Гэтымі іскрыстымі радкамі, народжанымі ў XIX стагоддзі, мы, выпускнікі 1955 года Маларыцкай дзесяцігодкі, шчыра дзякуем нашым настаўнікам у ХХI стагоддзі. Іх, апантаных адданым слугаваннем Радзіме, яе будучыні, выбраў адказны, грозны час. А яны — выбралі нас. А вось пра нас лепш не скажаш за настаўніка настаўнікау, перад імем якога мараць, мараць і не перастануць марыць прыкленчыць шмат хто з выбітных сыноў і дачок нашай Беларусі, — педагог, вучоны, пісьменнік Уладзімір Андрэевіч Калеснік:
«Неразгаданай загадкай застаецца для сацыёлагаў культуры выхад у свет пасляваеннага пакалення беларускіх творцау. Без любові народжаны, халодны бог вайны Марс як бы знямог, адумаўся ў агні сусветнай бойні ці напалохаўся прьвіду новай, атамнай, калі пакінуў столькі даравітых, чулых сэрцам дзяцей, прызваннем якіх стала асуджэнне вайны, стварэнне новага свету без войнаў і сябе ў тым свеце».
Адзін за другім сплываюць у «незваротны вырай» (Ніна Мацяш) нашы настаўнікі. Апошняй па часе стала наша класная кіраўніца Ганна Іванаўна Набокіна – выкладчыца рускай мовы і літаратуры. Яна пра сябе: «Уж куда только меня ни водила судьба: родилась на Урале, детские годы прошли в городах и местечках Сибири и Приморья, десятилетку окончила на Сахалине, высшее образование получила в Ленинграде — і дабаўляе ўплач: — И вот теперь в некой Малорите…».
І мы ў «Цьмутаракані- Маларыце, на думку Набокінай, узрушаныя і здзіўленыя ад патыліцы да пят перш-наперш даведваемся, што цягнулася яна праз неабдымную Расію тузін сутак ледзь не зборнымі цягнікамі ў калыску рэвалюцыі-горад імя правадыра, каб вучыцца на суднабудаўніка… Што ж, неспавядзімы шляхі Гасподні, даравау Ён нам бясцэнны дарунак – Павадыроў-настаўнікаў нашых, пашкадаваў басоту беларуска-валынскую, што паспела набоўтацца па пераноссе ў памыях і смуродзе найвялікшай ад пачатку свету вайны. Як яны, нашы Песталоцці і Макаранкі, працавалі, зноў лепш за Ганну Іванаўну не скажаш:
«Нас спасала работа и чудо-природа Малориты. Уму непостижимо, сколько мы работали. С огромным напряжением трудился весь коллектив во главе с директором А.Ю.Березняком».
Цудам сцалелы ў фашысцкую навалу нашчадак роду сыноў Давідавых і Абрагамавых Беразняк, родам з Койданава, скончыўшы БДУ, трапляе ў Маларыцкую школу і адразу чаруе, палоніць яе насельнікаў сваёй бясконцай энергіяй, напорам і націскам, боскім дарам кіраўніка, арганізатара і натхняльніка ўсенькіх нашых перамог. Вучоба, спорт, самадзейнае мастацтва, дапамога вясковаму працоўнаму люду, кок-сагыз і торфа-гноевыя гаршчэчкі, сяўба, касавіца, і «прынимай, Родина, молодой хлеб пятилетки”, парады і святкаванні «чырвоных» дат — паўсюль мы павінны былі быць пераможцамі. I не толькі ў раёне, а ў вобласці, I з апошніх намаганняў выходзіць на рэспубліку і Саюз.
Наш струнны аркестр са ста палешучкоў у Мінскім Доме афіцэраў стаў другім у рэспубліканскім аглядзе школьнай самадзейнасці. Некаторыя лепшыя спартсмены Маларытчыны траплялі ў зборныя каманды Беларусі па лёгкай атлетыцы, валейболе, барацьбе. А з прыходам у школу маладога фізрука Уладзіміра Якаўлевіча Серады, то і гімнастыцы, і баскетболе. Нязменна асабіста дырэктар прысутнічаў на трэніроўках, абавязкова ў кабінцы ці кузаве МТСаўскіх калгасных, леспрамгасаўскіх і вайсковых «палутарак» быў поруч з вучнямі ў вандроўках у суседнія Дамачава, Высокае, Жабінку, Камянец, канешне, і ў Брэст. Сам быў завадовым валейбалістам і шчыра дапамагаў нашаму ваенруку і фізруку Ф.У.Струнцу.
