Манфрэд Тайзэн прадставіў дзве кнігі – адну, якая мае выйсці налета, другую, апублікаваную летась.
У нядзелю 15 кастрычніка ў выставачнай зале “Маяк” першая кніга, “Адзін з 11”, асабліва камфортна легла на абедзве прысутныя там выставы: пра “мульці-кульці” (так немцы абазначаюць у простамоўі палітыку суіснавання розных культур) і філасафічны Рэрыхаўскі цыкл пастаянна дзейнай выставы ўкраінскага скульптара.
“Адзін з 11” — гэта кніга пра футбол і колер скуры. Паспяховы чарнаскуры гулец за нацыянальную каманду Германіі згадвае, як упершыню чакаў свайго выхаду на замену. Гэты часавы план рухаецца больш павольна, хай сабе ў ім і прысутная такая “дынама”, як забіты гол. Ён улучае ў сябе другі, менш плынны план – мноства відзежаў і ўспрыманняў з ранейшага жыцця самога героя і ягонага бацькі-спартсмена, прычым зусім не заўсёды пазітыўных. Цяжка ў кансерватыўным грамадстве быць адрозным. Таму на долю першага чарнаскурага футбаліста выпадалі расісцкія выкрыкі, а часам і бананы, кінутыя на поле.
“На сёння гэта ўжо наша гісторыя, цяпер футбаліст-негр або чорны твар на вуліцы нямецкага горада не ўспрымаецца больш як небывальшчына”, – кажа аўтар у брэсцкую публіку. Гэта амаль спрэс старшакласнікі школы №7 з пашыраным вывучэннем нямецкай мовы.
Кніга пашыхтавана, мае графіку (годныя малюнкі на футбольную тэму людзей сталага веку – яшчэ адзін прыём аўтара паказаць вартасць людзей, “уцэненых” грамадствам). Выйдзе ў сакавіку 2018 года.
44-гадовы былы рэдактар кёльнскай гарадской штодзённай газеты, а на сёння аўтар 17 кніг, лаўрэат некалькіх літпрэмій, які “жыве з кніг, а больш з чытанняў і лекцый”, Манфрэд Тайзэн спанатрана вёў ніць сваёй сустрэчы з брэсцкімі аматарамі нямецкамоўнай літаратуры.
“Важна, што я магу рабіць на полі. Колер скуры не мае аніякага значэння”. Тут аўтар звыкла перамошчвае ад чорна-белай формы да колеру сцяга. Маўляў, гэта колеры сцяга Прусіі – вядучай часткі нямецкай дзяржаўнай лучнасці. Для прысутных не вельмі актуальна. Або вельмі неактуальна? Бо дзе тая Прусія, у часе і асабліва ў прасторы. Але тлумачэнне чорнай паласы сучаснага нямецкага сцяга – “студэнты, якія ўсчалі змаганне за Германію, былі беднымі, мелі грошай толькі на чорнае сукно,” – ажыўляе аўдыторыю.
Другая кніга, “Пункт рэгістрацыі Еўропа”, канчаткова ўпэўнівае слухачоў, што цяпер Тайзэн засяродзіўся на тэме мультыкультуралізму. Яна пра бежанцаў. Сірыйскі юнак эмігруе ў Германію, дзе шукае сваё страчанае ў віхурах вайны каханне. Вычытваючы шчыра фройдаўскія школьныя відзежы юнага сірыйца, пісьменнік распавядае пра шматтысячны лагер сірыйскіх бежанцаў у родным Кёльне, іх бачанне свету, пра колішні скандальны Новы год з крымінальнымі прыставаннямі маладых мужчын-бежанцаў да немак. “Яны прывезлі з сабой уяву пра ролю жанчыны ў грамадстве, і трэба ім казаць, што мусілі пакінуць яе, гэтую сваю ўяву, на тым беразе Адрыятыкі. Трэба ехаць у той лагер, знайсці тых дваццаць – трыццаць ідыётаў з усіх яго тысячаў і завастрыць ім, што робяць не тое і не так”.
Упаралель з гэтым адмоўным аўтар аддае ў залу цікавую дэталь, вылаўленую ім у гарачым варыве людскіх непрыхільнасцяў. “Чаму бежанцы выбіраюць менавіта Германію? А таму, што там многа пунктаў рэгістрацыі. У іншых краінах Еўропы іх проста не рэгіструюць. А рэгістрацыя — гэта магчымасць атрымліваць легальную дапамогу, прынамсі афіцыйныя выплаты”.
Разам з тым адчуваецца ліберальны пасыл “палітычнага неідэалагічнага” пісьменніка, як вызначыў сам сябе Манфрэд Тайзэн. І ён часам ставіць у тупік. Прыкладам, тут сама ён кажа: “Пагадзіцеся, калі арабская жанчына здымае хіджаб, то тым самым яна здымае частку сваёй культуры”.
Нас тут у Брэсце таксама не `здзівіць ужо а ні чарнаскуры футбаліст, а ні чорны твар на вуліцы. І гэтаму будзе больш грунту, чым немцам у іх Фатэрляндзе. Крыху больш цікавай будзе рэўнасць турак да сірыйцаў у Германіі, маўляў, “чаму тым даюць падарункі і грошы за так, у той час як мы, нямецкія туркі, усё мусілі адпачатку і мусім цяпер зарабляць цяжкай працай”. Нас як жыхароў краіны, мякка скажу, небагатай, гэта займае менш за немцаў і не так, як немцаў. Бо яны выпісвалі і выпісваюць сабе замежных “гастарбайтэраў” самі – не хапала і не стае рабочай сілы. У нас жа сітуацыя з такой “разнастайнасцю”, бадай што, іншага кшталту.
