Не стала, адышоў у іншасвет Алесь Канстанцінавіч Каско – паэт, крытык, літаратуразнаўца,барацьбіт за беларускую мову і культуру, нязменны рэдактар шматлікіх кніг паэтаў і празаікаў Берасцейшчыны, сябра ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”.
Пазнаёміліся мы яшчэ ў далёкім 1987 годзе, калі па размеркаванні пасля заканчэння Мінскага інстытута культуры (цяпер універсітэт) былі накіраваныя ў Брэст. Сустрэча адбылася на літаратурным пасяджэнні Брэсцкага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, які на той час месціўся на вуліцы Камуністычнай у былым будынку палітасветы. Кіраваў аддзяленнем тады вядомы берасцейскі паэт Мікола Пракаповіч, пазней – Алесь Каско. Уражанні пра тую сустрэчу засталіся ў нашай памяці на ўсё жыццё. Нам з братам было ўсяго па 25 гадоў. Зялёныя, але амбітныя (мы тады ўжо друкаваліся ў часопісе “Маладосць”, тыднёвіку “ЛіМ” і лічылі сябе амаль што не геніямі). На літаратурных сустрэчах была завядзёнка: аўтары чыталі свае творы, якія абмяркоўваліся ўсімі прысутнымі (кожны мог пахваліць, зрабіць заўвагі ці, наадварот, пакрытыкаваць аўтара). І крытыка, і заўвагі старэйшых сяброў па пяру ўспрымаліся як належнае, абавязковае, без крыўды і злосці, як гэта адбываецца сёння з многімі сучаснымі маладымі аўтарамі.
Але гэта мы з братам усвядомілі намнога пазней. А тады, на першай сустрэчы, калі Алесь Канстанцінавіч пачаў разбіваць нашыя “геніяльныя” вершы ў пух і прах, мы хоць і знайшлі ў сабе сілы прамаўчаць, але падумалі: “Які жорсткі чалавек!” На хвіліну з Алесем Канстанцінавічам сустрэліся вачыма. Падалося, што гэта хтосьці з нас злавіў яго, сфатаграфаваў, аднак – то ён нас падлавіў. Алесь, здавалася, выварочваў нас знутры. Нахмураны лоб адмятаў усё непатрэбнае, наноснае, несапраўднае. Глыбокія, як азёры, вочы яго мыслілі, асэнсоўвалі, аналізавалі. Ад яго пагляду нам рабілася няёмка, нават страшнавата. Мы адчувалі, як патроху цяжэюць ногі, наліваюцца свінцом. Падумалася: ён, нібыта рэнтген, бачыць усіх наскрозь. Нават калі сядзелі і маўчалі, здавалася, што ён гаварыў пра усё поглядам, маўчаннем. Даруй, даражэнькі Алеська, за нашы паспешлівыя вывады. Ужо намнога пазней, калі мы пазнаёміліся бліжэй і пасябравалі, сталі праводзіць больш часу разам, мы зразумелі, што за той паказной жорсткасцю жыве любоў да чалавека, роднай мовы, дабрыня, чуласць; толькі сапраўдны сябра можа сказаць праўду ў вочы, якой бы жорсткай яна ні была.
Алесь КанстанцІнавІч Каско застаўся верным свайму прынцыпу: не кляпаць, не крэмзаць вершы-аднадзёнкі ды хвалебныя оды, а пісаць праўдзівыя высокамастацкія творы. Да апошніх хвілін свайго жыцця ён змагаўся за чысціню і высокамастацкасць беларускай мовы і літаратуры. Ужо ў сваёй першай кнізе “Вестка” (1979) выкрышталізоўваецца паэтава крэда: “Служыць Радзіме і красе”.
Краса зямлі маіх бацькоў
кранулася мяне,
малога, –
і я пазнаў сваіх буслоў,
сваю зару, сябе самога.
Алесь Каско – неардынарная і загадкавая асоба, творца-інтэлектуал са сваім светапоглядам, сваімі творчымі схільнасцямі і арыенцірамі. У адным з інтэрв’ю паэт адзначыў: “Кожны творца выказвае праз слова перш за ўсё сябе”. І далей: “Я ніколі не крывіў душой, быў сумленны ў сваіх вершах. Інакш – які я ёсць у жыцці, такі я і ў паэзіі”.
З вуснаў самога аўтара ведаем пра непахісны прынцып паэта Алеся Каско: кожны наступны зборнік павінен пераўзыходзіць у мастацкіх адносінах папярэдні, інакш аддаваць яго ў выдавецтва не варта, дый не мае сэнсу. Што свайму правілу ён адданы, спачатку сведчылі нават назвы кніг: “Вестка”, “Скразная лінія”, “Час прысутнасці”, і толькі пасля выхаду ў 1994 годзе апошняй з пералічаных, у якой напоўніцу праявіліся тэматычны абсяг і ўласны стыль і якая заслужана была адзначана Літаратурнай прэміяй імя А.Куляшова, ён перастаў падкрэсліваць паслядоўнасць поступу фармальна. Проста неабходнасць творчага ўзыходжання стала неад’емнасцю. Аднак найноўшую сваю кнігу, дзе выбраныя творы і вершы апошніх гадоў пададзены ў храналагічным парадку, аўтар зноў назваў яскрава, выпукла, з пэўным падсумаваннем – “Межавыя знакі” (2014).
Алесь Канстанцінавіч ўсё сваё кароткае свядомае жыццё імкнуўся зазірнуць за межы часу і прасторы, каб спазнаць і ўбачыць іншасвет,каб ажывіць і напоўніць яго цяплом пачуццяў, дыханнем, вобразам.І гэта яму ўдалося.
