Ненавіджу, калі здзекуюцца з людзей. А тут яшчэ і самога датычыць. І новы сезон пачаўся. Журналісцкая этыка ўстрымацца больш не можа.
Трэснула кола
Днямі пачуў непрыемнае ляпанне ў заднім коле свайго вела. Прыглядзеўся – трэснуў обад. Дзюралевы! І з аднаго, і з другога боку, акурат насупраць. Значыць, можа разваліцца проста на хаду. Трэба мяняць! А гэта мінус 20 рублёў з худаватага. як і ў большасці беларускага народа, бюджэта.
Мінус 20, а тое і 30 рублёў – чаму? Веласезон яшчэ толькі пачаўся, ані лецішча табе не далягае, ані грыбы\рыбы, ані турызм – карацей, ніякія грузы, акрамя сябе роднага, – дык у чым прычына?
На гэта вам адкажа любы з тысяч брэсцкіх веласіпедыстаў. Таму што іх усіх змушаюць ездзіць па гарбатых тратуарах. Мясцовая Дзяржаўтаінспекцыя не проста заганяе туды, а заганяе цынічна і груба, безапеляцыйна штрафуючы.
Пра гэта крыху пазней. Цяпер вернемся да трэснутага обада. Папрасіў пракаментаваць сітуацыю міжнароднага майстра па веласпорту, актыўнага карыстальніка брэсцкіх дарог Уладзіміра Кудраўца.
- — Правілы дарожнага руху таму дарожныя, што маюць на ўвазе дарогі, а не тратуары, – пачаў здалёк майстар. – Пешаходы не здаюць экзамен на веданне ПДР, яны прапісаныя на тратуары. А веласіпедысты не. На колавым сваім сродку перасоўвання яны больш лагічна выглядаюць на дарогах. Ды і правілы гэта дапускаюць. Частка другая пункта 148 артыкула 20 ПДР прадпісвае, што пры немагчымасці руху па веладарожцы, узбочыне або тратуары “… дапускаецца рух веласіпедыстаў па праезнай частцы дарогі ў адзін рад не далей за 1 метр ад яе правага краю.” А калі ехаць па бардзюрах, ямістых тратуарах – вядома, што з рамонтаў не вылезеш, і каштуюць яны часам ладна.
Далей мяне прысвячаюць да выбранага. Уладзімір Кудравец:
- — У прафесійных велагоншчыкаў такі спецабутак, што ім і ступаць нельга на бетон, на тратуар той. Зашчоўкнуў стопы на замкі педаляў – і далей толькі па роўнаму. Трубка каштуе ад 10 да 100 у.а. На першым бардзюры ёй прыдзе канец. Так што ў Брэсце пад наглядам тутэйшай ДАІ далёка не праедзе нават доларавы мільянер.
Мае змаганні ды іхнія вымогі
На вела тут езджу колькі сябе памятаю ў Брэсце. Першы ровар укралі ў мяне тут дзесьці ў 1982 годзе. Потым “цісканулі” яшчэ 5 (пяць) – і ні разу міліцыя не змагла адшукаць спраўцаў. Затое вось колькі ўжо гадоў з настырнасцю, вартай лепшага прымянення, яны штрафамі спрабуюць пераканаць мяне, што лепш трухаць пешшу. Асабліва інтэнсіўна інспектары ДАІ гэта робяць апошнія год-два. Быццам са шворкі іх сарвала.
Вось і 1-га верасня мінулага года на вуліцы пісьменніка Смірнова, адразу пасля перасячэння з Прыгараднай, мяне дагнаў патруль ДАІ. Маўляў, не паехаў па тратуары, а ён жа новы, можна камфортна ехаць. Тлумачу, што да гэтага была вязкая пясчаная ўзбочына, а потым пайшлі бардзюры без з’ездаў. “Съезды практически везде есть в Бресте. Из асфальтовой составляющей сделана подсыпка такая. Думаю, на улице Смирнова точно сделана. Потому что здесь тротуар хороший,” – неяк па-дзяціннаму наіўна-нахабна павучаў мяне маёр, які не назваўся. І загадаў стажору з Лунінца афармляць пратакол.