Федар Ульянавіч нарадзіўся ў Маларыце, польскі рольнік і ўлан, чырвоны кавалерыст, пасечаны шаблямі капітан. Камандзір эскадрона конармейцаў, дывізію каторых у сорак чацвертым кінулі на закапаныя ў зямлю фашыстоўскія “тыгры”. З двухсот афіцэраў сцалела толькі двое – Струнец і яшчэ адзін падпалкоўнік…
Патрабавальны да апошняй кроплі поту да сябе і нас, юных спартсменаў, як перад намі, ужо дарослымі, прв званнях і аксельбантах, слёзна вымавіў родным дыялектам: “Діткы моі, діткы, як жэ я любыв вас. А што трохі тэрэбіў вуха і чубы, бо хотів, шоб дужымі булы, за сэбэ постояты моглы, шоб жылы на білому світі”…
Але ніхто з гастаўнікаў так не карыстаўся дыялектам, як выкладчык намецкай мовы Мікола Міхайлавіч Шопік. Таксама тутэйшы, паходзіў недзе з Камянеччыны, пры маршалку Пілсудскім служыў рэгентам Маларыцкай Мікалаеўскай царквы і быў за гэта пакараны “сталінскімі людаловамі” шасцігадоваю адсідкаю бліз “сталіцы турэмнага краю”. Адмысловы знаўца нямецкай, ангельскай і лацінскай моў. Прамаўчаў, якім цудам дапяў да настаўніцтва ў нашай школе, у сталых гадах яшчэ ўдасканальваў лаціну завочна. Неаднаразова хапаўся за левы бок грудзей, уздыхаючы ”О, mein Herz, mein Herz!” Нязменны кіраўнік школьнага хору, у якім павінны былі спяваць усе ад першакласніка да самога дырэктара, хто здолеў за выбітай на піяніна Аляксандрам Юр’евічам Беразняком праспяваць музычную гаму ад верхняга да ніжняга “ДО”. Дацягнуў да 92 год і па-дзіцячы радаваўся царкоўнай службе, якую зрэдзь адважвалася ва ўгоду “праваслаўным растрыгам-камуністам” паказваць тэлевізія”. А што я ім гаварыў, бісовы діты!..”
З цеплыней у грудзях успамінаецца Ісаак Пятровіч Керш, выкладчык гісторыі і псіхалогіі. Разумнік, адораны пачуццем тонкага габрэйскага гумару. Які без фанабэры апавядаў пра свае партызанскія прыгоды. Паплечнік знакамітага разведчыка Кузняцова, ваяваў ён ва украінскім партызанскім злучэнні падрыўніком.
…”і вось, рабяты, — крыху картавячы, пачынае і ўсміхаецца блакітнымі ласкавым вачамі. – Недзе блізка вас, паміж Ковелем і Маларытай, дубеем пад адхонам, чакаем “потяга-цягнічка”, марыцца, каб з жывою сілаю, хай бы і з тэхнікай быў. Ціха-а – па рэйках пошап пайшоў з украінскага боку. Як заўсёды (ведалі фашысты, што чакаюць хлопцы іх, паперадзе лёгенькая дрызінка бяжыць. Ды хіцёр Зміцер, але і Саўка не дурань. Крутнулі мы магнето, як толькі паравоз на стык наскочыў. Рэзкае гальмаванне, паравоз не зваліўся, а вагоны адзін на другі паўскоквалі. І крыты, цэльнаметалічны – у кювет. Мы да вагона! А ён семкамі сланечнымі пад завязку напакаваны. Ледзь не плачам ад крыўды — дарэмныя патугі нашыя. Лаем немчуру святым рускім матам. Змяюка падкалодны, нават семкі ў сваю Дойчлянд паганую прэ! Аніяк не нажрэцца! Ды пан Бог бачыць усюсенька. За труды нашы праведныя па медалю “За адвагу” на грудзі нам пачапілі, — смяюцца ласкавыя настаўнікавы вочы. І мы за ім узрываемся дужым рогатам, ледзь не перакульваем парты, на злом карку прэм у дзверы.