26 лістапада 2017 года перастала біцца сэрца нашага сябра, таленавітага беларускага пісьменніка Алеся Каско. Ён ступіў за сваю апошнюю мяжу – мяжу жыцця і смерці. Сябры Брэсцкага абласнога аддзялення “Саюза беларускіх пісьменнікаў” смуткуюць з прычыны яго заўчаснага адыхода і выказваюць шчырае спачуванне родным і блізкім паэта.
Анатоль і Васіль Дэбішы, сябры брэсцкага абласнога аддзялення ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”
ПРОЩАЛЬНОЕ СЛОВО ОТ “БРЕСТСКОГО КУРЬЕРА”
Совсем не хочется говорить дежурных поминальных слов об Алесе Каско. Это и о нем когда-то сказал один из творцов серебряного века; “Поэт обречен на стихи, как волк на вой”.
Алесь писал даже в самые трудные для нашей литературы времена, когда умолкали иные музы. Всегда был естественным в звучании своего голоса. Был предельно требовательным и к своему творчеству, и к творениям своих коллег. Эту высокую планку ответственности перед родным словом задал ему когда-то Владимир Андреевич Колесник, возжигатель “берасцейскага вогнішча”. На мой взгляд, имя Алеся Каско уже сейчас обретается в созвездии самых светлых имен современной белорусской литературы, а далее – будет еще ярче разгораться.
Николай Александров
Алесь КАСКО
ВЕРШЫ
ххх
Травою быў — а нехта ў небе сінім
сказаў: адчуй свой боль і стань мне сынам.
І я прайшоў шлях веры і зняверы,
парою грукаўся ў чужыя дзверы,
любіў, кахаў і зведаў смак самоты…
Але — што потым?
Я не прыму фальшывай пазалоты
на сэрцы і траве, што мне раднёю.
Мне ўсё радзей лавіць прамень над ёю,
часцей – сачыць за знічкавым палётам.
Але – што потым?
Былінку слова, каліва пяшчоты
пакіну вам, і гэта дасць мне сілы
змяёй не віцца ў кроку адмагілы
і ўдзячнасць прашаптаць нямоглым ротам.
Але – што потым?
Травінку пацалую без употы,
не ў гнеў Таму, чый кліч у небе сінім
пачуў аднойчы, каб назвацца сынам.
І страціць сэнс адвечная турбота –
а потым што?…
Бясспрэчны і адзіны
адказ ёсць там, адкуль няма звароту.
КАРАБЕЛЬ
Вецер у спіну не вецер.
Хваля не хваля,
што кошкаю трэцца аб бераг.
Дый бераг не бераг,
калі ён без стромы…
Зведаў я вецер сустрэчны,
раз’юшанасць хвалі,
паўставаў небасхілам мне бераг,
куды не даплыў я,
куды не даплыць аніколі.
Усцешна ў стыхіі!
Мне радасна ведаць:
яна не сцішэе, не скончыцца,
не знікне разам са мною –
па-за маёю вечнасцю.
Іду на бяздоннае дно
і расстайна ківаю мачтаю
таму караблю ацалеламу,
што, аб мой борт ледзь паранены,
спяшаецца стлець на якары.
ПАМЯЦЬ
Святлее снег, цямнее неба,
прамень і цень на гарызонце
змыкаюцца. Садзіцца сонца.
І гэта ўсё, што сёння трэба.
Зарука згадак – луста хлеба,
маўклівы стол, цярплівы чайнік.
Немітусліва. Незвычайна.
І гэта ўсё, што сёння трэба.
Нібы няспешлівы малебен:
гадзіннік счытвае ўспаміны
пра нашы з сябрам пуцявіны.
І гэта ўсё, што сёння трэба.
Ён зрокся шляху… Як сагрэў бы
сяброў непамінальны вечар,
дзе ўсё было б, што трэба вечна,
а сёння – на часіну трэба!
***
Свісне рак – і ўсё. І ўсё збудзецца!
Хто адвеку спаў, той абудзіцца,
блудны сын дамоў тут жа вернецца,
у вачах сляпцоў змрок развеецца.
Будзе так: бядняк есць папоўніцы,
вольным – воля свет, здольным – творыцца.
Дым з фабрычных труб пахне свежасцю,
кожны ў полі дуб – роўны з вежаю.
Хто піў моцнае – п’е маркоўнае,
і паўсюль усе – памяркоўныя.
Аж круцель-хіжак стане правільным,
і памірацца Каін з Авелем…
— Дзе ж той рак, аднак? Ці не свішчацца?
— А табе, лайдак, лёгка пішацца?..
Навагодняе сола
М. Аляксандраву
Не круіз, не мыс, не ўзмор’е,
дыў скруцілася надвор’е:
золь і шторм! І сеў на мель
горад, быццам карабель.
Нізкаверха, крывабока,
з мігаценнем мокрых вокан
б’ецца ў шквале слюдзяным.
Мітусіцца сцяг над ім.
Голай палубаю плошча
раскалыхвае, палошча
елку-мачту. Дождж ілье,
і ўяго сівой імгле
з пробліскам святла сляпога –
ні стырна, ні стырнавога.
Толькі хісткая адна
постаць нечая відна.
Гэты нехта сам святкуе,
і блазнуе, і танцуе,
і гукае, бы вар’ят, —
зычыць свету добрых свят.
Гэты нехта непрытульны
дураслівіцца, пакуль не
пойдзе спаць ці піць віно,
ці апусціцца на дно,
ці трубу з нябёс пачуе
ды ў псіхарні заначуе…
Аднаму – усё адно!
Ответить