Пасля фірменнага ўрока беларускай мовы ад VELСOM у гімназіі, куды быў запрошаны арганізатарамі, вярнуўся і адмыслова сфатаграфаваў усе шэсць перасячэнняў бакавых дарог і заездаў на тых двухстах метрах. Ніводнага з’езда з тратуара. Вышыня бардзюра вагаецца ад 6 да 14 см. Такім чынам, “служывыя” з ДАІ змушалі мяне ехаць на вышыні, якая значна, а то і ў разы перавышаець глыбіню “аварыйнай” ямкі. А гэта, хто не ведае, выбоіна ў дарожным палатне з глыбінёй, большай за дапушчальную, ў 4 см. Калі паб’еш аўто і звернешся ў суд, то з такіх паказанняў суд мае задаволіць заяву, і дарожныя службы сплацяць рамонт, а можа і маральную кампенсацыю. (Дарэчы, у Англіі “аварыйная” ямка 3 см). Апрануў такім чынам сваё пярэчанне ў пратаколе ў строгую вопратку лічбаў і адправіў гэтыя фота і гуказапіс афіцэрскай хлусні ў адпаведны аддзел ДАІ на рэагаванне.
І яно наступіла. Дзве інстанцыі ДАІ зухавата абаранілі карпаратыўны мундзірчык. “Должны были ехать по тротуару”. І гэта нягледзячы на прыкладзенае мною рашэнне Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь ад 11 лістапада 2010 года, якое абавязвае ДАІ больш увагі надзяляць стану дарог і ўзбуджаць справы супраць дарожнікаў пры смяротных ДТЗ, віной якіх быў менавіта стан дарожнага пакрыцця.
У падтрымку такога рашэння Генпракуратуры дадам статыстыку са свайго дасье: на Берасцейшчыне 9 адсоткаў ДТЗ са смяротным сыходам былі ў свой час спрычыненыя менавіта дрэнным станам дарог. І толькі 3 адсоткі дрэнным тэхнічным станам транспартных сродкаў.
Ці мог я забіцца на тых бардзюрах вуліцы Смірнова? Ранейшыя выкладкі сведчаць: так, мог, і справа мела б добрую судовую перспектыву. Але на халеру мне ўсё гэта пасля такога сыходу? І яшчэ два фактары ўлічым тут. Першы. Гэтыя двое службістых маглі б дагнаць мяне ўжо на тратуары і аштрафаваць за тое, што ствараў перашкоды пешаходам (той сама пункт 148, частка 1). Першага верасня ўдзень там шматлюдна было, як здагадаецца кемлівы чытач. Ды і фота не даюць схлусіць. Сказалі б, маўляў, не можаш ехаць “не ствараючы перашкод”, то вядзі ў руках. Па-другое, а ці не тады пачаліся мае трэшчыны ў обадзе? Бо выканаў іх прыхамаць – не завальваць жа працу. А фізіку ніхто не адмяняў. Нават брэсцкае ДАІ гэта зрабіць не ў сілах. Гэпнуў колам у “аварыйную” ямку раз, гэпнуў другі – і кола не вытрымае. Таму ямка “аварыйнай” і называецца, часткай. А калі глыбіня\вышыня ў два разы большая – дык тут і гадаць няма чаго. Калі ў тры – як кажуць, “да бабкі не хадзі”, зломіцца. Спешвацца кожны раз – дык гэта пазбаўляе язду на веласіпедзе сэнсу.
Што кажуць іншыя?
