05.01.2018 Яўген Бяласін, «Брестский курьер»
Ледва не загінуў падпалкоўнік медслужбы ў адстаўцы Бастрыкаў пазалетась. Абрынуўся ва ўлова на “веладарожцы” з маста. Пасля падзення “паказваў здымкі ўсім знаёмым веласіпедыстам, каб не паўтарылі, што было са мной”. Такім чынам гісторыя дайшла і да аўтара гэтага артыкула. Цяпер, мабыць, надыйшоў аптымальны час для публікацыі. Чытачам будзе што пачытаць каляднымі вечарамі. Да таго ж, веласезон дзіўным чынам працягваецца і, мяркуючы па мяккіх зімах, хутка плаўна пяройдзе ў вясновую фазу. То трэба быць напагатове.
Пад’езд да ўлова на мосце
Сюды ўпаў доктар
Як было
Гутару з доктарам Бастрыкавым у Палацы спорта “Вікторыя”. “Васільевіча”, як назваў яго супрацоўнік гандбольнага клуба імя Мяшкова, завуць Анатоль – так сама, як і чалавека-імя гэтай установы. Толькі трэнер па бацьку быў Паўлавіч. Анатоля Паўлавіча Мяшкова памятаю з больш маладых сваіх гадоў, Анатоля Васільевіча бачу ўпершыню. Як і належыць медыку, ён кантактны, лёгкі ва ўзаемінах. Мне без гэтага таксама аніяк, але сышліся на іншым: мы абодва зацятыя прыхільнікі вела.
Майму суразмоўцу ніяк не дасі агучаныя ім гады. Тым больш чужой падаецца думка, што ўсё магло скончыцца яшчэ каля года таму, у 65.
- “Восенню гэта было, у кастрычніку, – распавядае доктар. – Мінуў я Палац водных відаў спорту, там веладарожка абазначаная, бар’ерам агароджаная з боку насыпа. Заехаў на самы верх, і тут мяне сустрэчны аўтамабіль фарамі асляпіў. Так што не падвярнуў управа, перад парэнчамі, а паехаў наўпрост у пройму міма парэнчаў. Ну і, вядома, скаціўся ўніз”.
Вышыня насыпу ў гэтым месцы каля 10 метраў, ухіл каля 70 градусаў. Фактычна, вертыкальнае падзенне! Пытаю, як удалося не забіцца.
- “А неяк сцішыў падзенне, – адказвае Анатоль Васільевіч. – Злёгку за сценку падпорную шаргануўся, унізе за дрэва чапянуў крыху, то прытармазіўся. Але потым сам не верыў. Назаўтра сфатаграфаваў мабільнікам, ды не ведаў, каму аддаць. Камунальнікам? Дарожнікам? Дзяржаўтаінспекцыі? То паказваў усім знаёмым веласіпедыстам. А найперш, вядома, сямейнікам”.
- “У мяне трое дзяцей, шасцёра ўнукаў, – не без гонару кажа доктар Бастрыкаў. – І мы ўсе ездзім на веласіпедах, у кожнага свой. І жонка актыўная карыстальніца, брала ўдзел у міжнародных велатурах”.
З унукамі. Хутка самі паедуць!
Досвед язды
Пытаю, а ці ў яго самога даволі досведу карыстання веласіпедам.
- “Дык я з малога на ім езджу, – адказвае медык. – Калі быў загадчыкам аддзялення ваеннага шпіталя на Пушкінскай, дзе цяпер Следчы Камітэт месціцца, то таксама папрасіў дазвол у камандавання, і ездзіў са свайго Кавалёва, штодня. Вечарам, з ліхтарыкам, назад.
- Веласіпед гэта здароўе, тонус, але і эканомія рэсурсаў, – даводзіў Анатоль Васільевіч. – Тралейбуснікі неяк казалі, што іхні транспарт едзе з сярэдняй хуткасцю 25- 28 кіламетраў у гадзіну. Дык я на вела ў графік тралейбуса ўпісваюся! А яшчэ і плаціць не трэба”.
Цікаўлюся, а ці сам ён, як жонка, бываў за мяжою, і як там.
