22.02.2018
Гэтым разам у рамках праекта “Чытаем па-беларуску з VELCOM” школьнікі 7-8 класаў спаборнічалі ў дэкламацыі беларускіх вершаў. У рэгіянальны паўфінал, які адбыўся 22 лютага ў Брэсце, журы адабрала 30 удзельнікаў з 280 відэазаявак. Вочна выявілі ў актавым зале школы №30 пецярых пераможцаў, якія атрымалі смартфоны і паедуць на краінавы фінал у сталіцу.
Спабор як відовішча
Журы склалі прадстаўнікі мабільнага аператара VELCOM, гандбольнага клуба імя Мяшкова (яшчэ адзін спонсар праекту), прадстаўніца райаддзела адукацыі і пісьменніца Раіса Баравікова. Ацэньваліся дзьве опцыі, па 10 балаў кожная: вымова\адпаведнасць кананічнаму тэксту і артыстычнасць. Акрамя таго, удзельнікам трэба было ўкласціся ў дзве хвіліны. Хто перабіраў часу, “усыхаў” у балах.
Было шмат крэатыву. У выкананні баранавіцкіх гімназістаў пабачылі ўрывак з “Пінскай шляхты”, была раскладзеная на ролі і прачытаная дзяўчынай і хлопцам як вершаванае прызнанне ў каханні “Зорка Венера” Багдановіча. Артыстычна і ў адпаведным касцюме прачытаў урывак з “Новай зямлі” Якуба Коласа брэсцкі хлапчына з нашанскім прозвішчам Каляда. Адна з удзельніц выйшла на сцэну з лялькай-немаўлём на руках. Чытала, як помніцца, верш пра сына, трымалася ўпэўнена, але няйначай пералякала настаўніцкую частку журы. Тонкі, настроевы маналог Паўлінкі з мястэчка Малеч, даважаны густоўным сцэнічным касцюмам, лёгка пацягнуў на смарфон.
Несцерка
Паўлінка
Група падрымкі
“Выйгралі мы ўсе! – запэўніла “таксама з Берасцейшчыны” Раіса Баравікова і падзякавала за свята роднай літаратуры і мовы найперш мабільнаму аператару velcom, а таксама ўдзельнікам, гледачам і асобна ды асабліва гаспадарам будынка.
А яны не спудлавалі. Выступы ўдзельнікаў конкурсу перамяжаліся песнямі і танцамі. Густоўна-стрымана і суладна сыгралі на народных інструментах з падтрымкай раяля настаўніцы. Асабліва сімпатычна выглядала “Полька беларуская” на развітанне, у выкананні дзявочага танц-гурта “Флэш”.
У травені ў Мінск паедуць Аляксандра Коцелева (сярэдняя школа №37 г. Брэста), Аляксандр Каляда (сярэдняя школа №24 г. Брэста), Крысціна Сліпчэнка (Малецкі вучэбна-педагагічны комплекс яслі-сад — сярэдняя школа), Ангеліна Мішпількіна (Высокаўская сярэдняя школа) і Елізавета Шчэрбацэвіч (гімназія г. Кобрына).
Пераможцы рэгіянальнага паўфіналу
Кіраўнік групы па карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці кампаніі velcom Віктар Пазнякоў сказаў: “Раней мы ладзілі гэты праект з малодшымі школьнікамі ў форме ўрока беларускай мовы. Цяпер памянялі фармат. Агулам нам з усёй краіны даслалі з верасня мінулага года 2048 відэаролікаў. З іх мы адабралі па 30 лепшых у кожнай вобласці і ў сталіцы. У Брэсце гэта другі фінал, пасля Мінска”.
Мне як адмыслоўцу па падзямеллях было цікава даведацца, што ў праекта ёсць, як мінімум, яшчэ два паверхі ўглыбкі. Віктар Пазнякоў: “Удзельнікі не толькі нас парадавалі сваімі відэа. Выкладвалі іх у сацыяльныя сеткі – там больш за 700 тысяч праглядаў. Акрамя таго, мы ў падтрымку гэтага школьнага праекта зладзілі дэкламацыю беларускіх вершаў дыпламатамі. Ёсць на сайце velcom. Апошнім чытаў ізраільскі пасол – Купалаву “Спадчыну” па-беларуску і ў перакладзе на іўрыт”.
Прыемна даведацца акурат пра гэты верш. Бо маю ў актыве апублікаваны яго пераклад на нямецкую мову. Прадстаўнікі velcom, лічыце за тонкую падказку!
Беларусы як немцы
Пасярод усяго гэтага свята засталося зарыентавацца ў яго аб’ёме і месцы.
Няцяжка было заўважыць, што прысутным прыемна калупацца на хай сабе нявіднай, невысокай, але ўсё-такі сваёй беларускай горачцы. Ды ацвярожвальна прагучала нязмушаная рэакцыя адной з настаўніц на выніковы выступ прадстаўніцы velcom: “Во шпрэхае!” Не чакала тая, што маладзіца гарадскога выгляду ды па-беларуску прычэша.
“ВО ШПРЭХАЕ!!!” – вось да чаго мы дакаціліся з палітыкаваннем на радзіме беларускай мовы. Беларусы як немцы на сваёй зямлі. А немцы – найменне даволі пагардлівае, калі задумацца. Маўчуны. Гэта калі мову займае. Пра што Багушэвіч папярэджваў.
Дык спытайма самі сябе: мы што, 21 лютага, толькі што прамінулы Міжнародны дзень роднай мовы, намерыліся ператварыць у такое сабе падабенства сацыялістычнага свята 8 Сакавіка? У гэты дзень жанчынам усе правы – і сесці, і выпіць, і з’есці? І нават “я сёння талеркі памыю”? А потым дулю з макам?
Сфармуляваўшы жорстка, але дакладна, не падманваючы дзяцей-школьнікаў: што пераможа – мяккая беларусізацыя ад velcom, з жэстамі спрыяння з боку дзяржавы, ці жорсткая русіфікацыя з боку гэтай апошняй?
Бо фактычна ўсё справаводства ў Беларусі не па-беларуску. У банку, за свае грошы, у дзяржаўных органах мову здабыць можна ці не цераз суд. Заканадаўства, за выняткам лічаных законаў, толькі па-расейску (рускай мовай, нагадаю як філолаг, напісаныя Скарынава Біблія і Статут Вялікага Княства Літоўскага; з сённяшняга гледзішча гэта старабеларуская мова).
Конкурс “Чытаем па-беларуску з velcom” падтрымалі – гэта няблага. Гэта добра. Ды лепш, больш шчыра і справядліва было б адкрыць у кожным раёне беларускую гімназію, а ў краіне нацыянальны беларускі ўніверсітэт. Калі ўжо так праглі двухмоўя і роўнасці моў, то дапраўды, выраўняйце. Каб перад дзецьмі хаця б сорамна не было, калі не сорамна перад усім светам.
Яўген Бяласін, Брэст, 23.02.2018
Фота аўтара
Ответить