Гэта не цуд, а вынік хірургічнага ўмяшальніцтва. Робіць яго карэнны брастаўчанін, малады патомны афтальмолаг. У яго клініку карэспандэнт патрапіў і выпадкова, і не.
Цікаўнасць завяла
Аднаго разу пабачыў на вуліцы маладую дзяўчыну з закрытым белай налепкай вокам. Не як у Джона Сільвера – той меў павязку з цясёмкамі цераз лоб і патыліцу, і яна была чорная. А дзяўчыне вочную пройму закрывала белая такая шора, пластыр па ранціку замест Сільверавай тасьмы. Разабрала мяне цікаўнасць. Хацеў быў адгрузіць нешта пра бандыцкую кулю, але пераадолеў спакусу і нейтральна запытаўся, а што ж такое здарылася-зрабілася. Дзяўчына патлумачыла, што рабіла аперацыю на воку і што пасля яе трэба тры дні хадзіць з налепкай. Слова за слова – аказалася, аперацыя амаль цалкам вяртае капітальна сапсаваны зрок. “Нават акуляры не патрэбныя будуць, казалі мне. Доктар больш асцярожны, але гарантаваў мае ранейшыя мінус паўтара”, – з надзеяй у голасе сказала носьбітка шоры.
Увечары палез у інтэрнэт. Тэму гэтую – хірургія вока – варушыў нядаўна, бо пабачыў па “талерцы” рэпартаж пра хірурга адной з нямецкіх клінік, які вярнуў зрок саракагадоваму ірландцу. Той настолькі аслеп, што не мог бачыць сваіх двух сыноў-блізнятаў. Атрымаў святло дня паўторна самым неверагодным чынам: пагадзіўся на эксперыментальную аперацыю. Афтальмолаг правёў яе ў тры этапы. На першым вырваў пацыенту здаровы зуб. На другім знёс амярцвелую франтальную частку абодвух вокаў, распілаваў зуб на дзве часткі і ўжывіў іх, цягам месяца, у вочы. Тым самым падрыхтаваў базу для двух чыпаў-мікракамер, каб яны не былі адторгнутыя арганізмам. На трэцім этапе мікракамеры былі ўманціраваныя ў папярэдне для іх высвідраваныя поласці ў жывой тканцы зуба і далучаныя да зрокавага нерва. Напачатку “кіна не было”, і пацыент змірыўся з лёсам. Але праз месяц навакольны свет пачаў акрэсліваць свае контуры, і ўзрушаны мужчына пабачыў сваіх сыноў! Пачутае і пабачанае было настолькі неверагодным, што праверыў у сеціве. Аказалася: праўда! І вось нешта такое самае сустрэлася ў родным горадзе.
Праглядзеў некалькі брэсцкіх сайтаў. На адным з іх у каментарах сустрэў прозвішчы знаёмых мне людзей. І гэта была якраз тая клініка, у якой аперавалася дзяўчына! Назаўтра выправіўся туды.
Клініка
На шыльдзе клінікі вока і прозвішча. Уладальнік? Або нейкае медыцынскае свяціла? Унутры высветлілася: першае. На сценах светленькай адмыслова абсталяванай прымальні мноства грамат, сертыфікатаў і пасведчанняў з яго прозвішчам. Адміністратарка сказала чаканае: доктар заняты, на аперацыі. А заўтра на тыдзень едзе з Брэста. Так што дамовіліся на кароценькую сустрэчу праз дзесяць дзён.