- “Мяне бяруць нашы велаклубы з сабою як доктара, – быў адказ. – Праўда, не пастаянна магу ездзіць, бо праца. Але ў адпачынак, прыкладам – чаму не. Дык у Польшчы быў з імі. Там фестываль быў – 15 тысяч раварыстаў з розных краін! І там – зусім інакш. Няма гэтай дыскрымінацыі веласіпедыстаў, што ў нас. Можна ехаць па праезнай частцы, веладарожкі роўныя, без прыступак і калдобін. Аўтамабілісты зважаюць, а не сігналяць, як нашы. Хоць і ў нас правілы дарожнага руху дапускаюць сітуацыі…”
- Калі колавыя маторныя і колавыя безматорныя рухаюцца разам, – падхопліваю думку. – Бо колу, каб каціцца, трэба роўная паверхня.
Смяротна вузкія месцы
Кажу пра мой досвед перапіскі з пракуратурай адносна стану веласіпеднай інфраструктуры ў Брэсце. Згадваю, што ўлова, куды быў трапіў мой суразмоўца, там было названае ці не найперш. І паказанае на фота.
Улова з другога боку яшчэ больш небяспечнае: заезд на яго без бугарка, гладкі, і меркаванае падзенне няма чым стрымаць. Акрамя таго, там да самага мікрараёна няма агароджы адхону, які чамусьці цудоўным чынам прысутнічае, і цалкам апраўдана, з боку Палаца водных відаў спорту.
Улова на мосце. Пад’езд з боку Кавалёва
Або забіцца, або ўтапіцца – унізе Мухавец
- “Я думаў ужо, а можа, мне ездзіць там увечары другім бокам моста, – разважае доктар Бастрыкаў. – Там жа спадарожны транспарт, не аслепяць”.
Дык там, кажу, унізе праблема. Няма як налева пераехаць. Затое цябе – запраста могуць. Гадоў з пяць таму МАЗ там насмерць збіў веласіпедыста.
Абмяркоўваем, дзе ў Брэсце яшчэ веларух арганізаваны так, што трэба апасацца за жыццё.
- “У нас веладарожак, як яны маюць быць, зусім няма, – кажа доктар Бастрыкаў. (“Какбывеладарожкі”, у думках пагаджаюся я.) – Тое, што адчэрчана на тратуары ад мікрараёна Усход да цэнтра – там жа смяротна небяспечныя месцы адно на адным. Увесь цэнтр горада глухі для веларуху. І небяспечны. З’езды з высачэнных бардзюраў калі і ёсць, то вузкія, непрыкметныя і не кампенсуюць вышыні. Мост з Піянерскай у накірунку да Бярозаўкі – там пакрыццё тратуара жахлівае, ні адзін веласіпед не вытрымае. Бардзюр высачэнны. Ехаць там можна толькі праезнай часткай. Але гэта забараняецца дзейнымі Правіламі дарожнага руху”.
Среда проживания это не четверг
Абмяркоўваем тэрмін “среда проживания”. На бяспечную “среду” мы паводле Канстытуцыі маем права ў любым выпадку – і як пешаходы, і як аўтамабілісты, і як веласіпедысты. І гэта не выпадак дзённа прывязаных бонусаў у крамах – у аўторак дорага, а ў чацвер акцыя. Ездзіць нармальна на вела мы маем права таму, што маем права на гэтую “среду” – на бяспечны асяродак пражывання.
Кажу пра былы ваенны гарадок Паўднёвы, на пляцы пасля якога нядаўна навярнуўся быў з грузам грыбоў, бо ўвечары не патрапіў на вузкі з’езд з тратуара. Доктар ажывіўся:
- “Дык і я там упаў з веласіпеда. Гадоў з дзесяць таму, а можа і болей. У мяне некалькі ровараў, дык ехаў тады на спартовым, з вузкімі шынамі. Заехаў на хуткасці ў трэшчыну ў асфальце, страціў кіраваньне. Паспрабаваў прытармазіць – дык у выніку ўпаў перакуліўшыся цераз сябе. Атрымаў пералом сківіцы, – паказвае на абліччы месца. – Але тады былі, здаецца, прынятыя ўжо гэтыя правілы з фактычнай забаронай нам ездзіць па дарогах. То нікуды не звяртаўся”.
