Дэмакратычныя журналісты пабывалі ў радзінным доме-музеі Народнага паэта Беларусі, паслухалі эксперта з Украіны, павучыліся ляпіць з гліны, правялі шматлікія спартыўна-культурныя конкурсы. Пераможцы атрымалі сваіх жабаў і жабак.
За гэты сімвал БАЖ – Беларускай асацыяцыі журналістаў – спаборнічалі, падзяліўшыся на каманды, два з паловай дзясяткі маладзюсенькіх і very star (вельмі зорных, англ.) сябраў асацыяцыі з усёй Беларусі. Найцяжэйшым выпаў квест на радзіме Купалы, у вёсцы Вязынка каля Радашковічаў. Забегі ў парку, дзе растуць ёлкі, высаджаныя яшчэ Уладзіславай Францаўнай, жонкай паэта, рашэнні найскладаных літаратурна-прыкладных задач з самага пачатку паставілі ўдзельнікам высокую планку. Пераадоленне працягвалася ў адной з аграсядзібаў рэгіёна.
Андрэй Бастунец, старшыня БАЖа
Міс і містар БАЖынык-2017
Запрошаны эксперт Максім Буткевіч, украінскі журналіст з досведам працы на ВВС, гаварыў на тэму мовы варожасці ў СМІ. Яна выклікала жывы рэзананс і зварот увагі найперш на дзяржаўныя органы, якія шмат дзе на тэрыторыі былога СССР самі з’яўляюцца галоўным “пастаўшчыком” гэтага нялюдскага прадукту для вачэй і вушэй грамадзян. Таксама адбылася дыскусія, ці можа журналістыка існаваць ва ўмовах вайны. Максім настойваў на праве выказваць праўдзівыя меркаванні і прыводзіў прыклады з жывой нядаўняй украінскай практыкі. Гучала і класічнае меркаванне, што на вайне ёсць толькі прапаганда, бо праўда можа шкодзіць сваім.
Малады ганчар са Смаргоні спадар Юрый за гадзіну навучыў ляпіць з гліны птушачкі-свістулькі, місачкі ды іншыя народныя вырабы. Заадно паведаміў пра становішча гэтага ўмельства ў Еўропе і свой намер з’ехаць туды на ПМЖ. Маўляў, тут рамесніку хай сабе і народных промыслаў цяжка выжыць: дзяржава амаль не спрыяе.
- Паколькі штогадовая сустрэча БАЖ праходзіла ў сельскай мясцовасці, не прайшлі незаўважанымі асаблівасці беларускай вёскі. Школка вёскі Дзякшняны, з выгляду даволі новая і з нядаўна ўстаўленымі вокнамі, азадачыла сваім знаходжаннем – наўпрост цераз дарогу, літаральна ў трыццаці метрах, па ўсёй даўжыні тэрыторыі школы могілкі. І традыцыйна прывяла ў сум тым, што відавочна закрытая. Нашы вёскі, нават параўнальна недалёка ад сталіцы, без будучыні – няма дзетак. Школьны двор зарос куколлем, палыном і лебядою, плот пакралі.
Другая праблема — менавіта само пустазелле. У цэнтральнай Беларусі, да якой адносіцца Маладзечаншчына, неверагодна распаўсюдзіўся залатарнік. “Гэтую расліну беларусы завезлі самі сабе, – распавяла адна з дасведчаных журналістак. – Старшыні калгасаў ездзілі на нейкі семінар за мяжу, і там ім увялі ў вушы, што залатарнік, пры стандартнай вышыні расліны каля метра, дае вялікую біямасу і добры для сіласавання. Тыя прывезлі яго сюды, але ў нашых умовах нешта пайшло не так, бо, па-першае, залатарнік збуяў, і, па-другое, нашы каровы не захацелі сіласу з замежным зеллем”. Яго перасталі сеяць, патлумачыла далей калега, але расліна аказалася вельмі агрэсіўнай і плоднай. Сеецца сама з ветрам. “Да нас на лецішчы пад Мінскам прыязджаў тамтэйшы старшыня калгаса, пераконваў прыбраць з клумбаў прыгожыя жоўтыя купкі залатарніку. Аказваецца, ёсць адмысловая дзяржаўная праграма барацьбы з залатарнікам і баршчавіком Сасноўскага. Гэта таксама інвазіўнае пустазелле з-за мяжы”.
На Маладзечаншчыне залатарнікавыя джунглі займаюць гектары неабраблянай зямлі. Відны гэтыя зараснікі з акна электрычкі, прадзіраешся імі на закрайках лесу, на схілах пагоркаў. А дзе мала-мальскі вільготная лагчынка – там буяе баршчавік. Да некалькіх метраў у вышыню! І там не пралезеш з адно механічнымі шкодамі. Сок баршчавіка выклікае жахлівыя хімічныя апёкі скуры і слізістых покрываў. Добра, калі бальніца дапаможа.
Пагадзіцеся, і на захадзе Беларусі гэтыя два пустазеллі памалу сталі праблемай. У Брэсце ёсць – лапікам не назавеш –цэлыя масівы з выгляду падобнага на каноплю залатарніка. Так, не без прыгажосці, жоўценькія мяцёлкі, але не ўсё золата, што блішчыць.
Берасцейскі дэсант на БАЖынкі сёлета з розных прычынаў быў “малы” — не тое слова, – адзінаасобны. Як мог, абараніў край – прачытаў свой пераклад Купалавай “Спадчыны” на нямецкую мову з кнігі “На пераломе”. Спадзяваўся на плён у рыбацкім спаборы, заяўленым у праграму БАЖынак як факультатыў. Але той не адбыўся з прычыны… зноў-такі адзінаасобна майго ўдзелу! Не заявіўся больш ніхто, і прыладаў на аграсядзібе не аказалася. Упакаваў быў вуду. Дык хоць вадаём падаўся мне з акна аўтобуса неперспектыўным, але перасіліў сябе, падняўся а шостай і пацёгся да азярка, закінуў пару разоў. Ды што там лавіць, калі пры невялікай дамбе стаяць некалькі дзясяткаў аўто са сталіцы ды з ваколіцы. У нас на Берасцейшчыне з гэтым пакуль што лепш!
Так што нават не выстаўляў калегам-журналістам за ўзнагароду ў гэтай намінацыі, як быў пастанавіў, сваю кніжку рыбацкіх гісторый “Шчупакабра”. Затое прайшоўся раніцай і пабачыў ды ўведаў тое-сёе з жыцця месцічаў. Цікавыя, скажу вам, чуткі-плёткі і пэўнасці-вераемнасці. Але тыя, якія не распавёў, трэба правяраць.
Не падлягае сумніву, што праз год БАЖынкі, калі добра лягуць зоркі фінансавання, адбудуцца ў дзясяты раз. Арганізаваць іх падбіраліся, як зразумеў, суседзі-гарадзенцы. Але ж яны летась рабілі. Сёлетнія БАЖынкі рыхтавалі найперш БАЖаўцы Міншчыны (маладзечанцы), са значным удзелам паасобных сябраў сталіцы ды іншых рэгіёнаў. Можа, таму і дождж пайшоў толькі на другі дзень, і баравікі адразу папёрлі – бралі, хто хацеў, маладымі.
Так што, як па мне, то “гуртом лягчэй і бацьку біць”. Гуртом лепш.
Фота з БАЖынак-2017 аўтара
Яўген БЯЛАСІН, Брэст – Вязынка – Брэст
Ответить