У сераду 20 верасня на радзіме паэткі, у Белаазёрску, прайшлі чытанні “Бабіна лета з Нінай Мацяш”. Бралі ўдзел пісьменнікі з Брэста і Мінска, школьнікі. Арганізоўвалі імпрэзу бібліятэкары.
Урачыстасці прыўрочваюцца да дня народзінаў паэткі. Вядомая Ніна Мацяш і як перакладчыца з многіх моваў свету. Мела дыплом настаўніцы французскай мовы.
У гімназіі выступілі са сваімі вершамі і ўспамінамі пра Ніну Мацяш, якая пайшла ад нас у 2008 годзе, шасцёра прадстаўнікоў Берасцейскага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў. Пасля наведвання могілак і ўскладання кветак у будынку Дома культуры прайшла асноўная імпрэза. Гучалі песні ў выкананні мясцовага вакальна-інструментальнага трыо, школьнікі з Белаазёрска і Мінска зладзілі літмантаж на вершы Ніны Мацяш. Прачулыя словы пра прыхаджанку сказаў на выдатнай беларускай мове праваслаўны святар мясцовага храма айцец Аляксей. Мясцовая паэтка Алена Усцілоўская згадала свае ўзаеміны з Нінай Мацяш і прачытала яе верш у перакладзе на польскую мову. Вядомы спявак Алесь Камоцкі выканаў песню і настолькі спадабаўся публіцы, што мусіў спяваць “на біс”. Містычна заінтрыгавала Раіса Баравікова, якая таксама родам з Бярозаўшчыны. Яна сказала, што адчувае прысутнасць душы спадарыні Ніны і што яна нешта мае наўвазе, а што – гэта стане зразумелым, калі адкрыць кнігу яе вершаў наўгад. “Верш раскажа”. Адкрыла Баравікова наўгад старонку – а верша там няма. “Затое ёсць выявы. Вось ліра, а вось птушка. Так што рабіце высновы”, – знайшлася Баравікова.
Літаратурны аксакал Анатоль Вярцінскі ў свае больш за 85 доўга трымаў увагу прысутных згадкамі пра тое, як ён будучы мінскім рэдактарам адразу заўважыў талент белаазёрскай дзяўчыны і даў ход яе вершам.
Кіраўніцтва Саюза беларускіх пісьменнікаў прывезла ў Белаазёрск шмат падарункаў мясцовай бібліятэцы, сярод іх рарытэтная аўдыёкніга “Галасы паэтаў”, дзе сярод слынных дэкламатараў сваіх вершаў ёсць і белаазёрская літаратарка.
Да наступнага “Бабінага лета з Нінай Мацяш” брэсцкі паэт Сяргей Амяльчук хоча выдаць кнігу-даследаванне, у якой даследуе версію паходжання вядомай нашай паэткі і перакладчыцы ад венгерскага караля Мацяша. Дзеля праверкі гэтай версіі ў архівах зямляк паэткі ездзіў у Будапешт. Гэта дае надзею, што наступныя чытанні займеюць ладны такі цвік і тым самым пройдуць больш фарматна.
Яўген Бяласін, Брэст – Белаазёрск – Брэст.
Фота 1. Выступае айцец Аляксей (Аляхновіч).
Фота 2. Ускладанне кветак ад калегаў па “Берасцейскім вогнішчы”.
Фота аўтара.
Ответить