Кніга пра аварыю на савецкай атамнай станцыі мае падзагаловак “З Чарнобыльскага дзённіка контрразведчыка”. Цытуе сакрэтныя пратаколы Палітбюро ЦК КПСС. Знаёміць з пакручастым лёсам “ліквідатараў”, якіх у сучаснай Беларусі саміх ліквідавалі.
Амаль двухсотстаронкавую кнігу яе аўтар, брастаўчанін Аляксей Захаравіч Крывашэін, паказваў мне пасля 31-х угодкаў катастрофы на ЧАЭС. Так склалася: пакуль давезлі, пакуль прайшла інфармацыя… “Не чытаў яшчэ. Здароўе нагадвае пра сябе. Лекары ціск у санаторыі паднялі, дык збіваю, а яшчэ жонку даглядаю, яна нават бясплатнай пуцёўкай пакарыстацца ўвесну не змагла. Так што з выдаўцамі на даверы”, – папярэдзіў палкоўнік Крывашэін.
Выдавецтва “Паперус” у імпрэсуме выказвае ўдзячнасць групе асобаў з сайта “Prastora.by” і “Беларускага архіва вуснай гісторыі”. Што Аляксей Захаравіч можа займальна распавядаць, ведаю з досведу ранейшых узаемін і публікацый. Цікавым суразмоўцам яго робяць найперш ягоныя чалавечыя якасці і такі жыццёва-інфармацыйны багаж, які ў яго ёсць. Суправаджаў замежных і савецкіх VIP-аў у Белавежскай пушчы, а ў 1986 годзе быў пасланы ў часава абмежаваную з-за радыяцыі камандзіроўку ў населены пункт Прыпяць – на сёння горад-здань.
Гартаю кнігу. Фатаграфій няшмат. “Меў фотаапарат. Японскі. Ды забаронена мне было яго браць з сабой”. Суразмоўца выцягвае агульны сшытак з акуратнымі паметкамі, запісамі. “А вось запісваць атрымлівалася. Пісаў шыфрам, скарачэннямі. Так што тое-сёе атрымалася аднавіць у памяці. На аснове гэтага сшытка і паўстала кніга”. Палкоўнік згадвае таксама працу ў архівах, скардзіцца, што інфармацыя стала больш закрытай, нават яму. “Пра гэта што ўжо хаваць, нічога не паправіш, урокі трэба ўзяць”.
Сустракаю ў кнізе там-сям вершы. Яны аўтарскія. Чытаў іх раней. Шчырыя такія рыфмаванкі, збольшага, але некаторыя дык менавіта вершы. І глядзі ты – прыстасавалі рэдактары. А вось і малюнак. Зона, калючка, ахоўная вышка. Таксама аўтарскі. Яшчэ адзін. “Хвойка-абеліск”. І яшчэ. Сама станцыя.
Спыняюся на абсягу перад кідкім загалоўкам. “Калі чытаеш дакументы Пасяджэнняў ЦК КПСС, прыходзіш да думкі, што галоўны і самы страшны ізатоп, які найбольш атручваў пасля Чарнобыля атмасферу, якраз і адсутнічае ў табліцы Мендзялеева. Назва гэтага ізатопа – хлусня!”
А вось абсяг, з якім не згодзен. Але ж гэта нармальна. Далей здарэнні, сустрэчы… Кнігу пачытаю потым не спяшаючыся. Бо гэта мне блізка. Бо толькі два чалавекі ў 1989 годзе на скрыжаванні Савецкай і Маскоўскай збіралі подпісы за раскрыццё інфармацыі па Чарнобылю, і адным з іх быў я. А інфармацыя была жахлівая. Фотафакты. Іголкі хвоек у Чарнобыльскай зоне 11 сантыметраў даўжынёй, а лісты дубоў — як лапухі.
І яшчэ таму гэта мне блізка, што ненавіджу хлусню ды імкнуся ўсяляк яе выкрыць, раскрыць закіданае граззю аблічча праўды. А мой суразмоўца — гэта даўні аўтар газеты “Брестский курьер”, які такую-сякую праўду на маёй памяці адкрыў. Кнігу пачытаю потым, а вам параіць магу адразу. Прычыны названыя раней. Цяпер паслухайце са мной Аляксея Крывашэіна.