У зімнім артыкуле на велатэму (“Зімой пра вела дбаць не грэх”, “БК” №5) цытаваў ужо кіраўніка велаклуба “Радзея” Валянціна Балдэнку, які з яшчэ некалькімі раварысткамі з клуба быў сведкам характэрнага здарэння. Увечары ля Брэсцкай крэпасці на спуску з новага маста страшна ўпаў хай сабе і выпіўшы, але невінаваты ў адсутнасці з’езду раварыст. Насустрач ехала калона, яна заняла існы вузкі з’езд, і чалавек наўгад паехаў у разліку на тое, што з’езд на ўсю шырыню тратуара. Як таго патрабуюць Правілы ўладкавання дарог у іх рэдакцыі ад студзеня 2013 года. Памятаеце: “он же новый, хороший!”. Ды марна. Утыркнуўся з маху колам у бардзюр, “сыграў” цераз руль і ляжаў увесь у крыві. Уразіў сведкаў гэтага ДТЗ тон міліцыянтаў, якія неўзабаве акрэсліліся на месцы здарэння. “Так он пьяный!” Не адсутнасць нарматыўнага з’езда прыцягнула іхнюю ўвагу, такім чынам. “Хоць там і цвярозы шыю зламаў бы”, – як засведчылі відавочцы. Засведчылі гучна, але і гэтым не пераканалі неміласэрна свярблівых да звыклай справы пратакольных пісарчукоў.
Зацемім: такія вось “работнічкі” нядбайна выконваюць службовыя абавязкі. Гэта абумоўлена іхняй няпраўнай свядомасцю, якая акрэсліваецца, з аднаго боку, прэзумпцыяй вінаватасці грамадзян, і з другога, сваёй апрычонасцю. Таму яны і ў стане вырабляць гэтыя немагчымыя, з пункту гледжання нармальнага мірнага грамадзяніна, рэчы: фактычна, правакаваць, прабачце за ўнутрана-супярэчлівую фармулёўку, ДТЗ на тратуарах з удзелам веласіпедыстаў. Дый яшчэ спаганяць з іх грошы, калі не хочуць туды ехаць, або калі ўпалі, як гэты бедалага.
Іхняя матывацыя – гэта іхнія балы?
Мяркуючы, як міліцыянты ДПС з палёгкай у голасе адказваюць, што не, больш не абавязваюць выконваць нормы штрафаў, – працуе нейкая іншая пружына іх узведзенасці і заточанасці. Паводле інсайдэрскай інфармацыі, матывацыя нумар два – “соцспаборніцтва”. Лепшы ДАІст той, хто набярэ больш балаў. А складзены пратакол – так, “важыць” нейкую там колькасць балаў. Нескладзены або складзены “не ў той бок” – нуль ён і ёсць нуль. Тады ты і па службе нуль. І заробак ты худы толькі атрымаеш. Інфармацыю такога роду дастаць наўпростава афіцыйна не атрымлівалася, дык можа цяпер справа неяк зрушыцца. Хай бы патлумачылі народу. Бо дзеля яго дабра ездзяць-катаюцца, а не каб “блок-пастамі” ды рухомымі канторкамі па з’ёму штрафаў. А дабро народа на веліках, цвёрда ў гэтым перакананы, палягае ў роўнасці і бяспечнасці трас, зручнасці і, па магчымасці, бесперапыннасці руху, а не ў цяперашнім сада-маза. Бо “зрабілі” веладарожку ад Усходу да цэнтра за два дні якіх, пасля таго як двое школьнікаў загінулі на вела пад коламі аўтамабіляў. Да гэтага ж мурыжылі веласіпедыстаў гадамі. Тыя з’езды каля Веславальнага канала – праз гадоў пяць пасля рамонту вуліцы Кастрычніцкай Рэвалюцыі, як цяпер помню, нехта насупраць адміністрацыі канала баючыся зрэзаў бардзюры, потым гады праз тры паклалі больш-менш цярпімыя. “Из асфальтовой составляющей”, правільна.
