Васіль ДЭБІШ, сябра Саюзу беларускіх пісьменнікаў
26 верасня ў актавай зале Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С Пушкіна была праведзена цырымонія ўручэння літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Калесніка, вядомага педагога, літаратуразнаўцы, крытыка, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР. Пабываў там і я.
Пабываў выпадкова. Мяне з братам Анатолем запрасіла пляменніца Алена Гневушава (Дэбіш), якая на той час знаходзілася за межамі краіны і толькі за два дні да запланаванага мерапрыемства даведалася, што з’яўляецца лаўрэатам прэміі імя У. Калесніка ў намінацыі “Дзіцячая літаратура”, хаця на разгляд свае творы не прапаноўвала. Удакладню яшчэ адну акалічнасць: ніводны з вылучэнцаў ад Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў на ўручэнне прэміі Брэсцкага аблвыканкама не быў запрошаны. А вартыя ўвагі кнігі імі былі прапанаваны ва ўсіх трох намінацыях. Так, Лявон Валасюк склаў кнігу эсэ пра вядомых творцаў Берасцейшчыны “Непрыдуманыя партрэты” — змястоўную, багата ілюстраваную. Быў у спісе і цікавы зборнік апавяданняў, вершаў, казак і перакладаў “Добрыя падказкі” аднаго са старэйшых пісьменнікаў вобласці Івана Мельнічука, чыя першая кніга яшчэ ў савецкую пару выйшла накладам у 100 000 (!) асобнікаў. За свой паэтычны зборнік “Чуйнар” мне таксама не сорамна.
У чарговы раз мясцовыя ўлады нас (я маю на ўвазе сяброў абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў) праігнаравалі. Не разгледзелі ў іх шэрагу “лепшых прадстаўнікоў літаратурнага асяроддзя Брэстчыны”, па інерцыі прагаласавалі за чальцоў прыўладнага Саюза, які з дня яго заснавання ўзначальвае генерал Чаргінец.
Той-сёй з чытачоў здзівіцца: “Хіба ў нашай краіне існуюць два Саюзы пісьменнікаў!? Мы чулі толькі пра адзін”. Усё таму, паважаныя, што другога ўлады проста не хочуць бачыць. Для недасведчаных раскажу, што быў не гэтак і даўно ў нас “Саюз беларускіх пісьменнікаў” – творчы, актыўны, але “непаслухмяны”. Уладам не заставалася нічога іншага, як на хуткую руку стварыць альтэрнатыўны, “прыкарміць” яго. Стары лозунг ”разделяй и властвуй” вельмі падабаецца нашым чыноўнікам. І, трэба прызнацца, у гэтым практыкаванні няма ім роўных ва ўсім свеце. Такая дзяльба на “сваіх” і “чужых” напамінае мне кадры з вядомага кінафільма “Вяселле ў Малінаўцы”: гэта мне, гэта ізноў мне, гэта тым больш мне…” А тым, хто не хоча нам служыць, – кукіш! “Стары” Саюз не захацеў памяняць”праўду слова” на добраўпарадкаваныя офісы, выпуск кніг за дзяржаўны кошт, медалі ды прэміі. Я ганаруся, што ні на кроплю ў той час не пакрывіў душой, не здрадзіў сумленню і застаўся ў незалежным Саюзе беларускіх пісьменнікаў. Шчаслівы, што маю дачыненне да згуртавання, сябрамі якога былі сапраўды народныя паэты і пісьменнікі Васіль Быкаў, Ніл Гілевіч, Рыгор Барадулін… Лаўрэат Нобелеўскай прэміі Святлана Алексіевіч, хто не ведае, таксама ў “старым” Саюзе.
Пакрыўлю душой, калі скажу, што абсалютна ўсе сябры “Саюза беларускіх пісьменнікаў” надзелены літаратурным талентам, а сябры “Саюза пісьменнікаў Беларусі” – не. На жаль, як у адным, так і ў другім грамадскім аб’яднанні на сённяшні дзень нямала людзей выпадковых. Па самых розных прычынах. Але сёння размова не пра тое.