“Вось мае пропускі ў зону, пасведчанні – гэтае вось ліквідатара, гэтае палкоўніка КДБ у адстаўцы, – разгладжвае ён цэлафан на аркушы. – Пасля выхаду на пенсію пачаў пісаць кнігі, пяць іх ужо на маім рахунку”.
Здагадваюся: “Дык гэта першая па-беларуску?” Палкоўнік ківае галавой, кажа, што мае быць яшчэ большае выданне па-руску, з разлікам на суседзяў, потым робіць у думках нейкі паварот і паказвае спіс публікацый. Там цэлы іх шэраг у “Народнай трыбуне”. “А вось мой зварот да нашых дэпутатаў Палаты. Гэта калі ў Беларусі скасавалі статус удзельніка ліквідацыі. Са 126 тысяч “ліквідатараў” засталося, паводле неафіцыйных дадзеных, каля 70 тысяч “пацярпелых”. У тым ліку і я. Вось пасведчанне”.
Тут голас палкоўніка абсякаецца, дрыжыць. “Але я не хачу быць пацярпелым, я ўдзельнік ліквідацыі. Мы жыццём рызыкавалі свядома, няўжо не зразумелая розніца. Прытым, што ільготы цалкам скасавалі, няўжо цяжка было не здзеквацца з людзей, пакінуць ім статус! Ва Украіне, у Расіі, у Казахстане – ва ўсіх краінах былога Савецкага Саюза ёсць статус “ліквідатара”, пад яго належная дапамога, і толькі мы “ідзем у нагу”. Самі з сабою”.
Згодзен. Маўчу. Не перабіваю.
“Чаму ў нас у Брэсце няма дзе нават кветкі пакласці на 26-га красавіка? Маіх калег па Чарнобылю можа большасці ўжо няма ў жывых, так і памерлі пацярпелымі. І чаму гэтая дата нейкая звычайная ў календары? Як быццам гэта не адна з самых значных старонак у гісторыі краіны. Чаму ваенкомы пра вайну кажуць доўгія прамовы, пра Афганістан, і хоць бы хто словам згадаў нас, салдатаў Чарнобыля?”
Скрушна гартаюць пальцы аркушы. “Вось, прыслалі адпіску на 11 старонках”. Потым пераходзяць на паперу з тэкстам на “лацініцы”. “Вось, публікацыя з le Monde. Рэпартаж на паласу. І для французскага радыё другая журналістка запісала рэпартаж таксама. А іх калега робіць на восень блок пра Савецкі Саюз да 100-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі, дык улучыў мяне ў 10 людзей стагоддзя. Этапы існавання СССР, дык мне выпаў Чарнобыль”.
Пытаю, ці не траўматычная яму, хто наўпрост меў справу з “мірным” атамам, Астравецкая АЭС. “Грошы не нашы, дык чаму не ўзяць”, – удумваючыся ў псіхалогію чалавека, які прымаў рашэнне пра пабудову, адказвае палкоўнік. “Скажыце, як чалавек ваенны – атамная станцыя мае ваеннае значэнне?” Тут адказ ідзе як з кулямёта, адразу. “Падбор кадраў — гэта суперзадача. Ім заўсёды займаўся. Адна памылка – і не трэба ў тую станцыю зверху пуляць. Шахідаў вунь колькі. Хто ад такой памылкі застрахаваны?”
Палкоўнік Крывашэін паказвае чарнавікі ўспамінаў пра гібель беларускіх кіраўнікоў Фёдара Сурганава і Пятра Машэрава. Нечакана кажа, што галоўная яго кніга яшчэ наперадзе, і гэта будуць успаміны “ад пачатку і да выхаду на пенсію”.
Слухаю і думаю пра іншы статус. Былі ў большасці народаў старэйшыны, аксакалы – па-рознаму яны называліся, ды сэнс адзін. Узрост гэта іншая псіхалогія. За выключэннем тых, каму людзі ўслед кажуць пагардлівае “старасць прыйшла, мудрасць не ўзяла”. Не растрэсці, распушыць у белы свет, – быць абачліваму, абярэжнаму, перадаць што маеш – такія яны, людзі сталага веку. Сапраўдныя, паважаныя старэйшыны.
У гэтым месяцы Аляксею Захаравічу Крывашэіну споўніцца 80 гадоў. Няхай годзіць!
Яўген БЯЛАСІН
Фота 1. Вокладка “Ліквідацыі”
Фота 2. Пропуск у Чарнобыльскую зону А.З. Крывашэіна
Фота аўтара
Ответить