Працяг “апупеі” са з’ездамі на Смірнова
Не быў перакананы, што не знойдзецца адказнага службоўца, які прызнае, што чорнае гэта чорнае, а белае гэта белае. Які зможа сабе ўявіць абсурднасць разгляду на ўзроўні Арганізацыі Аб’яднаных Нацый сітуацыі з брэсцкімі дарожнікамі-“недаробкінымі” ды інспектарамі-фантазёрамі ДАІ. Або не, што я адразу так высока. Якому сорамна было б проста выпускаць гэту справу за межы Брэста. Таму звярнуўся ў пракуратуру. Гарадскія два ўзроўні … прызналі, што ўсё ў пратаколе ціп-топ. Цяпер мае фота і аўдыёфайлы вывучае абласная пракуратура. Але, як зацеміў ім у апошняй сваёй заяве, з’ездаў на вуліцы Смірнова як не было першага верасня летась, так няма і цяпер, калі пачаўся ўжо новы веласезон. Між тым работы там, “калі паставіць нават неспецыялістаў, скажам, лейтэнанта Навіцкага з яго не вядомым мне камандзірам, – літаральна на паўтары-дзве гадзіны”.
Іншыя “вузкія” месцы
Такіх лёгка даводных для патрэб веласіпедыстаў месцаў, як вуліца Смірнова, у горадзе многа. Толькі што скончылі рамонт тратуара насупраць БЭМЗ. Веладарожка асобная, абазначаная, але з’езд толькі на ёй. Таму пешаходы аўтаматычна кіруюцца на з’езды веладарожак і там замінаюць раварыстам. А ўвечары можна не трапіць на з’езд і добра ўрэзаць колам па бардзюры тратуара. Амаль як той бядак ля крэпасці. Побач тут часта стаіць “блок-пост” ДАІ, але ім быццам засляпіла.
За скрыжаваннем з Піянерскай у бок цэнтра адразу на праезнай частцы заезда і на веладарожцы дарожнікі заасфальтавалі каналізацыйны люк. Асфальту было зашмат, дык паклалі кучкай на дарожку. Потым спатрэбілася вызваліць доступ да люка, дык асфальт выдаўбалі. Але кучу прыбраць не спадобіліся. Цяпер раварысту на выбар або наезд на калдобы, або на кучу асфальту. Побач “раскладушка”. Рэклама “Помнікі”. Хутка зарыентаваліся!
На вуліцы Рабцава бадай што найлепшая ведадарожка з сапраўды нулявымі з’ездамі, але там-сям напачатку засталіся высокія бардзюры. Рэдкаснае галавацяпства – дапусцілі адзінкі, а пакутуюць доўгія ўжо гады тысячы. Не па ўсёй шырыні тратуара, як належыць, зладжаныя з’езды на бульварах Касманаўтаў і Шаўчэнкі. Затое насупраць польскага консульства з’езды парабілі нават на рагу вуліц. Гэта адмыслова, каб ехалі ў парушэнне ПДР, па дыяганалі?
Літара і дух закона
І гэта далёка не ўсё. Агулам у маім дасье дзясяткі фота. Ні разу ніхто з пільных афіцэраў ДАІ не пацікавіўся гэтай інфармацыяй. Затое рэагавалі яны на досыць эксклюзіўныя рэчы. Аднаго разу выпісалі мне штраф за тое, што паехаў на чырвонае святло а палове на другую ночы на глухім скрыжаванні ў адсутнасць аўтамабіляў. Здалёк убачылі ліхтарык. А каб яго не было, то … А так – “нарушили”! Навошта гарыць светлафор – гэтае пытанне заспела міліцыянтаў знянацку. Не іхнія ж гэта згараюць-блінкаюць грошы. А ім у касе прыбудзе, або.. як іх там, … або балаў тых. Другі раз справа была а трэцяй уначы таксама пры поўнай адсутнасці аўтамабіляў на далёкім ад любых людскіх канструкцый скрыжаванні. Поле, лес і рэчка. Агляднасць – ва ўсе бакі на кіламетр. Паехаў на зялёнае святло. Праз метраў трыццаць даганяюць з пробліскамі. “Остановитесь! Почему проехали, не спешились?” Службісты быў настроіўся, сказаў ужо звыкла-пажаданае “пройдёмте”. Але напарнік падумаў, што занадта глупа будзе. Разупэўніў ятраватага калегу.