Як паправіць сітуацыю? Доктар Бастрыкаў не вагаецца ні хвіліны:
- “Трэба вылучыць на праезнай частцы велаполасы. Як ва ўсім свеце. Як гэта зроблена на вуліцы Янкі Купалы…”
- …і на Пушкінскай, у канцы перад скрыжаваннем з Піянерскай, – дапаўняю я.
Што хочацца сказаць у святле велапублікацый БК
Перад Новым годам у газету накіраваў сваю скаргу чытач Валянцін Дубік. Яго аштрафавалі за праезд на веласіпедзе па праезнай частцы вуліцы пісьменніка Смірнова “при наличии тротуара”. Дык на тым тратуары праз кожныя сто метраў бар’ер у выглядзе бардзюра без належнага з’езда, абураецца спадар Дубік.
Нагадаю: паўтара гады таму назад мяне аштрафавалі тамсама з такой сама матывацыяй і фармулёўкай. Я аспрэчваў няпраўную акцыю ДАІ на некалькіх узроўнях. Больш падрабязна пра гэта ў наступным раздзеле. Галоўнае: паўтара гады прайшло, а належныя з’езды для веласіпедыстаў па-ранейшаму не зробленыя, затое штрафы спаганяюцца.
У аддзеле адміністратыўнай практыкі брэсцкай Дзяржаўтаінспекцыі упарта гнуць сваю лінію: стан дарог гэта ў гарвыканкам, туды і звяртайцеся, а наша справа нагляд за законнасцю на дарогах.
Пазіцыя шызафрэнічная. Дакажу на двух прыкладах.
Гадоў з 15 таму трэба было мне хуценька даехаць з цэнтра на мой Усход-6. На вела не выпадала, то пачакаў на тралейбус. Падкаціў нейкі. Спераду не разгледзеўся, які нумар. І збоку няма! То заскочыў. А раптам мой. Прапушчу – і тады чакай паўгадзіны. Аказалася: не мой. Я выходзіць, а там кантроль. Кажу: бачыце, няма нумара. А мне адзінка патрэбная. Тыя: Вы без квітка. А я: за што плаціць, калі не давязе. Не адчапляюцца. Хацеў быў пайсці, ды ўчапіліся ў сумку, за рукі пабралі, шлёўка парвалася. Дык ня біцца жа з імі на людзях. “Пройдемте”. Заходжу ў бусік, там брыгадзір сядзіць. Можа ён, падумаў, разбярэцца. Пагатоў што тралейбус яшчэ стаіць, і нумара відавочна няма як няма. Чалавек той падумаў, пасмыляў вуснамі і выдаў хрэстаматыйную фразу: “Вешать номера это дело линейщиков. Наше дело штрафовать за безбилетный проезд”.
Заплаціў ім, абы не спазніцца на сустрэчу. Назаўтра паехаў у тралейбусны парк. А раптам там уцямныя людзі. Бо паркаўскі нумар тралейбуса запомніць паспеў, і кіроўца спалоханы быў інцыдэнтам, бачна было. Мабыць, адмаўляць не будзе, што шыльду з нумарам не паставіў.
Дамок тралейбуснага парка на дзіва густанаселеным аказаўся. Праз паўгадзіны сабралася ў кабінеце дзевяцігаловая камісія. Прызналі мяне з ног да галавы вінаватым. Так нахабна пёрлі – аж я сам вагацца пачаў на канцы свайго доказу, маўляў, не мог прабіваць талон, бо гэта фактычна пагадзіцца на аказанне паслугі па перавозцы, а куды, невядома. У выніку, потым адна з гэтага канклаву адклікала мяне ў свой кабінет, паспачувала і пагадзілася паменшыць штраф, каб як я не аплаціў правозку багажу. Не памятаю, пайшоў я на гэтую ўсё роўна прыніжальную здзелку з сумленнем ці махнуў на іх усіх рукой.