На ўручэнні прэміі нехта на поўным сур’ёзе канстатаваў: “Писатель должен служить власти!” (Свядома не перакладаю, каб чаго не наблытаць). “Слугаваць быў бы рады, прыслужваць – ванітна”, – адкажу словамі грыбаедаўскага героя. Нават і ў савецкай школе, памятаецца, нас вучылі, што пісьменнік павінен служыць найперш свайму народу, “несці праўду ў масы”, як справядліва адзначыў намеснік старшыні аблвыканкама Алег Вялічка. Толькі дзе яна, праўда?
Вы не скажаце праўды ніколі,
Бо праўда – турма…
Вы не скажаце праўды ніколі.
Бо праўда – агонь.
(Настасся Нарэйка, верш “Восені астрожная сцяна”)
“А суддзі хто? “ – запытаем ізноў словамі знакамітай камедыі. Пералічу, нікога не прапускаючы: Галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі абвыканкама, Упраўленне адукацыі абвыканкама, Брэсцкае абласное аддзяленне ГА “Саюз пісьменннікаў Беларусі”, рэдакцыя абласной газеты “Заря”. І ніводнага прадстаўніка ад Саюза беларускіх пісьменнікаў. Як на маю думку, намаганні “суддзяў” (па вялікім рахунку, яны таксама людзі паднявольныя) у першую чаргу былі накіраваны на тое, каб ніхто з “чужых” не быў уганараваны прэстыжнай прэміяй. А для гэтага ў іх кнігах трэба шукаць “крамолу”, неадпаведнасць, моўныя хібы.
Нас як быццам не бачаць, мы быццам не існуем. Але, панове чыноўнікі, наперакор усяму, мы ёсць. І не проста існуем, а пішам вартыя творы. Пра гэта сведчаць публікацыі не толькі ў рэспубліканскім друку, але і за межамі: Расіі, Украіне, Польшчы і другіх еўрапейскіх краінах. Чыноўнікі ад культуры, адукацыі, ідэалогіі стараюцца адмежавацца ад нас, да мінімуму звузіць выступленні ва ўстановах адукацыі, абласной бібліятэцы. Не пачута наша прапанова па ўвекавечанні памяці вядомай берасцейскай паэткі Ніны Мацяш.
Ніна Мацяш і другія Бересцейскія зоркі
На свята паэзіі “Бабіна лета ў Белаазёрску” не прыехаў ні адзін чыноўнік з абласнога і раённага цэнтраў. Не заслужыла?! Складваецца ўражанне: ці то нас баяцца, ці то асцерагаюцца атрымаць “па шапцы” за любыя, няхай самыя нязначныя кантакты і паслабленні. Ідзе паляванне:
Аб рашотку коміна
Точаць сабакі
Іклы свае…
Даганяем мы час
Стрэмя ў стрэмя.
Не дагонім яго, як тады,
У мінулы раз.
Што зрабіла ты з намі,
Time, Zeit, Время?
Як нарэшце ўцяміць,
Што ідзе
Паляванне на нас?!.
(Настасся Нарэйка, верш “Восені астрожная сцяна”
Аднак зноў вернемся да Калеснікаўскай прэміі. Яна прысуджаецца “за высокі ўзровень… надрукаваных літаратурных твораў”. А ці так яно на самай справе? Ці ўсе творы, якім прысуджана прэмія, высокамастацкія? Так, ёсць, на маю думку, харошыя аўтары. Я не выпадкова працытаваў вышэй вершаваныя радкі з кнігі сёлетняга лаўрэата прэміі імя Уладзіміра Калесніка Настассі Нарэйкі “Магдэбурскае права маёй душы”. Цікавая паэтка. Нетрывіяльнымі думкамі, пачуццёвасцю, шчырасцю, назіральнасцю, жыццёвай праўдай. Вершы “дыхаюць”, вылучаюць цяпло, перад вачамі паўстаюць багатыя на прыродную красу мясціны Белавежы. Словы нібыта нетаропка плывуць з глыбінь стагоддзяў, дзе жыве нязломны дух Кастуся Каліноўскага, вернасць і любоў да Бацькаўшчыны:
– Каго любіш?