Былі і гісторыі больш вясёлыя, але ўсё роўна … мутарныя яны нейкія ўсе. Таму даволі. Чамусьці няма ў брэсцкіх супрацоўнікаў ДАІ разумення, што ёсць літара, і ёсць дух закона. Дух – гэта бяспека на дарогах. Дзеля якой бяспекі людзі мусяць ноччу красціся цераз пустую вуліцу з роварам у руках? Дзеля якой бяспекі міргае цэлую ноч на пустэльнай вуліцы светлафор? І – як жа раз’язджаюцца людзі без накіравання ДАІ? Без светлафораў!?
А як не ў нас?
А раз’язджаюцца яны дастаткова ўдала. У Злучаных Штатах кіроўцу на т-відным скрыжаванні дазволена пры адсутнасці іншых аўтамабіляў ехаць на чырвонае святло. У ЗША не быў, інфармацыя, як кажуць, з трэціх рук, але ёй верыш. Прынамсі, яна адпавядае маёй уяве пра дэмакратыю з яе павагай да прыватнай уласнасці і свабоды прыняцця рашэнняў. А вось у Германіі быў разоў з дзесяць. Дарожнай паліцыі там фактычна не бачыў. На аўтабане раз было – разрульвалі “карамболь” на левай крайняй паласе. Паўтара гады таму назад быў у Аўстрыі ў роўнавялікім нашаму Брэсту Грацы. Далі магчымасць месяц папрацаваць над перакладамі ў тамтэйшым Міжнародным Доме Літаратара. Гаспадары прадаставілі мне веласіпед, якім я актыўна карыстаўся. На веласіпедах там ездзяць практычна ўсе. Існуе сетка веладарожак, праўда, не ўсюды. Дарожны рух больш інтэнсіўны за брэсцкі, але дарожнай паліцыі як быццам няма зусім. Аднойчы бачыў двух у цэнтры горада. Падчас турыстычнага фестывалю, пры асабліва вялікім наплыве пешаходаў, прасілі спешыцца тых раварыстаў, хто не звярнуў увагу на знак “Пешаходная зона”. У Аўстрыі існуе наўпроставая забарона веласіпеднага руху па тратуарах (штраф ад 30 да 70 еўра). Затое праезная частка ў Грацы і Вене, дзе быў таксама, роўная. Пры рамонтных работах, як гэта мае месца на фота, зрэз вышынёй у 1см апрацаваны флуорэсцэнтнай фарбай (каб было бачна ў цёмны час сутак).
Нямецкамоўнікі ведаюць, што “Trottoir” — слова французскае. Але і па-нямецку “treten” гэта “ступаць”. Не “ехаць”, зацемім.
Ды што там замежжа! У Полацку зрабілі якасную чатырохкіламетровую паласу для веласіпедыстаў, адмераўшы той самы метр з ПДР ад правага краю асфальта і адбіўшы суцэльнай белай лініяй. Праўда, дадаткова адгарадзілі ад агрэсіі і нядбайнасці аўтамабілістаў круглымі паўсферамі. Міжнародны майстар па веласпорту Уладзімір Кудравец успрыняў гэту інфармацыю з разуменнем: “Калі еду на вела ў Польшчы, то там толькі па праезнай частцы можна. Польскія кіроўцы зважаюць вельмі, каб раварыста не зачапіць. Але бывае, сігналяць. Тады ведаю: або знаёмы хто, або “нашы” хамавітыя, з Беларусі ці расіяне.”