Макарчук
Свае дзесяць дзён выкарыстаў наўпрост у сэнсе гэтага слова. Тое-сёе пачытаў, там-сям распытаўся. Аказалася, мой будучы суразмоўца прадстаўляе дынастыю медыкаў. Мама акуліст, жонка таксама медык і нібыта з такой сама спецыяльнасцю. Што ж, спецыялісты ў сваёй галіне гэта тое, што паважаю і нават люблю. Мяркую, што шмат якія катастрофы і завалы грамадства былі б немагчымыя, калі б імі, грамадствамі, кіравалі не папулісты і харызматыкі, – пра гвалтоўных узурпатараў улады проста памаўчым, – а знаўцы-эксперты. Кульгавыя, як Чэрчыль, у інвалідным вазку, як Рузвельт або Шойбле, аднавокія, як Машэ Даян, непрыгожыя, як Квазімода, але – спецыялісты, якія дабіліся поспеху ў сваёй галіне. Не балбатуны і скамарохі, пастаноўшчыкі спектакляў з заўсёдным сабой у галоўнай ролі.
Мой суразмоўца, Канстанцін Макарчук, аказаўся якраз абаяльнага выгляду. Танклявы, высокі, дакладны і эканомны ў рухах, малады. Манера гаварыць нязмушаная, неманерная. Так што “Васільевіч” і не клеілася напачатку. Але па меры нашых узаемінаў усталявалася трывала.
“Мы працуем адносна нядаўна, – сказаў доктар Макарчук. – Попыт на паслугі ёсць. Робім, што ў нашых сілах. Наша часта практыкуемая аперацыя — гэта замена крышталіка вока. Прыкладам, калі ён мутнее з-за катаракты. Бываюць і траўматычныя паказанні. Аперацыя нятанная, бо імпланты прывозім з-за мяжы. У нас імпланты з ЗША. Англійскія крыху танней, але амерыканскія, мы лічым, лепш”.
Згадаў дзівосныя маніпуляцыі “вока-зуб-вока”ў нямецкай клініцы і спытаў, ці рэальнае нешта такое ў клініцы Макарчука. Доктар успрыняў мой блок інфармацыі стрымана. Сказаў нешта ў сэнсе, што яны працуюць у больш сціплым рэгістры.
Брэст — горад цесны
Гутарка нечакана павярнулася іншым бокам. Памяняўся вектар. “Дык ці гэта не Вы колішні гулец у хакей? На Мухавец не Вы прыходзілі? Запомніў, бо па-беларуску гаворыце і добра гулялі”, – доктар заспеў мяне пытаннем знянацку. “Каля баржы? – управіў я фантастычны ўзлёт сітуацыі ў берагі рэальнасці. – Было. Падаслеп з таго часу. Кнігі, журналізм… А ў хакеі патрабуецца востры зрок. Таму цікаўлюся гэтай тэмай”.
Ну дык мой зрок і праверылі, не адыходзячы ад апаратуры. Дарэчы, яна новая і яўна “мэйд ін Нянаша”.
А шкада. Прадпрыемствы, аб’яднаныя ў Беларускім оптыка-механічным аб’яднанні (БелОМА), пры СССР выпускалі танкавую оптыку, прыцэлы і фотаапараты – што, не маглі б наладзіць нешта такое і выпускаць тыя імпланты, заадно? Вось і азалаціліся б, замест балбатні і банкруцтва. А на танку і дурань паедзе. І стрэліць. Розуму вялікага не патрабуецца.
Вернем на 100
Падзяліўся з доктарам інфармацыяй ад дзяўчыны пра тое, што могуць вярнуць 100-адсоткавы зрок. На маім прыкладзе ён адказаў прадметна. “У Вас высокі мінус. Плюс форма вочнага яблыка змененая – астыгматызм. Бывае і горш, у разы. Нядаўна пацыентка прыйшла з мінус трыццацю шасцю. Паправіць гэта аператыўна дастаткова нескладана, але пажадана вяртацца да акуляраў з невялікім мінусам. Воку так камфортней. Бо калі звесці на 100 адсоткаў, то патрэбныя будуць акуляры для чытання”.