Другая паказальная гісторыя надарылася ў леташнюю ўжо грыбную восень. Каля 12-й начы ехаў з лесу з паўмяхом грыбоў. Як у мікрараёне Вясна, што будуюць на месцы былых чайкіных калоній перад Кавалёва, падразае мяне на праезнай частцы патрульны аўтамабіль ДАІ. Чаму еду па праезнай частцы, асноўная прэтэнзія. Бо новы мікрараён, кажу, на тратуары можа быць што хочаш. Дык там (паказвае афіцэр на процілеглы бок Луцкай) веладарожка ёсць. Там выезд з катлаванаў, кажу, нядаўна ехаў, то грузавікі зямлі навазілі, ноччу небяспечна. Нельга па праезнай, кажа аракул ДАІ. Вуліца ўведзена ў эксплуатацыю. Ліхтары гараць. А на мае інвектывы пра Германію, маўляў, там веласіпедысты ездзяць па гладкаму, і дарожнай паліцыі на дарогах няма, намякнуў, што цяпер можна ехаць на ПМЖ куды хочаш. І выпісаў штраф.
Звярнуўся па тлумачэнне ў адміністрацыю МУС. У адказе між іншым, як рэакцыя на мае запыты, чаму месцы праезду веласіпедыстаў там і там у Брэсце ў такім небяспечным стане, сказана, што вуліца Луцкая ў новым мікрараёне… яшчэ не прынятая ва ўстаноўленым парадку ДАІ!
Як бачым, тое самае, што і ў першай гісторыі. “Лінейшчыкі лінеяць, а мы штрафуем”. Дык мы аб’екты шызафрэнічных сілавых дзеянняў, панове-таварышы! Віншаваць вас з гэтым, вядома, не буду. І “парагатаць з голага бацька”, як кажуць у народзе, не заклікаю. Прапаную іншае.
Кніга Скаргаў у пракуратуру на Дзяржаўтаінспекцыю
Выйсці на выжыўшага медыка мне атрымалася ў працэсе журналісцкіх даследаванняў, якія планавалі на канцы выданне ўнікальнай у сваім родзе кнігі. Такой, якая прынцыпова немагчымая ў краінах з развітай сацыяльнай сістэмай. Бо ў іх няма такой з’явы, як Кніга скаргаў. Але ў нас ёсць, як ёсць. У тым ліку і гэты эксперымент на жывых веласіпедыстах, які доўжыцца ўжо больш за дзесяць гадоў. Выдае на тое, што ён паказальны для ўсяго, што ў нас адбываецца ў грамадскім жыцці. Таму, калі на вуліцы пісьменніка Смірнова 1 верасня 2016 года перада мною ў чарговы раз прыпаркаваўся экіпаж ва ўніформах, я правёў апытанне гэтых службоўцаў, запісаў меркаванне старшага па чыну на дыктафон і пачаў дзейнічаць. У архіве падняў адносна нядаўнюю Пастанову Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь, якая абавязвала Дзяржаўтаінспекцыю больш строга ставіцца да браку ў абуладкаванні дарожнага палатна, і накіраваў мой выпадак у органы пракуратуры з адпаведнымі каментарамі ды ілюстратыўнымі медыяфайламі. Прайшоў усю лесвіцу. Праз год, увосень 2017 года, унёс у Кнігу Скаргаў апошні адказ, апрацаваў у частцы каментароў і ў стылі і падрыхтаваў да выдання. Доктар Бастрыкаў даў згоду, каб ягоны выпадак фігураваў у Кнізе не ананімна – “на карысць дыскрымінаваным веласіпедыстам”. Што цалкам апавядае духу гэтай кнігі.
“Кніга Скаргаў у пракуратуру на Дзяржаўтаінспекцыю” мае каля паўтараста старонак, больш за сто фатаграфій з Брэста (Беларусь), Варшавы, Граца, Вены, Амстэрдама, Берліна, Парыжа, утрымлівае багата выпадкаў брэсцкага велажыцця.
“Кніга…” мае выйсці як народны праект, шляхам збору сродкаў. Ці меркаваная пляцоўка будзе “talaka.by”, або іншая – вырашыць выдавецтва. А пакуль адваротная сувязь праз рэдакцыю або асабіста. Рана ці позна, але мы даб’емся, каб язда на веласіпедзе не ператваралася ў нагоду для здзеку і дыскрымінацыі.
Фота аўтара і з архіва доктара Бастрыкава.
Ответить