Праграма распрацаваная інстытутам імя Гётэ ў Расіі і стала складнікам Тыдняў нямецкай мовы і культуры ў Брэсце
У аўторак 17 кастрычніка ў аддзеле літаратуры для дзяцей і юнацтва абласной бібліятэкі каля двух дзясяткаў ахвотных паслухалі выступ Таццяны Захаранка з Мінскага інстытута імя Гётэ і выканалі некалькі практычных заданняў.
“Дзіцячы ўніверсітэт гэта распаўсюджаная форма працы з іншымі, чым штатныя студэнты, атрымальнікамі адукацыі ў Германіі, – патлумачыла для “Брестского курьера” спадарыня Захаранка. – Такія праекты працуюць пад час універсітэцкіх канікул. Вядома, удзельнікам цікава паслухаць сапраўдных прафесараў”.
“Дзеці ад 8 да 12 гадоў цяжка матывуемыя да навучання звычайнымі метадамі, – зазначыла далей Таццяна Захаранка. – Наша онлайн-платформа дазваляе гульнёвымі метадамі заахвоціць малечу да паступлення на адзін з факультэтаў і шляхам адгадкі ланцужкоў заданняў атрымаць паролі да тэм, дзе студэнтаў дзіцячага ўніверсітэта чакаюць адкрыцці. Эўрыстычнасць і форма гульні пазбаўляюць навучанне нуднасці і пазней заахвочваюць да вывучэння замежных моў”.
Паглядзеўшы, з якім задавальненнем брэсцкія настаўніцы капаліся ў дзвюх горбах пяску, адшукваючы нейкія цыдулкі з надпісамі, зразумеў, што справа пойдзе. Толькі вось куды?
Сустрэў дзвюх сваіх былых студэнтак. Прыемная сустрэча, што і казаць. У іх дыплом нямецкай і беларускай моў. На іх падрыхтоўку беларуская дзяржава ў свой час выдаткавала нямала грошай. І які клёк цяпер бачны ў тым, што ў гарадах пазакрывалі ўсе да адной беларускія школы. Немцы трымаюць нас за рускіх. Са словаў спадарыні Захаранка, якая валодае трыма актуальнымі ў нашым выпадку мовамі, дзіцячы ўніверсітэт працуе выключна на расійскай (рускай) мове і потым паступова знаёміць дзяцей з нямецкімі словамі і паняткамі. Напаўненне праграмы дзіцячага ўніверсітэта робяць, наколькі зразумела з раздадзеных буклетаў і флаераў, у Маскве. Мінскі інстытут імя Гётэ на сваім сайце толькі люстэркава адбівае старонку дзіцячага ўніверсітэта, зробленую яго маскоўскім двайніком.
Заўважу тут дзве рэчы. Па-першае, напаўненне праграм фактычна аднолькавамоўных Германіі і Аўстрыі рознае. Па-другое, такое змешванне нас з Масквой супярэчыць задачы такой паважанай установы, як інстытут імя Гётэ (“…спрыяць міжнароднай культуровай супрацы” – цытую з мінскага сайта). А цяпер можна і трэцім меркаваннем ляпнуць аб стол, яно казырнае. Усё так, але гэтая пякельная мяшанка гэта найперш праблема і нават бяда нашай дзяржавы. Людзі ж вызначаюцца як беларусы. А яна дае іншыя падставы! І глядзі – імі ўжо карыстаюцца.
З гэтымі прыкрымі рэчамі нас не хочацца віншаваць зусім.
Фота 1. Таццяна Захаранка распавядае пра дзіцячы электронны ўніверсітэт.
Фота 2. Практычная праца.
Яўген Бяласін (фота аўтара)
Брэст, 18.10.2017
Ответить