— Люблю Беларусь!
Божа мілы, як гэта ўзаемна!
Вартай увагі падалася мне кніга вершаў і прозы Анатоля Галушкі “Яблычны спас”, а таксама кніга маладой пісьменніцы з Брэста Алены Гневушавай (Дэбіш) “Замок тайн”.
Чаго нельга сказаць пра астатніх лаўрэатаў. У галіне паэзіі прэмію атрымала жыхарка вёскі Мачуль Столінскага раёна Галіна Бабарыка за зборнік лірыкі “Дарога ў восень”. Вершы гэтай аўтаркі я неаднаразова чытаў на старонках абласной газеты “Заря”. Мне яны падаліся шэрымі і нецікавымі: вобразы збітыя, рыфма моцна кульгае, у вершах многа паўтораў і бяссэнсіцы. Чытаю прадмову нядаўняга старшыні абласнога аддзялення “Саюза пісьменнікаў Беларусі” Анатоля Крэйдзіча з кідкім загалоўкам “Як чысты гром свабоды”. “Чысты гром свабоды” – гучыць моцна, па-бунтарскі. Паважаны Анатоль адзначае “высокі мастацкі ўзровень паэткі ва ўмовах сельскіх”. Во закруціў дык закруціў! А што, у гарадскіх умовах павінен быць нейкі другі ўзровень? На маю думку, або ён, талент, ёсць, або яго няма.
Гартаю кнігу далей. Дачытаў першы раздзел “Вечны скарб” і жахнуўся… Цікава, ці Анатоль Крэйдзіч, рэдактар, працаваў з ёй, ці толькі нядбайна прагартаў, і наколькі ўважліва пазнаёміліся з ёй члены журы, якія на поўным сур’ёзе гавораць пра высокі мастацкі ўзровень зборніка. Кветачкі…Зорачкі… Хвалебныя песняспевы. А дзе абяцаны “бунтарскі дух”, дзе “чысты гром свабоды”, дзе, урэшце, мастацкая праўда жыцця?.. Не хачу пакрыўдзіць аўтарку, але, мякка кажучы, да высокай літаратуры напісанае ёй адносін не мае. І каб чытач у гэтым упэўніўся, прывяду прыклады. Возьмем самае простае, што неабходна ў рыфмаваным вершы, – рыфму. Ці не кожны сённяшні пяцікласнік здольны зрыфмаваць: поле – голле… Аднак чытаю:
Домам другому дзіцяці
Могілкі сталі навекі.
Маміна, татава шчасце
Знішчана выстралам нейкім (?)…
(верш “Не служыце вайне”)
Або
Вечарамі зімовымі казкі
Каля грубкі чытала дзятве.
Незабыўная матчына ласка,
Незабыўныя словы яе.
(верш “Маці”)
Недакладныя, прыблізныя рыфмы на кожнай старонцы: цень–людзей, дажджынкі–невідзімкай, дзіцяці–шчасце, дзятве–яе, святлом-туманоў, здалася –шчасце, ледзяшамі–вераб’ямі, прыгажун – дум… Гэты ланцуг можна працягваць бясконца.
Дастаткова многа ў вершах Галіны Бабарыкі і паўтораў:
Пазначылі для верасня шляхі
Ліхтарыкамі-гронкамі рабіны.
Упэўнена шырокія кругі
Малююць бусляняты ў небе сінім.