З далейшай гутаркі я даведаўся, што астыгматызм можна паправіць і на крышталікавым імпланце. Для гэтага яму надаюць складаную форму. Можна і больш: уставіць у вока крышталік, набліжаны да прыроднага і прыдатны як для блізі, так і для далі. Аднак такі выраб каштуе ў разы больш за монаоптыку. “Ёсць і іншыя непрыемныя эфекты. Змяняецца ўспрыманне святла ў цёмны час. Калі Вы кіроўца, можаце мець з гэтым праблемы.”
Збіўка слоў “воку камфортна” патлумачыла мне і акуляры на абліччы самаго доктара. З’яўляліся там час ад часу. “Маю лёгкі мінус,” – патлумачыў ён коратка. Такая неманіфеставая дзелавітасць умацавала мой давер да таго, што ён кажа.
“…а не дасі кока, то выкалю вока”
Калі рыхтаваўся да сустрэчы з хірургам, які аперыруе на вачах, даволі глупым чынам круцілася ў галаве калядка. Цяпер вось прыдумаўся да яе: падыходзіць як назоў раздзела! Ну дык і вынес яе наверх.
А з шэфам клінікі падзяліўся назіраннем, што журналісты не пішуць пра медыцынскія скандалы з мікрахірургіяй вока. “Здаецца, такі тонкі орган. Дык дзе тонка, там і рвецца. Але калі не грыміць скандалаў, то мабыць, і глебы для іх няма. Бо тэма ж для сенсацыйнай журналістыкі вабная. Ці бываюць промахі, няўдачы?”
Пасля паўхвіліннага роздуму доктар адказаў: “Няўдачы цікуюць там, дзе мы, ідучы насустрач хаценням пацыентаў, абяцаем больш, чым можна зрабіць. Прыкладам, вельмі складана аперыраваць на воку, калі ў пацыента цукроўка (дыябет).” І як бы пацвярджаючы маю інсайдэрскую інфармацыю, што да Макарчука ідуць тыя, ад каго адмовіліся ўсе, дадаў: “Бывае, прыходзяць з цэлым букетам хваробаў. Як гэта бывае пры цукроўцы, дарэчы. Дык такому пацыенту нельга абяцаць. Хвароба можа паўплываць нечаканым чынам”.
Значыць, чаканым, падумалася мне. Трэба берагчы здароўе, не “нагружаць на раму”, што ёй неўласціва або зацяжка везці. Прыкладам, удыханне, або, па-навуковаму кажучы, інгаляцыю дыму. Мой дзядзька, чалавек без адукацыі, але з вялікім досведам і разуменнем жыцця, заўсёды паўтараў: “Не палі цыгарак. Сто грамаў можаш выпіць, яно не шкодзіць, а вось тытунь – а ні!”. Ну, “сто грамаў можна” я аднёс на рахунак яго пэўнай цягі да бядовага напою і пераклаў на карысць свайго арганізма, папросту дадаўшы “вінаграднага віна”, а вось пра тытунь чыстая праўда. Праверана – дыхалку забірае зусім. Таму не курыў нават у арміі, дзе ў каго няма перакуру, той меў працаваць далей. І цяпер вельмі добра дыхаю, роўна. А вось зрок…
Думкі па дарозе дахаты
Зрок па спадчыннасці можа сесці або з роду заняткаў. Зборная каманда Паўднёвай Карэі па кампутарных гульнях, бачыў і чуў па той сама “талерцы”, пяцёра хлапцоў ад 19 да 21 года – усе ў акулярах! Бо сядзяць па дзевяць гадзін штодня перад “кампамі”, трэніруюцца, рэжуцца ў гульні. Мараць выйграць чэмпіянат свету, тады разбагацеюць. Але баюся, пабяднеюць на святло свету.
Доктар Макарчук нам яго вяртае. Найперш, бо найбольш лёгка, вяртае тым, хто сябе бярог ад пабочных і неабавязковых хвароб.
Дык беражыце сябе!
Яўген БЯЛАСІН
Ответить