Чамусьці дыктуе мне сення памяць сэрца так, што апавядаю я найперш пра мужчын. Прабачце, жанчыны, — яшчэ два словы пра трох, і вам нізенька пакланюся.
Раман Дзям’янавіч Баглай, завочнік Львоўскай сельгасакадэміі, выкладае нам фізіку і чарчэнне. Да глянцу, да хрумсту абмыты і прапрасаваны дбайнай жаночай рукою, уздзервянелы халасцяк. Высокі, паглядны, з прывабнымі вусікамі брунет. Мы здагадваліся, што не толькі за канёздрыкі і валошкі з рамонкамі яго песцяць “чырвонашчокія дзяўчыны-каліны”, і крышку зайздросцячы нават, стараліся браць з яго прыклад. А яшчэ дзякуем яму ад усенькае душы за траяк у чвэрць па чарчэнні. Гартае, гартае лісты ватмана і зазірае табе ў вочы: “Не, не цягне на “здавальняюча”, ды Хрыстус з табою, кляніся “чэсным піянерскім” (а мы ўжо былі камсамольцамі), што ў наступную чвэрць будзеш дбайней працаваць рэйсфэдарам, цыркулем і лякалам”. – “А крыж святы, клянуся!!!” І ў класным журнале насупраць твайго прозвішча закрасуе за чвэрць і паўгоддзе тлусценькая паўвасьмёрачка!.. Уладзімір Рыгоравіч Клімовіч – сын не дужа заможнага, але загнанага ўладным бічом з-пад Бярозы-Картузскай у Магадан селяніна, выкладчык беларускай мовы і літаратуры, які стане мужам Ганны Іванаўны.
І, нарэшце, апошні з закадычнае троіцы аматараў злога духу, бярозавых венікаў Ілля Мікалаевіч Ляўковіч. Таксама высокі, цемнавалосы мацак недзе з берагоў Дзвіны ці Дняпра, які падмяняў нашу першую класную Тамару Мікалаеўну на час яе дэкрэтнага адпачынку. Увайшоў у стан справы, абмеркаваў з маім прыёмным бацькам Афанасьевым Аляксеем Нічыпаравічам. І па яго рэцэпце выкладаў нам алгебру, стэрэа- і трыганаметрыю на інстытуцкі манер, увёўшы заліковыя і экзаменацыйныя сесіі.
Далібог, новаўвядзенне прынесла карысныя вынікі. Большасць з нас і шмат дзяўчат у тэхнічныя вузы пайшлі, дзе хто кандыдацкую абараніў, а Фёдар Платонавіч Пішчык з Хаціслава, сын пуцейскага брыгадзіра, дацэнтам у Беларускім чыгуначным інстытуце стаў. Але больш за ўсіх, скажам па-піцерску, нарабіла шораху прагная да навукі Кацярына Сацюк з Маларыцкага “прадмесця” Лазак – з залатым медалём адшукала Бог ведама на якім Пяцярбургскім востраве той карабельны вуз, здзейсніла мару Ганны Іванаўны і засталася на “брегах Невы”…
Але до… Пра жанчын. Нізка-нізка схіляем галовы перад Нінай Васільеўнай Саевіч, чый гераічны, славуты род паходзіць з вёскі Раматова Брэсцкага павета (сення гэта наш, Маларыцкі раён. Колькі мы з вамі паламалі звілін, папалілі нерваў, адшліфоўваючы Купалаву “Паўлінку” і паставіўшы яе на шмат якіх сцэнах Берасцейшчыны? Увесь час школка наша гула: “А ці будзе рэпетыцыя, а дзе ставяць “Паўлінку”?
А давайце ўспомнім авацыі за ролю пана Быкоўскага ў выкананні, светлай памяці, Міколкі Чуля, шаснаццацігадовага сына маларыцкага селяніна, якога нязведаныя пуцявіны на пачатку мінулага, ХХ стагоддзя занеслі ў Піцер і прыставілі, немагчыма даўмець – да царскіх коней, нейкую з вялікіх княгінь наш зямляк Змітрок Чуль вазіў…
Шчыры, найвялікшы дзякуй бездакорным майстрам педагагічнай справы, самаадданым выкладчыцы хіміі Кацярыне Ільінічне Серадзе і нашаму географу Але Мартынаўне Церахавай.