(верш “Развітанне з летам”)
А ў наступным вершы “Бусліныя крылы” чытаем ізноў:
Васільковае неба. Маўклівае ранне.
У нябёсах раздольна малююць кругі…
Бясконцасць тых жа ”зорак” і “кветак”, “ранкаў” і “туманоў” прымушае задумацца: “А ці варта чытаць тое, што ўжо мільён разоў было прачытана?” Пастаўлю пытанне больш жорстка; “А ці варта выдаваць такія нізкаякасныя кнігі і тым больш даваць за іх прэміі?..”
На маё пытанне “Дзе Вы адшукалі высокую паэзію ў кнізе Галіны Бабарыкі?”, дырэктар Брэсцкай абласной бібліятэкі, адзін з членаў журы Тамара Паўлаўна Данілюк адказала, што аўтар – харошы чалавек. Можа, і харошы, ды толькі абсурдна за адно гэта прысуджаць літаратурную прэмію, што носіць імя слыннага дзеяча беларускай культуры і літаратуры, які прапагандаваў адраджэнне беларускасці, патрабавальна адносіўся да кожнага слова, настойліва вучыў сваіх выхаванцаў (Алеся Каско, Міколу Пракаповіча, Алеся Разанава) не кляпаць, не крэмзаць вершы-аднадзёнкі ды хвалебныя оды гаспадарам гэтага жыцця, а пісаць праўдзівыя высокамастацкія творы.

Кастусь Жмінько і Алесь Каско
Мікола Пракаповіч
Цяпер некалькі радкоў наконт кнігі Фёдара Саевіча “Беловежская пуща – моя судьба, моя любовь” (выдавецтва – спецыяльна раблю на гэтым акцэнт – «Беларускі дзяржаўны аграрна-тэхнічны ўниверсітэт”). Хай даруе мне паважаны аўтар, але гэты грувасткі том сачыненняў ну ніяк не цягне на літаратурны шэдэўр. У лепшым выпадку – на школьны дапаможнік ці дыпломную працу з вялікай колькасцю дадаткаў да яе. Шаблонна, суха, не нова. Мяне, як чытача, кніга пакінула абыякавым.
Дзе сумленне, дзе грамадзянская пазіцыя аўтарытэтнага журы?! Чаму сёлета, як і на працягу апошніх васьмі гадоў, ім ігнаруюцца вартыя ўвагі кнігі сяброў Саюза беларускіх пісьменнікаў? Адсутнасць сярод лаўрэатаў сяброў “старога” Саюза Тамара Паўлаўна патлумачыла наступным чынам: Лявон Валасюк не атрымаў ганаровай прэміі па той прычыне, што ў кнізе “Непрыдуманыя партрэты” ў эсэ, прысвечаным Анатолю Крэйдзічу, пасмеў выказацца наконт таго, што Калеснікаўскую прэмію ў значнай ступені “прыватызавала” абласное аддзяленне новастворанага Саюза, і яна з цягам часу губляе свой прэстыж.
У дзіцячай кніжцы Івана Мельнічука журы адшукала шэраг недзіцячых твораў.
Іван Мельнічук
Васілю ж Дэбішу (гэта я пра сябе) не ўручылі прэмію, бо ён, бачыце, ”піша эратычныя вершы”. Заўважце, паважаныя, не парнаграфічныя. А колькі падобнага бруду выліваецца на голавы нашых суграмадзян з экранаў тэлевізараў з маўклівай згоды адказных за культуру і мастацтва чыноўнікаў самага высокага рангу. І ўсё для таго, каб затлуміць галовы нашай моладзі (сведчу пра гэта як выхавальнік інтэрната), адцягнуць шараговых грамадзян ад надзённых жыццёвых праблем. І што такое бяскрыўдная, цнатлівая эротыка ў параўнанні з “парнаграфіяй духу”, якая набірае моц?! Эратычнае – не значыць не эстэтычнае. Інакш што нам рабіць з творамі А. Пушкіна, С. Ясеніна, урэшце, М.Багдановіча ды іншых класікаў айчыннай ды сусветнай літаратуры?!. Спачатку думаў, што не дачуў, што маюцца на ўвазе мае вершы сацыяльнага гучання, таму перапытаў: “А можа ўсё-ткі палітычныя?”. Не, менавіта за эратычныя…
І каб вы, паважаныя чытачы, упэўніліся, што ў маіх вершах няма ані грама “палітыкі”, а толькі суцэльная “эротыка”, прапаную адзін з яе ўзораў – “Зоны”. А ці пра тыя гэта (эра)зоны, якія штовечар выпінае наш экран, судзіце самі.
