Брэсцкі абласны каардынатар Руху ”За Свабоду” Юрый Казакевіч спрабуе абскардзіць дзеянні супрацоўнікаў міліцыі ў кастрычніку 2016 года, калі ён быў прыцягнуты да адказнасці нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве.
“Супраць мяне адбыўся судовы пераслед за тое, што я ў горадзе Свіслачы на свята Дзяды ўскладаў кветкі са сваімі сябрамі на магілу паплечнікаў Каліноўскага, герояў нашай Беларусі. Я за гэта быў асуджаны Свіслацкім раённым судом на 10 базавых велічыняў, пасля чаго падаваў скаргу ў Гарадзенскі абласны суд”, — распавёў актывіст у інтэрв’ю для “Радыё Рацыя”.
Паводле Юрыя Казакевіча, пасля таго, як ён не знайшоў правасуддзя ў Беларусі, звярнуўся да баранавіцкіх праваабаронцаў Сяргея Гоўшы і Аляксандара Вайцешыка. Яны аказалі неабходную прававую дапамогу ў напісанні звароту ў Камітэт па правах чалавека ААН. Абласны каардынатар Руху “За Свабоду” лічыць, што не здзейсніў ніякага правапарушэння, і ў будучым не намераны прасіць дазволу ўладаў на ўскладанне кветак на магілы герояў Беларусі.
Ответить