Пачынаючы з гэтага месца, ліберальна-нямецкая паліткарэктнасць аўтара ў вытлумачэнні роўных правоў і безальтэрнатыўнай гуманнасці ўсё больш адстаранялася ад беларускіх рэалій. Думалася: “Вось яно, тое атмасфернае і таму неперакладное, што ёсць у кнігах на замежных мовах”. “Нікога ў нас не здзівіш тым, што футбаліст гей, – бегла, бо звыкла тлумачыў Манфрэд Тайзэн. – Галоўнае — гэта кваліфікацыя яго як гульца, асаблівасці ж яго як чалавека гэта ўсяго толькі diversity, разнастайнасць”. І Тайзэн пачынае экскурс у цяперашняе тамтэйшае разуменне слова “diversity”.
У гэтым месцы лаўлю сябе на думцы пра фота, якое зрабіў надоечы ў лесе. У адзін кадр улезлі адразу пяць відаў грыбоў! З іх два ядомыя. Такая разнастайнасць уцямная, бо натуральная. А ненатуральная… А што да футбола, то так, “абы чалавек быў харошы”.
Чаму аўтар палітычны, бачна. А чаму неідэалагічны? Распытаўся пасля імпрэзы. Адказ быў: “Таму што мне важнае простае жыццё. Будні звычайнага чалавека. Што ён есць, ці стае яму грошай на апрануцца, на сям’ю. Які ён спецыяліст. Высокія матэрыі — гэта не мая стыхія. Гуманізм – вось што важна”. Спытаў, а ці спадар Тайзэн за татальную глабалізацыю, са скасаваннем межаў і сусветным урадам, пры такой братэрскасці. “Не, – засмяяўся пісьменнік. – Тады нас неўзабаве стане 20 мільярдаў, і чорная раса хутка пераможа”.
Прысутным у зале “Маяк” цікавей было чуць пра “жонку-эстонку” аўтара з горада Нарва, пра руска-нямецкі білінгвізм яго дзяцей і пра тое, як жонка раптам захацела памяняць нацыянальнасць на нямецкую. “26 там ці колькі пунктаў давялося ёй выканаць, здаць мноства іспытаў, але прайшла ўвесь шлях да канца. Можна ганарыцца”.
Прагучала яшчэ адна цікавая для нас дэталь: бацькі пісьменніка гавораць на кёльнскім дыялекце, Kölsch. Спытаўся, а ці можа ён выпусціць кнігу на Kölsch? “Дык на ім ёсць кнігі. Я і сам магу гаварыць на Kölsch . І кнігу – так, чаму не”.
Тайзэн ведае свае моцныя бакі. “Люблю рыхтаваць кнігу. План, сцэнар, так”, – захоплена адказвае ён на пытанне аднаго са слухачоў чытання і агучвае абкатаную тэорыю, як зрабіць паспяховы фільм. Маўляў, баевікі гэта “тэстастэронавыя”, мужчынскія фільмы, дзе “хіроўз” кшталту Бруса Уіліса або Шварцэнэгера забіваюць усенькіх тэрарыстаў хмарачоса, а самі з раненнямі “адно толькі ў руку, ногу, ну тры кулі ў галаву, але не смяротна” ўжо з пятай хвіліны даюць усім мужчынам-гледачам падставу для ідэнтыфікацыі “ЯБрусУіліс”. А жаночы фільм — гэта калі яна стаіць прыгожая такая на палубе “Тытаніка” (глядачкі кожная думае: дык гэта я такая багіня-насмерць), а ён не пускае яе скокнуць у акіян, абяцае выратаваць і выратоўвае потым, аддаючы ёй на дзверы з ледзяной вады апошнюю вопратку. “Яна думае: ён мусіць памерці. І гэта ахвяра мне.” Фігура сэрца. Слёзы патопам. Вось рэцэпт поспеху”. Дасціпна, пагадзіцеся!
Потым Манфрэд Тайзэн кантралявана вяртаецца да свайго мастацтва слова. “Калі пішу кнігу пра кагосьці, то абавязаны з ім пабыць сам-насам нейкі час. Калі пра якуюсьці мясцовасць, то мушу пажыць там. Грунтоўная выверка – вось што ёсць маёй завядзёнкай”.
Тут Тайзэн кажа, за што неўзлюбіў Пецярбург і чаму спадабаўся Мінск. “Там жылая зона ў жахлівым стане. А ў Мінску нават акраінныя раёны дагледжаныя. А цэнтр дык увогуле”.
Згадалася надзейная фраза-слоган з чытання “Парадак — гэта добрая рэлігія”. Дык вось адкуль паспешлівасць хвалы! Змагаецца ў Тайзэне журналіст з літаратарам, і як правільна той літаратар робіць, што грунтоўна вывярае, перш чым напісаць!
Пісьменнік гэтых Тыдняў адрозніваецца ад сваіх папярэднікаў. У тым ліку і таму, што проста-такі ўслух марыць вярнуцца ў Беларусь не як камандзіраваны – у прыватным парадку. “З жонкай і дзецьмі. Пабудзем больш, чым быў цяпер”.
Няйначай праверыць і напіша. Бо зацеміў: пра Беларусь у Сеціве мала, і збольшага адмоўнае. “Турыстычны даведнік толькі адзін добры”.
Настаўніцы на добрай нямецкай паабяцалі зрабіць Тайзэнам вечарынку і ў Брэсце. Няўжо насамрэч бліжаем да Еўропы? Ці яна да нас?
Яўген БЯЛАСІН (фота аўтара)
Ответить