…Падказвае сэрца зазірнуць на старыя маларыцкія могілкі і запаліць свечкі перад крыжамі Васіля Федаравіча Некрашэўскага, Мікалая Канстанцінавіча Кубаеўскага і Фёдара Ульянавіча Струнца (наш ваенрук). Першы – кіраўнік школьнага струннага аркестра, з якім мы замахнуліся на Брамса. Штрауса, Лысенку, Глінку, не пераможаны да сёння Беларускі Гімн. Другі – выключнай адказнасці, загадчык школьнай гаспадаркі. Абодва – падпольшчыкі, партызанскія сувязныя ў вайну, сем’і якіх ратавалі сям’ю першага савецкага завуча нашай школы Марыі Іосіфаўны Бугаевай, маей роднай цёткі, калі нямецкі снарад трапіў у школу – наша жытло – у першы дзень Айчыннай вайны і забіў яе сястру, маю родную маці Бугаёву Фядору Восіпаўну. (Марыю Іосіфаўну расстраляў гестапавец-следчы ў жніўні 43 года проста на допыце як падпольшчыцу, сувязную Брэсцкага партызанскага злучэння). Дзякуй Богу, магілкі роднай мамы і маіх прыёмных бацькоў Афанасьевых, Некрашэўскіх, Кубаеўскіх, Струнцоў-Мірчукоў побач…
Нарэшце, з калень шлём паклон кожнаму за тое, што кожны з вас разумеў – народ, у які ўжо раз абараніў, выратаваў Радзіму, крывёю заваяваў права на свабоду, перамог, а ў яго валадары зноў укралі Перамогу: “Настаўнікі, выхавацелі! Дзякуем за розум ваш, бо вы за Пушкіным, Купалам, Коласам і Багдановічам рабілі нас разумнейшымі, вучылі нас правільна думаць і адчуваць, больш за ўсе любіць свабоду, ненавідзець рабства і прыгнёт, змагацца за праўду і чысціню душ. За тое, што ў кожнага з вас былі прыўкраснымі (па Чэхаву)і твары, і ўбранне, і мыслі-думкі…
Усяго не перакажаш, і палярнай ночы не хопіць, але пра Германію ўспомню. Заслужаная настаўніца БССР Набокіна Г.І. перадавала свой непамерный вопыт у ГДР таварышам па прызванні. Чацвертага ліпеня ў фрау Ганны быў дзень народзінаў. Фраў Марта ад імя групы паднесла ёй невымоўнай свежасці ружы. І ў гэты момант чамусьці ўспомніла Ганна Іванаўна, што бацька Марты Фрыц, як і яе бацька іван , загінулі пад Сталінградам. Маланкай свідруе думка – хто каго? Мой яе, ці яе майго ў зямельку Прыволжскую паклаў?.. Як у нас у Маларыце, знанацку гасне святло. Ганна Іванаўна прапануе слухачам заспяваць. І нямецкі ді Лерэр у адну глотку выдаюць “Дойчлянд, Дойчлянд, юбэр алес!..” Успыхваюць жырандолі. Ганна Іванаўна заўважае ніякаватасць і разгубленасць немцаў. Марта зноў падыходзіць да яе са жменькай фіялак і шэпча на вуха: “Майн фатэр шіссен Адольф, а Вашего убіл дзядзюшка Джо…” Праз пякучую слязу наша і іхняя Настаўніца Набокіна пачала:
И любовь, и боль, и смертный бой
Песня всё переживёт с тобой.
Если, умирая, можно петь,
Я б хотела с песней умереть…
Я пачуў гэту “Песню пра песню” ад Набокінай у слотны сакавіцкі дзень 55-га, калі хавала школа майго прыёмнага тату А.Н.Афанасьева, якога шчыра шанавала і паважала Ганна Іванаўна.
Папытаю ў яе дачкі, настаўніцы Ганны Уладзіміраўны Клімовіч: “Напэўна, з песняй на вуснах адышла ў бяссмяроцце Ваша маці, што дзялілася цяплом свайго сэрца ці не з кожным з дваццаці сямі “её первенькіх”?..
Леанід ФІЛАТАЎ, адзін з 27-мі, напачатку чыгуначнік, пасяродку настаўнік, напрыканцы пенсіянер. Ляхаўцы, Маларыта, Бярэсце, Раманоўскія Хутары
Ответить