, каб не было перакладу на рускую мову”. Раман “Кароль у Нясвіжы. 1794” стаў чацвёртым творам гэтага класіка, перакладзеным М. Кенькам на беларускую мову. Не толькі гэта было адзначана. Ад музея спадар Кенька атрымаў падарунак з нагоды нядаўняга 70-гадовага юбілею. “Калі такі круглы, то можна святкаваць цэлы год,”, – пажартаваў юбіляр, вядомы яшчэ і як аўтар зборнікаў анекдотаў.
Брэсцкая журналістка Руслана Гусева, ініцыятарка стварэння бюста пісьменніка, сказала, што ў Польшчы Юзафа Крашэўскага былі знялі са школьнай праграмы, але ў апошнюю паездку да суседзяў ёй атрымалася знайсці ў кнігарні новую хрэстаматыю для школ. “Так што Крашэўскі ў Польшчы зноў у праграмах. Не проста так вярнулі.” Уладзімір Сіўчыкаў распавёў пра цыкл “Мая беларуская кніга”, у якім выйшаў прэзентаваны раман. “Стараемся выпускаць кнігі серыямі, каб заўважыў чытач. Так яны лепш разыходзяцца, адпаведна, хутчэй вяртаюцца грошы, і можна кнігі выдаваць больш танна. У серыі “Мая беларуская кніга” запланавана 26 тамоў, дзякуючы такой гнуткай палітыцы трымаем кошты гэтых зручных фарматам, – кішэнных выданняў не вышэй за сем рублёў у кнігарнях, а пры нагодзе і на траціну менш.”
На імпрэзе прагучалі ўзоры перакладаў іншых твораў Крашэўскага. Паэт-пчаляр з-пад Пружанаў Мікола Папека прадэкламаваў ўрывак з перакладзенай ім паэмы Юзафа Крашэўскага “Вёска”, навеянай дзяцінствам нашага слыннага земляка ў фальварку Доўгае (у некалькіх кіламетрах ад Пружан). “Па адукацыі я інжынер. Мову польскую не так добра ведаю. Таму пераклад мне даўся цяжка. Некалькі разоў перарабляў. Потым у выдаўца прапалі грошы. Давялося выдаваць за свае. Затое цяпер кніга ёсць у бібліятэках”. Перакладчык адзначыў відавочны ўплыў Крашэўскага на Купалу і Караткевіча, падмацаваў чытаннем вытрымак. Таксама не прамінуў Папека падкрэсліць, што Крашэўскі, як Адам Міцкевіч і многія іншыя літаратары таго часу, якія пісалі па-польску, лічыў сябе літвінам. “Паўгода ўжо як закончыў пераклад аповесці Юзафа Крашэўскага “Чорча (Чортава) магіла”. Напэўна, таксама давядзецца звярнуцца да крылатых спонсараў, каб выдаць.”
Не забыўся пільны Папека паўсчуваць мясцовых “латыфундыстаў” за даўні ўжо грэх: у свой час расцягалі трактарам па полю рэшткі склепа пры дарозе насупраць месца, дзе быў фальварак Доўгае. Маўляў, як гэта так, парэшткі цынкавых трунаў і чалавечыя косці валяліся па полі. Але потым з задавальненнем сфатаграфаваўся з гасцямі каля памятнага знака па дарозе на Доўгае, усталяванага нядаўна ўладамі. Дарэчы, знак быў запланаваны яшчэ тады, калі ўчынілі грэх бурэння склепа.
Чыталіся таксама пераклады на расійскую (рускую) мову (Любоў Красеўская, Руслана Гусева) і літаратуразнаўчыя каментары. Імпрэза атрымала гарманічнае класічнае музычнае афармленне ад жаночага струнна-духавога трыа. Напрыканцы дырэктар запрасіў на другі паверх, у залы выставы, прысвечанай літаратурна-мастацкай творчасці братоў Крашэўскіх, куды памясцілі барэльеф самага вядомага старэйшага брата.
85-гадовы скульптар Іван Міско прыслаў удзельнікам імпрэзы прывітанне ў выглядзе сваёй фатаграфіі з барэльефам, які музей у яго выкупіў, і саліднага альбома з яго працамі.
У кулуарах прагучала сцішаная інфармацыя, якую асабліва любяць журналісты. Прынамсі, папярэдне стала вядома, што не падтрыманы праект мемарыялізацыі Ю.І. Крашэўскага, пададзены польскімі партнёрамі Берасцейшчыны і мясцовымі актывістамі БРСМ у рамках праграмы памежнага супрацоўніцтва. Паспрабуем высветліць, ці сапраўды гэта не ўпісалася ў нібыта падтрыманую еўраструктурамі патрыятычную дзейнасць “недзяржаўных дзяржаўных” актывістаў у Брэсцкай крэпасці.
Нагадаю: Юзаф Ігнацый Крашэўскі ўвайшоў у кнігу рэкордаў Гінэса як самы пладавіты пісьменнік (яму належыць аўтарства больш за 600 літаратурных твораў, з іх 223 раманы і аповесці, рэшта паэмы, навуковыя працы). Памёр у бежанстве ў Жэневе ў 1887 годзе.
Яўген БЯЛАСІН. Брэст – Пружаны – Брэст
Фота аўтара.
1 комментарий
Vovochka
21.03.2017 в 21:19Слова «збольшага» ўжыта няправільна. Для параўнання можна перакласьці на рускую мову: Отчасти директор музея Юрий Зелевич благодарил за подарки минском гостям.