Людзі добрыя
Наконт начнога гоп-стопу асабліва мне цікава стала. Дык паслаў у ДАІ запыт, ці праўда трэба ноччу штурхаць вела перад сабой, калі аўтамабіляў няма, і ці можна па праезнай частцы на аўтамабільны “зялёны” паехаць. Заадно папрасіў растлумачыць, навошта ноччу пры адсутнасці руху гарыць светлафор, і колькі каштуе гадзіна штатнага яго гарэння на службе невядома каму.
Прыйшоў мне адказ за подпісам “намеснік начальніка УДАІ У.Т.Крац”.
Я памятаю аблічча падпалкоўніка Краца. Думаў, што яго абяруць начальнікам гадоў з шэсць таму назад. Няжорсткі, дабрачы, відаць, чалавек. Добры сямейнік, няйначай. Але цяпер згадалася мне зусім іншае.
Калі яшчэ быў выкладчыкам-пачаткоўцам мясцовага ўніверсітэта, ехаў на гарадскім аўтобусе – савецкім яшчэ ЛАЗе, “дзявятцы”, як помню, – на ці не першы свой занятак. Справіў новы касцюм дзеля гэтага. Сядзеў ззаду злева над колам. Там сядушкі цясней крыху стаяць. Падняўся на выхад, а кіроўца ў гэты час рэзка па тармазах даў. Я ўперад па інерцыі падаўся, але не ўпаў. Адно што каленам за нешта добра чапануў. Аказалася, сядушку перада мной рамантавалі. Спінку прыкруцілі шурупам, і ён выступаў на паўтара сантыметры. Схалтурыў слесар, не зрэзаў вастрыё – у мяне калена ў кроў і дзірка ў новых штанах як пальцу ўлезці на самым аглядным месцы. Напісаў заяву ў аўтобусны парк з прапановай, каб той слесар адкупіў мне штаны. І атрымаў адказ, маўляў, Вы самі вінаватыя, трэ’ было лепш трымацца. Подпіс: дырэктар Тадеуш Крац.
Чаму запомніў гэтую прыкрасць? Бо “Kratz” па-нямецку “драпіна”. Драпіна ў мяне на калене была глыбокая, да белага рэчыва. Прыкметнае прозвішча, такім чынам. І тут яно зноў.
Толькі пачаў чытаць – зразумеў: поўная паралель. “На Вашу заяву ад 23.03.2017 паведамляю, што заканадаўства Рэспублікі Беларусь у галіне дарожнага руху грунтуецца на Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь”.
Ды не грунтуецца яно на ёй. Яно, у брэсцкай трактоўцы, ёй супярэчыць. Хаця б таму, што “…ўсе роўныя перад законам” (арт. 22), але ў той час, як аўтамабілі кацяцца сабе па гладкаму, веласіпедыстаў змушаюць ездзіць па гарбах, ямах і штучных выбоінах, – з усімі вынікаючымі. Іншым разам яны больш бяспраўныя за пешаходаў!
І далей – у апісанай Вамі сітуацыі (ўначы) веласіпедыст павінен спешыцца. “У выпадку невыканання...”. Ёсць пра парадак уключэння “начных” светлафораў і ні паўслова пра кошт гэтай мігатлівай ілюмінацыі.
Такое ўражанне, што “без вас разбярэмся, а вы выконвайце”.
Між тым Канстытуцыя, найперш, замацоўвае вяршэнства ў беларускай дзяржаве народа. Мы народ, гэта наш горад, нашы вуліцы, пераходы і светлафоры. І мы маем права ведаць сэнс і бяссэнсіцу рамонтаў, недавершаных рамонтаў, штрафаў за іх, добрых і непрыдатных дарог і Дзяржаўтаінспекцыі на іх.
У гэтым духу просіцца яшчэ да разгляду адно роднаснае аўтамабільнае пытанейка. То да наступнага разу.
Яўген БЯЛАСІН, раварыст са стажам
Ответить