Прыснілася: чырвоныя пагоны,
З вінтоўкаю на вышцы вартавы,
І трупамі запоўнены равы,
І смерць – адно тут выйсце з гэтай зоны…
Навісла хмара чорная над краем,
Для Беларусі – зноў не лепшы час.
Зноў з мовы здзек. У зоны заганяюць
Рублёвыя, чарнобыльскія нас.
Мне слова “зона” слых балюча рэжа.
Хачу быць вольным я – абрыд палон.
Хачу свой край пабачыць незалежным:
Без халуёў, без дурняў і без зон.
Хачу, каб абласную прэмію імя У. Калесніка ўручалі не па ўзросце намінантаў, не па прыналежнасці іх да пэўнага Саюза, не па стане іх здароўя, а па высокіх мастацкіх якасцях іх твораў.
Як кажуць, хто думае, той зразумее.

Мікола Папека і Міхась Купрэеў
Іван Арабейка
Аляксей Філатаў
1 комментарий
Не Иван
04.11.2017 в 13:27Василь, это ничего, что па-расейску? Так и не выучил родной язык на твоем уровне, стыжусь этого и нет мне прощения. Дело идет к пенсии и уже не найду смелости заговорить, а уж тем более писать по-белорусски. Знаешь, боюсь руку протянуть нашай мове, чтобы не запачкать ее аристократизма. Сердце — оно чище руки, и я отдаю ей сердце. Есть некая надежда, что она примет его.
Я лично знаю тебя и брата твоего Анатолия, знаю близко Каско и Прокоповича, давал «прытулак» дорогому Купрееву. Сиживал с Филатовым и с Папекой… Читал, читаю вас всех с давних пор, как только приехал на работу в Брест по распределению. И с той поры не разочаровался в вас, как в литераторах. И до сих пор уверен, что у братьев Дебишей есть уйма текстов, которые по уровню стиха, по интонации, звуку способны занять почетное место в белорусской антологии. Знаю также, что литературный быт и собственная неустроенность в нем началась еще до современной белорусской истории, так что они не могли сыграть решающей роли в трагическом финале. А ведь для вас нет большей трагедии, чем оставить за собой пустое поле.
Ты, Василь, во всем и виноват. Это ты не выпалывал поле от сорняков. Это ты с Алесем Каско приносил в «Зарю» произведения молодых литераторов, которые там могли напечатать исключительно за бутылку самогонки, но зав. литотделом Н. Александров не пил самогонки (по крайней мере, в ту пору). Он требовал качества. Вы еще тогда помаленьку работали над поиском «качественных», а после кинули это дурное дело, замкнувшись в своем кругу.
Василь, поздно искать беды брестских литераторов в незнании ими основ основного метрического ударения. Не следует ставить пошлый в наши дни вопрос «А судьи кто?» Вы хорошие поэты, хорошие писатели, но плохие педагоги. Вот Блок сотворил Есенина, Есенин не сотворил никого, кроме тысячи тысяч «плагиатщиков». Но он им бил в кабаках морду, а ты, Василь, пытаешься бить графоманов через газету. Сил нет, чтобы тоже бить роже. Время упущено, согласись!